У Новы год – з традыцыяй

0
450

Навагодняя  мітусня пануе на Петрыкаўшчыне. Клопаты па ўпрыгожванні дамоў, выбары падарункаў і набыцці інгрыдэентаў для святочнага стала напоўнілі жыццё людзей яшчэ задоўга да самой даты змены каляндарнага года. Новы год свята сямейнае і ўсе мы чакаем з нецярпеннем таго моманту, калі дом напоўніцца неверагоднай, цёплай атмасфера ў атачэнні родных. Але ёсць, амаль у кожнага чалавека, асабістая традыцыя – паспець зрабіць у адыходзячым годзе  важнае для сябе, можа нават патаемнае ад чужых вачэй,  як нейкая кульмінацыя пражытага года. Працягам часу гэта  становіцца ўжо павер’ем і ты ўпэўнены – каб прыцягнуць поспех у будучым годзе  трэба здзейсніць пэўны рытуал. Карэспандэнты раёнкі высвятлялі ў калег, знаёмых, гараджан,  што яны традыцыйна робяць у апошнія дні снежня. І неяк само напрасілася паказаць пачутае ад мужчын і жанчын асобнымі гісторыямі-парадамі.

У Новы год – з традыцыяйУсе мае суразмоўцы вераць у свае навагоднія традыцыі. Апрацоўваючы пачуты матэрыял, мне прыйшла думка, што часам чалавеку дастаткова невялікага імпульсу, веры ў нейкую патаемную сілу, каб стаць упэўненым і жыццё пайшло так, як ён жадае.
Адна знаёмая расказала, што ў апошні дзень адыходзячага года ўзяла за правіла тэлефанаваць або пісаць людзям, якія ёй дапамаглі некалі ў жыцці. “Кажу ім пра тое, што для мяне іх дапамога значыла ў  той час. Кошт званка, або SMS – капейкі, а мая ўдзячнасць, упэўнена, для іх каштоўная”. Кажа, што становіцца лягчэй пасля дадзенага рытуалу.
Не адзін чалавек  увераваў, што ў апошнія дні года патрэбна пазбавіцца ад хламу, які  сабраўся за год, напрыклад, у кладоўцы, на гарышчы або балконе. Павыкідаўшы ўсё лішняе, з’яўляецца пачуццё пазбаўлення ад негатыўнай энергіі. Землякі расказваюць, што калі год сустрэць з чысцінёй і парадкам, то  дабрабыт у хаце забяспечаны. Мая стрыечная сястра, напярэдадні Новага года збірае і  выкідвае посуд, на якім ёсць хоць малыя сколіны. Такую “хітрасць” пераняла і яе дачка.
А вось маці дваіх дзяцей расказала, што калі на канец года  дапаможаш   асабістымі рэчамі тым, хто мае ў гэтым патрэбу, то ў будучыні не будзе матэрыяльных праблем. Яна ў снежні на сайты бясплатных аб’яў выкідвае фота рэчаў, якія назбіраліся за год і прапануе людзям іх бясплатна. Адна ўмова – забраць самім. А вось цікавы факт: адна жыхарка райцэнтра расказала, што на працягу дзесяці гадоў мае традыцыю – купляць маленькую натхняльную кніжачку, на старонак 50-100, якую можна прачытаць за два, тры вечары.  Жанчына сцвярджае, што кніжка, трапіўшая да вас  у асаблівы  момант, можа змяніць вашае жыццё. Дарэчы, ведаю сямейную пару, якая ў навагодні перыяд ідзе ў кінатэатр на прагляд фільма. Кажуць “заходзіць” зусім па-іншаму.
Многія землякі ідуць у храм, моляцца за сваіх родных, наогул за чалавецтва, просяць прабачэнне за непрыстойныя ўчынкі. Вера ачышчае, надае надзею, здымае адчуванне цяжкасці на душы. Год пачынаеш, як з чыстага аркуша.
Для тых, хто яшчэ не мае сваіх традыцый прапаную пачаць з малога – зрабіць  простае  дабро сваім блізкім, старым, хворым, жывёлам – гэта можа быць простая ўвага, парада, матэрыяльная дапамога або ўсмешка ці ветлівае слова.  Можа гэта дась нагоду  Чорнаму Вадзяному Кроліку быць да нас паблажлівым у 2023 годзе?

Святлана СОБАЛЕВА.

У Новы год – з традыцыяйЧуў ад аднаго чалавека, што напярэдадні навагодніх святаў ён, разам з усімі дамашнімі, праглядае агульныя фота, што былі зробленыя за год. Для гэтага патрэбна больш за гадзіну часу, але прагледжаныя выявы аб’ядноўваюць сям’ю, узнаўляюць станоўчыя пачуцці ад шчаслівых момантаў і надаюць сіл. Просты і паказальны метад узгадаць самае лепшае за год.
Адзін сябра адзначыў, што замест таго, каб чарговы раз праглядаць па тэлебачанні безумоўна лю-бімыя, але ўжо вядомыя на памяць навагоднія кінастужкі, ён абірае па надзейных рэкамендацыях фільм пра якога-небудзь славутага чалавека. Карціна не толькі пашырае інтэлектуальны кругагляд, але і матывуе, знаёміць з прынцыпамі жыцця чалавека, які змяніў гэты свет да лепшага. Мастак, навуковец, спартсмен, бізнесмен – не істотна, у кожнага з іх ёсць чаму завочна павучыцца.
Вядома, усе мы тэлефануем блізкім з віншаваннямі. Але як нечакана пачуць па тэлефоне, ці пазнаць на дысплэі твар чалавека, якога не бачыў ужо дзясятак гадоў! Так робіць адзін знаёмы: пераглядае спіс кантактаў, абірае чалавека, з якім не падтрымлівае сувязь найбольш часу і тэлефануе. Свой учынак знаёмец тлумачыць проста: “Усе мы закладнікі стэрэатыпаў. Здаецца, што чалавеку прасцей паляцець у космас ці пабудаваць дом, чым патэлефанаваць былому сябру, пераадолець нейкі бязглузды страх ці сорам, што не тэлефанаваў раней. Вось я і пачаў змагацца з гэтай засцярогай! І, ведаеш, гэта пакідае палёгку на душы. А яшчэ за мноства гадоў заўсёды назапашваецца столькі гісторый, якімі можна падзяліцца, таму нязручная паўза наўрад ці павісне. Да гэтага можна завесці знаёмствы – так, я пасябраваў з дзяўчынай. Як высветлілася, у майго старога прыяцеля змяніўся нумар тэлефона, а той, што ведаў я даўно, належаў гэтай прыгажуні. Вось так выпадкова разгаварыліся і пасябравалі”.
Яшчэ адна неблагая прапанова – паспець да Новага году замовіць у інтэрнэт-крамах тавары па старым кошце, бо даволі часта цана пасля навагодніх святаў, асабліва на імпартныя рэчы, паступова павышаецца.
Спадзяюся, даражэнькія чытачы, хоць адна з прапаноў здалася вам слушнай. Прынамсі, напярэдадні Новага года, будзе не лішнім паспрабаваць нешта з апісанага і нічога страшнага, калі практыка не прыжывецца – на тое яны і традыцыі, бо прайшлі выпрабаванне часам.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о