Жыхары аграгарадка Курыцічы да святаў Новага года і Ражства Хрыстова атрымалі незвычайны падарунак. 28 снежня да іх прыехалі госці з Мазыра. Экскурсійны аўтобус правёз сваіх пасажыраў па маршруце Мазыр – Петрыкаў – Ляскавічы, а потым завітаў у Курыцічы. Сярод гасцей былі дзеці і дарослыя, прадстаўнікі банка “Банк БелВЭБ” ў Мазыры. Што ж прывяло турыстаў у Курыцічы?

У Курыцічы на экскурсію

Як стала потым вядома, кіраўнік экскурсійнай групы Святлана Філімонава даведалася пра аграгарадок ад свайго вучня, цяпер ужо студэнта інстытута тэалогіі Серафіма Аўсіевіча. Серафім стаў пераможцам конкурсу творчых літаратурных і даследчых работ “Святло Праваслаўя”. Ён апісаў духоўныя традыцыі прыходу вёскі Курыцічы, ролю настаяцеля храма іерэя Сергія Капітана ў захаванні боскіх прадпісанняў дарослымі прыхаджанамі храма, пра арганізацыю дзіцячага і маладзёжнага жыцця ў царкоўнай суполцы сіламі айца Сергія і саміх вернікаў. Таму ў экскурсію “Навагодняя Гомельшчына” былі ўключаны і Курыцічы.
Сустрэў гасцей айцец Сергій ў касцюме Дзеда Мароза. Для замацавання сяброўства, Дзед Мароз правёў чэмпіянат па снежках. Перамагло, зразумела, сяброўства.

У храме прыхаджане і госці з малітвай айца Сергія далучыліся да Божага жыцця. Кожны з прысутных маліўся пра бласлаўленне ў справах жыццёвых. Пасля малітвы айцец Сергій пагутарыў з прыхаджанамі пра храм у душы кожнага чалавека, які імкнецца жыць па-царкоўнаму, пра сумесную храмавую малітву. Святар распавёў пра гісторыю іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” – абраз, перад якім моляцца за дзяцей, пра адпушчэнне грахоў, падтрымку ў складаных жыццёвых сітуацыях. “Абраз уяўляе сабой саму сутнасць унутранага пераўтварэння. Руплівая праца над сабой і малітвы дапамагаюць людзям выбраць сапраўдны шлях дабра і шчасця”, – сказаў айцец Сергій.

Усім было цікава пачуць пра жыццё вёскі, прыходу, якія мерапрыемствы сталі традыцыйнымі, дзякуючы сумесным дзеянням айца Сергія і ўсіх жыхароў аграгарадка.

Яркім было выступленне мясцовага фальклорнага калектыву “Спадчына” сельскага Дома культуры, якім кіруе Тамара Хаменя. Прагучалі калядныя песні ў выкананні Ангеліны Плікус і Аліны Хамені. Гасцям было прыемна даведацца, што дзяўчаты не толькі займаюцца вакалам, а таксама прымаюць удзел у Калядных чытаннях. Гонарам Курыціцкай сярэдняй школы з’яўляюцца Ангеліна Яцук і Аліна Картыннік, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Бакавай сталі пераможцамі конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная Зорка” і былі ўзнагароджаны паездкай на галоўную ёлку краіны.

Госці падзякавалі айцу Сергію і ўсім жыхарам аграгарадка за цёплы прыём, святочны настрой, уручылі падарункі дзецям і прыхаджанам, павіншавалі з надыходзячымі святамі.

Алена БРУЦКАЯ,
па інфармацыі Тураўскай Епархіі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о