У школьнікаў цяпер самая любімая і бестурботная пара. Клічуць гульні і забавы, цікавыя заняткі і справы, свежае паветра, адпачынак у асяроддзі сяброў. Для дваццаці падлеткаў падарылася магчымасць правесці дзесяць дзён у турыстычным лагеры палатачнага тыпу, арганізаваным ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі”. Работа лагера прадугледжвае арганізацыю аздараўленча-пазнавальнай і экскурсійнай дзейнасці сродкамі турызму па мясцінах малой радзімы, знаёмства школьнікаў з гісторыяй, культурай і прыродай Петрыкаўшчыны.

У пахода ёсць пачатак...

Акрамя гэтага, дзяцей чакае мноства цікавых заняткаў: гульні, майстар-класы, аздараўленчае купанне на пляжы санаторыя ДРАЦ “Пціч”, сустрэчы каля вогнішча.
Асноўная пляцоўка палатачнага лагера размясцілася на тэрыторыі ДУА “Чалюшчавіцкая сярэдняя школа”. Турыстычная стаянка абсталявана чатырох- і трохмеснымі палаткамі і ўладкавана турыстычнымі клімкамі, спальнымі мяшкамі.
Для вучняў прадугледжана паўнавартаснае пяціразовае харчаванне з разнастайнасцю страў, прыгатаваных у школьнай сталовай.
Па бадзёрым духу і прыўзнятым настроі хлопчыкаў і дзяўчынак можна меркаваць: адпачынак пад адкрытым небам ім па душы. Тут ёсць месца калектывізму, навучанні самастойнасці не на словах, а на справах. Прываблівае ўдзельнікаў і інтарэс, захопленасць агульнай задумай, азарт у вырашэнні паўсядзённых праблем. Побач – ні прыбіральшчыц, ні дарадчыкаў, ні занадта клапатлівых бацькоў. Уся “гаспадарка“ трымаецца на ўласных руках. Праграма лагера прадугледжвае шматлікія накірункі дзейнасці: ад распальвання вогнішча да арганізацыі вечароў адпачынку.
Па водгуках саміх удзельнікаў, асабліва цікавымі і запамінальнымі сталі экскурсія-велапрабег “Пазнавай Радзіму – выхоўвай сябе” на гару Каўпак, вогнішча сяброўства “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, вечар сустрэч “Запалі сваю зорку”.
Можна з упэўненасцю сказаць, што адпачынак пакіне ў памяці толькі самыя яркія ўспаміны, а ў душы – станоўчыя эмоцыі.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о