Яшчэ летась петрыкаўчане маглі паскардзіцца на якасць дарожнага пакрыцця, шматлікія яміны ды калдобіны. З пачатку вясны 2019 года і да сярэдзіны лета аўтааматары адчувалі нязручнасці ў яздзе, бо горад перайшоў у рэжым маштабнай рэканструкцыі. Затое цяпер можна смела катацца па Петрыкаве на любым аўтамабіле, нават на спартыўных марках. Дачакаліся.

Сапраўды, нашы “мастакі” дарог сваёй цяжкай працай стварылі для нас сапраўднае эстэтычнае і душэўнае задавальненне ад кіравання транспартам. Сёння гойсаюць не толькі аўтамабілісты, але і матацыклісты, веласіпедысты. Нават страшна парой ад таго, з якім рэактыўным гукам праносяцца па вуліцах кіроўцы. І ўсё ж нізкі паклон дарожнікам за вынік. У спякоце, дыхаючы гарачым асфальтам, людзі гэтай прафесіі стваралі для ўсіх нас камфорт. І гэта атрымалася ўдала.

Прыемна адзначыць, што большасць будаўнічых дарожных работ было выканана сёлета нашым філіялам Петрыкаўскага ДРБУ-112 КВРБУП “Гомельаблдарбуд”, на балансе якога, дарэчы, знаходзіцца амаль 617 кіламетраў дарог, 38 мастоў, дзве паромныя пераправы, 84 аўтобусныя павільёны і каля 4 тысяч штук дарожных знакаў.

Сёння ў філіяле заняты 81 чалавек. Сярэдняя заработная плата за 9 месяцаў склала 1080 рублёў.

У НЯДЗЕЛЮ, 27 КАСТРЫЧНІКА, СВАЁ ПРАФЕСІЙНАЕ СВЯТА АДЗНАЧАЮЦЬ АЎТАМАБІЛІСТЫ І ДАРОЖНІКІ

 

– Наша прадпрыемства складаецца з сучаснага аўтатрактарнага парку, абсталяваных майстэрняў, асфальтабетоннага заводу і вытворчай лабараторыі, дзе здзяйсняецца кантроль за якасцю будаўнічых і рамонтных работ, – адзначыў дырэктар філіяла Іван Века (на фота). – Але перш за ўсё поспех залежыць ад калектыва, які назапасіў вялікі вопыт і даказаў сваю здольнасць паспяхова выконваць пастаўленыя задачы для дасягнення лепшых вынікаў. Стабільнасць прадпрыемства напрамую залежыць ад захавання працоўных дынастый і ўзнікнення новых. Такія работнікі імкнуцца “не сапсаваць марку” прозвішча. Адсюль – працаздольнасць, адказнасць, стараннасць і добрасумленнасць.

Прыемна, што да прафесійнага свята граматы нашага абласнога прадпрыемства атрымаюць вытворца работ Аляксей Прымак і асфальтабетоншчык Мікалай Стрэльнікаў.

У НЯДЗЕЛЮ, 27 КАСТРЫЧНІКА, СВАЁ ПРАФЕСІЙНАЕ СВЯТА АДЗНАЧАЮЦЬ АЎТАМАБІЛІСТЫ І ДАРОЖНІКІ

 – Так, нашы людзі ўмеюць працаваць на вынік, – далучыўся да гутаркі галоўны інжынер Мікалай Мажар (на фота). – Сёлета нам даручана было рэканструяваць вуліцы Першамайская, Гогаля, Карла Лібкнехта, дзе пакладзена было новае асфальтавае пакрыццё, усталяваны бардзюрны камень. Друза-гравійнае пакрыццё паклалі па вуліцах Гомельская, Партызанская, Суворава, першы завулак Бумажкова (да дзіцячага сада № 3). Частка вуліцы Пушкіна, а гэта 219 пагонныя метры, была заасфальтавана. Цяпер працягнем асфальтаванне на 230 пагонных метрах гэтай жа вуліцы. У дадзены момант асфальтуем працяг вуліцы Розы Люксембург, дзе ідзе прыватны сектар.

Да таго, заасфальтавалі дваровыя тэрыторыі па вуліцах Розы Люксембург, 3, Карла Маркса, 10, Гогаля, 5 і 3, Камуністычнай, 9 і 10. Уявіце сабе, што на ўсе гэтыя работы па асфальтаўкладцы пайшло каля 50 тысяч тон асфальтабетону (!). Гэта вельмі шмат. Працэнтоўкі па ўсіх аб’ектах падпісаны, застаюцца акты ўводаў у эксплуатацыю. Яшчэ трэба падпісаць у абласных структурах – ДАІ і службе экалогіі.

Адна брыгада нашых людзей на цяперашні момант занята ў Раманавічах пад Гомелем, дзе ідзе перабудаванне 74 вадаправодных калодзежаў і каналізацыйных сістэм.

Хачу выказаць удзячнасць нашым вадзіцелям пагрузчыкаў Аляксандру Бяляну, Уладзіміру Пастухову, машыністу асфальтаўкладчыка Мікалаю Цалку, аператару асфальтабетоннага завода Анатолю Двораку, дарожнай рабочай Вользе Гаравой, трактарысту Яўгену Кандрацені, вадзіцелям МАЗаў-дваццацітоннікаў Генадзю Цандзеру, Сяргею Веку, Юрыю Сухоцкаму і многім іншым. Дзякуй усім за працу!

 – Калектыў рэдакцыі таксама шчыра віншуе ветэранаў і работнікаў дарожнай галіны з прафесійным святам! Моцнага здароўя, прафесійных і асабістых поспехаў, новых аб’ектаў, новых кіламетраў дарог!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о