21 мая Петрыкаўшчыну наведаў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Дворнік. Уладзімір Андрэевіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях.

У размове  прыйшлі да згоды
З пытаннем асфальтавання вуліцы Карла Лібкнехта ў Петрыкаве звярнуліся яе жыхары. Уладзімір Андрэевіч даручыў мясцовай уладзе выканаць гэта пажаданне. Як вядома, у горадзе ідзе маштабнае добраўпарадкаванне і будзе мэтазгодным пакласці асфальтавае пакрыццё на гэтай вуліцы, тым больш, што яна прылягае да цэнтральных праезных вуліц.
Жыхары вуліцы Камунальнай прыйшлі з просьбай газіфікаваць шматкватэрныя дамы. Справа гэта нятанная: трэба ствараць “газавы кааператыў”, рабіць праектна-каштарысную дакументацыю, аплочваць будаўніча-мантажныя работы, закупляць абсталяванне.
Улічваючы тое, што ў краіне будуецца  АЭС, Уладзімір Андрэевіч прапанаваў электрыфікаваць дамы: падвесці магутныя сілавыя кабелі і ацяпляцца з дапамогай радыятараў.
– Так цяпер жыве ўся Еўропа, – адзначыў Уладзімір Андрэевіч.
Да таго, за работы па электрыфікацыі жыхарам плаціць не давядзецца. Такім чынам і прыйшлі да згоды заяўнікі.
Прадстаўнік раённай “пярвічкі” ветэранаў спорту Аляксей Каюкала завітаў на прыём з прапановай перанесці помнік правадыру пралетарыята ў гарадскі парк.
Уладзімір Андрэевіч паведаміў, што будаўнічыя работы па добраўпарадкаванні гарадской плошчы ідуць да завяршэння і помнік упрыгожыць яе. Дарэчы, помнік Уладзіміру Леніну адрэстаўрыруюць.
– Гэта сімвал нашага мінулага, цэлай эпохі, таму помнік застанецца на тым жа месцы, – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.
Што датычыць гарадскога парка, то там дастаткова помнікаў і нагрувашчваць імі месца грамадскага адпачынку не варта. Цяпер жа плошча будзе пешаходнай і, як і ранней, застанецца месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў і гулянняў.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о