Сёлетняя вакцынацыя ад сезоннага грыпу павінна прайсці ў кароткія тэрміны – верасень-кастрычнік. Такая задача была пастаўлена перад санітарнымі і медыцынскімі ўстановамі краіны ў сувязі з прыходам новай хвалі каранавіруса. Навукоўцамі даказана, што наяўнасць праслойкі правакцынаванага насельніцтва ў 40% дазволіць папярэдзіць лавінападобнае распаўсюджванне віруса грыпу.
Пра ход прышчэпачнай кампаніі і сённяшнюю сітуацыю з каранавірусам расказаў галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей ТАЛЕЦКІ.

У раёне працягваецца прышчэпачная  кампанія ад грыпу

– Па апошніх дадзеных у раёне прышчэплена ад грыпу больш за 5,5 тысячы чалавек. Ці далёка яшчэ да прагнознага паказчыка ў 40%?
– Зыходзячы з рэкамендацый, прышчэпленымі павінны быць 10400 жыхароў раёна. Менавіта такая колькасць доз вакцыны ёсць у наяўнасці. За сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў будуць прышчэплены 8350 чалавек з групы рызыкі: дзеці, пажылыя людзі, медыцынскія работнікі і іншыя жыхары раёна. За сродкі прадпрыемстваў і арганізацый мяркуецца правакцынаваць каля 2 тысяч працуючых.
Вакцына, якая прымяняецца сёлета, даказала сваю эфектыўнасць. У яе састаў уваходзяць штамы вірусаў, якія цыркулююць у цяперашні час. Зробленая на ранняй стадыі прышчэпка дае пэўныя гарантыі, што чалавек не захварэе на сезонны грып увогуле, ці калі захворванне ўсё ж здарыцца, то будзе працякаць у адносна лёгкай форме. Бо не так страшны грып, як яго наступствы.
Тэрміны сёлетняй вакцынацыі скарочаныя па прычыне асцярогі, што эпідпад’ём захворвання грыпам і каранавірусам напластуюцца. Мікст-інфекцыя тады будзе мець больш цяжкія наступствы для чалавека. Паколькі мы гаворым пра папуляцыйны імунітэт, то вакцына ад грыпу дазволіць мінімізаваць рызыку і наступствы для кожнага асобнага чалавека і грамадства ў цэлым.

У раёне працягваецца прышчэпачная  кампанія ад грыпу
– Прышчэпачныя брыгады, створаныя пры ЦРБ, цяпер выязджаюць на прадпрыемствы для правядзення вакцынацыі. Наколькі гэты працэс арганізаваны?
– Дзякуючы правільнай тлумачальнай рабоце, якая праводзіцца медыцынскімі работнікамі, вашай газетай і адміністрацыяй прадпрыемстваў, колькасць жадаючых зрабіць прышчэпкі штогод расце. Па апошніх дадзеных на канец мінулага тыдня на прадпрыемствах прышчэплены 1300 чалавек. Ёсць шэраг арганізацый, якія пакуль не далі калектыўныя заяўкі на вакцынацыю. І з імі мы працягваем працаваць. Асаблівая ўвага – вялікім прад-прыемствам, таму што значная колькасць працуючых масава кантактуе, а ва ўмовах распаўсюджвання віруса гэта можа абярнуцца вялікімі вытворчымі стратамі.
Актыўна з году ў год праводзіцца прышчэпачная кампанія ў лясгасе, камунгасе, нацыянальным парку “Прыпяцкі”.
– Цяпер адзначаецца ў цэлым па краіне пад’ём захваральнасці каранавіруснай інфекцыяй. Аднак у адносна спакойныя ліпень, жнівень і верасень мы забылі пра элементарныя правілы бяспекі, якія давялося вывучыць вясною.
– Так, нам усім трэба тэрмінова звярнуць увагу на прафілактыку, сацыяльнае дыстанцыяванне. Каранавірус – хвароба цеснага кантакту і перадаецца пры зносінах з хворым ці бессімптомным носьбітам віруса. Нагадаю, што карана-вірус асабліва небяспечны для людзей з залішняй вагой, захворваннямі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, цукровым дыябетам. Сярод гэтых катэгорый здараюцца больш цяжкія формы працякання захворвання на кавід, амаль да лятальных зыходаў. Таму памятаць пра сродкі асабістай абароны абавязкова – маскі, дэзынфікуючыя сродкі, а таксама сацыяльнае дыстанцыяванне. Мы павінны дапамагчы сваім родным і блізкім, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, выканаць правілы сацыяльнага дыстанцыявання, будзем несці ўласную адказнасць за іх бяспеку. Каб не наступіў такі момант, калі рэзервы медыцынскіх устаноў не змогуць справіцца з колькасцю захварэлых. Тым больш, што медыкі таксама не застрахаваныя ад захворвання. Кожны з нас павінен памятаць пра гэта і несці зноў жа персанальную адказнасць за свае дзеянні.
Першая хваля каранавіруса навучыла нас многаму: сацыяльная дыстанцыя ў 1,5 метра і правільнае выкарыстанне маскі – дзейсныя сродкі прафілактыкі. Прычым маска эфектыўная ў першую чаргу ад перадачы інфекцыі, калі яна надзетая на носьбіта віруса, не дазволіць яму стаць нявольным пераносчыкам хваробы. Згадзіцеся, сёння ні адзін з нас не можа з упэўненасцю сказаць, што у яго арганізме няма віруса. Пакуль, зразумела, не зробіць аналіз. Гэту паслугу можа атрымаць кожны ў нашай ЦРБ і па колькасці антыцелаў будзе вызначаны статус чалавека.
– Узровень захваральнасці на каранавірус у нашым раёне вы-клікае занепакоенасць?
– Занепакоенасць у медыкаў выклікае любы ўзровень захваральнасці. Магу сказаць, што цяпер ён дасягнуў паказчыкаў мая месяца. Гэтаму садзейнічае і тэмпературны рэжым надвор’я. Восень – перыяд пад’ёму ўсіх рэспіраторных захворванняў віруснымі інфекцыямі. Яны наслойваюцца адна на адну, маскіруюцца адна пад другую.
Не варта расслабляцца нават тым, хто ўжо хварэў на каранавірус. У раёне выяўлены выпадак паўторнага захворвання на кавід. Скажу таксама, што ўзровень захваральнасці ў адносных лічбах у нашым раёне – у межах сярэднеабласных паказчыкаў. Магчыма на гэта ўздзейнічае і невялікая шчыльнасць насельніцтва, мы мала карыстаемся грамадскім транспартам. Вясенні перыяд каранавіруса нас многаму навучыў. Мы больш падрыхтаваныя, забяспечаны сродкамі абароны, цяпер строга абмяжоўваюцца зносіны з захварэлымі і кантактамі першага ўзроўню. Гэта таксама дае свае “плюсы”. Значна ўзрасла колькасць тэставанага насельніцтва, гэты фактар павышае статыстычныя дадзеныя.
Мы чакалі лета, спадзяючыся, што спякота знішчыць вірус. Гэтага не адбылося. Не будзем цяпер спадзявацца на прыродныя сілы – на маразы. Будзем памятаць, што з мацерыковага Кітаю каранавірус прыйшоў да нас менавіта ў снежні. Значыць, маразы яму не страшныя. Зробім максімум таго, што залежыць ад нас.
– Дзякуй, Сяргей Яўгенавіч, за тлумачэнні і за напамін пра аса-бістую адказнасць за стрымліванне распаўсюджвання інфекцый – і грыпу, і каранавіруса.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА і БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о