Па выніках мінулага года аператар машыннага даення Грэта Маргаран была прызнана лепшай па прафесіі. Яе фотаздымак у хуткім часе з’явіцца на раённай Дошцы гонару.
Грэта Аршанаўна – унікальны чалавек. Армянка па паходжанні і выхаванні, яна ўсім сэрцам палюбіла нашу краіну. Народжаная і пасталеўшая ў горадзе, стала працаўніцай вёскі і атрымлівае асалоду ад прастору нашых палеткаў і шэпту лесу. Паставіўшы на ногі васьмёра дзяцей, дасюль не стамілася быць у пастаянным руху і працы.

У працавітасці няма нацыянальнасці
У Беларусь вялікая сям’я Маргаран прыехала ў 1998 годзе. Родны горад Абавян давялося пакінуць. Яшчэ ў час жахлівага землятрусу ў Арменіі ў снежні 1988 года іх сям’я страціла ўласнае жыллё – двухпакаёвую кватэру. Палітычныя калізіі таго часу не давалі сям’і стаць на ногі. Ні працы, ні заробкаў, ні сацыяльнай стабільнасці не было. А дзеці былі, і хацелася ім даць надзейнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні.
Выбар дапамог зрабіць выпадак. Сын Каро патрапіў у Беларусь на экскурсію. У адным з храмаў пазнаёміўся з дзяўчынай. У хуткім часе яна стала яго жонкай, а ён – жыхаром Беларусі. Парада Каро і маладой нявесткі ехаць у нашу краіну і стала вырашальнай. У Арменіі іх мала што трымала. Праўда, пакінулі там маці мужа і сына Геворка.

Спачатку шукалі сваё месца ў Гомелі, затым – у Добрушскім раёне. Потым паехалі на Петрыкаўшчыну, у вёску Слабада. Тут ім прапанавалі жыллё і месца ў калгасе, дзе і давялося жанчыне пазнаёміцца з працай даяркі. Пакуль не паклікалі ў Грабаў. На той час абавязкі кіраўніка тутэйшага сельгаспрадпрыемства выконвала Вольга Голас. Яна і прывезла сям’ю сюды, прапанаваўшы добры дом і працаўладкаванне. Навучыла, як адказваць нядобразычліўцам. Аднойчы і назаўсёды спыніла нядобрыя гутаркі пра сям’ю Маргаран: “Каб там было добра, яны б да нас не прыехалі”.
У хуткім часе захварэла свякруха і муж Грыгорый паехаў да маці. Больш з ім сустрэцца не давялося – недарэчна загінуў пад коламі аўтамабіля. У 45 гадоў Грэта Аршанаўна засталася ўдавою на чужыне. Ад гора і нястачы ратавала праца і дзеці. Старэйшая дачка Алена на той час працавала таксама ў гаспадарцы асемянатарам, яшчэ пяцёра малодшых сыноў былі памочнікамі, падтрымкай і стымулам не складаць рукі, бо трэба было іх падымаць, вучыць, жаніць.

– Алена цяпер паехала да сваіх сыноў у Мінск, – пачала расказ Грэта Аршанаўна пра самае важнае – дзяцей. – Каро, які і паклікаў нас у Беларусь, жыве ў Гомелі. Гурген і Аванэз засталіся ў Грабаве. Далей усе халастыя. Васіль працуе правадніком на чыгунцы, хаця мае адукацыю заатэхніка. Гарык – у Мазыры токарам. А Айк жыве ў Добрушы і працуе галоўным заатэхнікам у адной з гаспадарак. Паступае цяпер вучыцца ў Акадэмію пры Прэзідэнце. Усім дзецям я дала адукацыю, усіх навучыла сумленна працаваць.
Прыняўшы беларускую зямлю як новую радзіму, жанчына паціху звыкалася з менталітэтам яе народа, звычаямі і ўкладамі. Шчыра вучыла сыноў таму лепшаму, што дала ёй яе родная абавянская зямля: паважаць жанчыну, быць кармільцам і абаронцам, працаваць і не марнаваць часу на забавы і распуснасць.
Таму сёння з гонарам гаворыць, што сыны – прадаўжэнне іх бацькі, такія ж адказныя, клапатлівыя і надзейныя. Вялікі партрэт бацькі вісіць у галоўным пакоі дома, яго тут памятаюць, паважаюць, працягваюць лічыць гаспадаром.
– Нават узгадваць не хачу як на той час давялося жыць у Арменіі, – жанчына супастаўляе тое жыццё і сённяшняе. – Працы не было, выпадковыя заробкі. Некалі, да землятрусу, працавала на заводзе электрапрыбораў, зарабляла нядрэнна. А потым толькі выпадковыя заробкі. У традыцыйных армянскіх сем’ях было не прынята, каб жанчына працавала. Яна павінна займацца домам, дзецьмі і мужам. Быў той час, калі пра традыцыі давялося забыць. Шукалі, каб хоць капейчыну зарабіць. Цяпер, калі туды прыязджаю да сына, не шчыміць сэрца. Мне добра ў Беларусі. Тут мой дом, праца, якая дае стабільны і надзейны заробак, толькі працуй.

Давялося і тут жанчыне прайсці праз цяжкасці і нястачы. Былі праблемы з атрыманнем віда на жыхарства, дапамаглі мясцовы дэпутат на той час Таццяна Дзечка і супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі. Сям’я атрымала дапамогу на дзяцей, прапанавалі ім у сацыяльнай службе і рэчавую дапамогу. З павагай і ўдзячнасцю расказвае жанчына пра кожнага з кіраўнікоў гаспадаркі. На іх у яе асаблівы погляд, армянскі, які адрозніваецца ад звыклага нам.

– Кіраўніку трэба дапамагаць, паважаць яго, ён дае мне працу, – акрэслівае свае думкі Грэта Аршанаўна. – Некалі ў Слабадзе мяне застаў тагачасны дырэктар Іван Мяшкоў, калі выносіла з фермы некалькі літраў малака. Не пакараў, а загадаў напісаць заяву на малако ў разлік зарплаты і даў у растэрміноўку карову. Дзмітрый Ждан, ужо ў Грабаве, калі папрасіла, выдаў матэрыяльную дапамогу на набыццё веласіпеда, бо да фермы далёка дабірацца. І Людміла Гарошка дапамагае. Малако, мяса можна браць у залік зарплаты колькі трэба, гною на агарод гаспадарка прывязе, трактарам апрацуюць поле. Я надзейны работнік. Ніколі не падвяла, наадварот, калі трэба, то заўсёды падмяню, адпрацую за сябе і іншых. За тое мяне таксама паважаюць. А не любяць, што гавару ўсё прама ў вочы, не за спінаю. І ад іншых гэтага патрабую. У нас, армян, так прынята – глядзець чалавеку ў вочы.

Грэта Аршанаўна не так даўно адзначыла свой 65-гадовы юбілей. Але працаваць працягвае. Кажа, што без працы не можа. Ёй патрэбна рухацца, займацца справай, так лягчэй жыць. Ды і яшчэ адна акалічнасць ёсць. Атрымаць даведку пра стаж працы ў Арменіі так і не атрымалася. Таму працоўнага стажу для годнай пенсіі не хапае. А жыць на сацыяльную жанчына не згодная. Ды і навошта, калі сіл і жадання працаваць хапае. Калі трэба, дзеці дапамагаюць. Сын Васіль пасля рэйсаў едзе да яе, ён тут гаспадар, памочнік і на працы, і ў дамашніх справах.
У КСУПе Грэце Маргаран даверылі самы адказны ўчастак. Яна працуе на групе раздою цялушак. І нікому не згаджаецца аддаваць сваіх падапечных, хвалюецца, што не дагледзяць як след. Яе гадаванцы – яе фінансавая стабільнасць. Ёсць малако – ёсць грошы. Згаджаецца, што праца даяркі цяжкая. Але запэўнівае, што калі ў яе ўзросце можна справіцца, то што казаць пра маладзейшых.
Няўрымслівая жанчына плануе распачаць у хуткім часе і рамонт у доме. Дарма, што ён не прыватызаваны. Але ж не чакае, што гаспадарка-ўласнік будзе ўкладваць сюды грошы. Сама памяняла ацяпляльны кацёл, паціху купляе плітку ды іншыя матэрыялы для аднаўлення.
– Не патрэбны мне ніякія ўзнагароды і гонар, – жанчына ловіць мой позірк на грамаце, што стаіць на ганаровым месцы. Яе атрымала летась ад раённых прафсаюзаў. – Галоўнае, каб было што на стол паставіць – і дзецям, і гасцям. Бо традыцыя гасціннасці ў нашым доме – армянская. Нам столькі часу давялося жыць у беднасці, што цяпер мы з дзецьмі ведаем кошт кожнай капейцы і якімі сіламі яна даецца. Цяпер дзеці ўсе дарослыя, на сваім хлебе, выхоўваюць сваіх дзяцей. Дарэчы, хутка ў мяне з’явіцца сямнаццаты ўнук. Тут, у Беларусі, мае дзеці і ўнукі, у Грабаве мой дом і праца. Я нікуды адсюль не паеду. Тут я ўжо мясцовая, беларуская армянка.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о