15 лютага на базе сярэдняй школы № 2 каманды школьнікаў змагаліся за выхад у фінал раённага конкурсу КВЗ. Журы ацэньвалі выступленне каманд гарадскіх і сельскіх школ у намінацыі “Візітка”. Вучні дэманстравалі пачуццё гумару, артыстызм, уменне трымацца на сцэне. З 14 у фінал выйшлі 6 каманд – гэта зборныя гімназіі, сярэдняй школы № 2, Смятаніцкай, Курыціцкай, Ляскавіцкай сярэдніх школ, Галубіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

У Петрыкаве прайшоў першы этап раённага конкурсу КВЗ сярод школьных каманд
Пасля конкурсу мы прапанавалі суддзям падзяліцца сваімі ўражаннямі ад выступленняў школьнікаў, а таксама расказаць, як удасканаліць сваю гульню.
– КВЗ – гэта не агітбрыгада, – пачала педагог дадатковай адукацыі Ірына Рамашэўская. – На жаль, некаторыя каманды, магчыма, пра гэта не ведалі. Такіх фраз як “Наш дывіз – …” не павінна быць.

Каманда на сцэне – гэта не толькі аднолькавы стыль у вопратцы і прычосках, але і ўсмешка. Нельга жартаваць з каменным тварам.

Плагіят. Ну куды ж без яго?! Вось толькі хтосьці зрабіў гэта акуратна, не браў вядомыя мініяцюры цалкам, а перабудаваў пад сябе некаторыя моманты, уклаўшы ўвесь свой патэнцыял і ўнікальнасць. А хтосьці паспадзяваўся на вядомы матэрыял вышэйшай лігі і нават не прыклаў ніякіх намаганняў, каб годна гэта паказаць.
Кожны год ігракі наступаюць на адны і тыя ж граблі – работа з мікрафонам. Былі даволі моцныя каманды, але не змаглі выступіць на ўзроўні, бо абсалютна не ведалі, што рабіць з мікрафонам.

Вельмі парадавала Смятаніцкая сярэдняя школа. Відаць, што дзеці атрымлівалі задавальненне ад таго, што робяць. Паказалі сапраўдны КВЗ. Калі не здадуць пазіцыі, могуць пазмагацца за першае месца ў фінале. Сярэдняя школа № 2 горада Петрыкава ў гэтым годзе зайграла. Гімназісты? Ну што сказаць, выдатна!
Курыціцкія ігракі – з кожным годам усё лепш. Галоўнае, не спыняцца на дасягнутым і ў фінале паказаць добрую гульню. Нядрэнна выступілі вучні Ляскавіцкай школы, але трэба больш рэпетыраваць. Асобны дзякуй педагогам. Яны адказна падыйшлі да сваёй працы – гэта адчувалася. І іх каманды паказалі добры ўзровень падрыхтоўкі.

Таксама Ірына Русланаўна нагадала пра правілы, якія варта памятаць усім удзельнікам КВЗ:
– Мікрафон – гэта твой працяг. Сцэна – толькі цэнтр. Жарты па ўзросце – дзеці не павінны жартаваць на дарослыя тэмы. Не ўмееш спяваць – не бярыся. Паказваем КВЗ і не блытаем яго з агітбрыгадай. Больш жартаў. І больш рэпетыцый для таго, каб ігракі сталі камандай.
Тым, хто выйшаў у фінал, трэба працаваць і працаваць!
Фінал конкурсу адбудзецца ў красавіку на сцэне Петрыкаўскага Дома культуры. У наступны раз журы будзе ацэньваць нумары ў намінацыях “Відэаконкурс” і “Дамашняе заданне”. Прыходзьце, будзе весела!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о