Юрый Лімараў адзначаны як лепшы трактарыст-машыніст, які атрымаў 12511,64 гектара гадавой выпрацоўкі ў эталонных гектарах, дасягнуў найлепшых паказчыкаў у рабоце па сяўбе кукурузы, па сяўбе яравых і азімых культур. Яму прысвоена званне “Лепшы па прафесіі-2021” з занясеннем на раённую Дошку гонару.

У прафесію прыйшоў  па шляху бацькі

З Юрыем Пятровічам карэспандэнт газеты сустрэўся на мехдвары УП “Палессе-Аграінвест”, дзе ідзе апошняя падрыхтоўкаі да веснавых палявых работ.
Будучы трактарыст-машыніст жыў і вучыўся ў Беланавічах. З дзяцінства назіраў, як працуюць бацькі – простыя сельскія працаўнікі. І прафесію абраў, звязаную з сельскай гаспадаркай. Пасля заканчэння школы паступіў у Калінкавіцкае ПТВ-184 па спецыяльнасці механізатар.
– Бацька працаваў трактарыстам. Я з дзяцінства цягнуўся да тэхнікі, а бацька часта браў з сабой, – тлумачыць выбар сваёй прафесіі суразмоўца. – Пасля вучобы – служба ў войску, а потым працаваў у ПМК-110 у Петрыкаве каля дзевяці гадоў. Ну, а потым перайшоў працаваць сюды, у “Палессе-Аграінвест”.
Юрый Лімараў ужо каля пятнаццаці гадоў добрасумленна працуе за абаранкам трактара. Зараз, напярэдадні пасяўных работ, займаецца рамонтам і тэхабслугоўваннем свайго “жалезнага каня”, каб увесну, калі пачнецца сезон, тэхніка была на хаду.
Пра свае дасягненні Юрый Пятровіч расказвае сціпла, не любіць гучных слоў – відаць, што хваліцца не прывык. А яго, як перадавіка вытворчасці, дарэчы, узнагароджваюць па трох паказчыках. І адказнасць, з якой трактарыст-машыніст падыходзіць да сваёй працы, бачна няўзброеным вокам. Па-іншаму ставіцца да працы мой суразмоўца і не можа.
– Зараз у майстэрнях працягваецца рамонт – рыхтуюць да палявых работ тэхніку, – працягвае гутарку Юры Пятровіч. – Ну, а потым пачынаецца “гарачая” пара. На кукурузу вясной – з 5-6 гадзін раніцы і да 9-10 вечара без выхадных. Працоўныя будні з раніцы да ночы. Чым хутчэй адсеемся, тым лепш ураджай, самі разумееце. Тэрміны сціснутыя, аб’ёмы вялікія. Даводзіцца працаваць, старацца. Галоўнае, каб тэхніка не падвяла ў адказны момант.
Юрый Лімараў з жонкай выхоўвае дваіх дзяцей:
– Дачка вучыцца ў БНТУ на факультэце горнай справы і інжынернай экалогіі. Можа сюды вернецца, у Петрыкаў, а можа, у Светлагорску будзе працаваць. Сын вучыцца ў 11 класе. На выбар будучай прафесіі ніхто не цісне – самастойна выбірае. На трактарыста ісці не жадае, магчыма будзе вучыцца на вадзіцеля.
Дзеці выбралі свой шлях. Але Юрый Пятровіч з жонкай упэўнены, што выхавалі ў іх любоў да працы, і яны кожны на сваім месцы будуць годнымі людзьмі і добрымі працаўнікамі.

Маргарыта Каратунова,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о