Пры рабоце аглядавай камісіі старшыня Капцэвіцкага сельвыканкама Руслан Корбут звярнуўся да нас з просьбай напісаць пра мясцовага жыхара, 80-гадовага Уладзіміра Казловіча. Маўляў, падстава ёсць для гэтага добрая. Руслан Пятровіч вырашыў аддзячыць мужчыне за яго ініцыятыўнасць, актыўны ўдзел у навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населенага пункта Капцэвічы.  Мы з задавальненнем паехалі ў госці. Гутарка адбылася душэўная.

У кожнай думцы яго – свет

Сапраўды, усё менш людзей, неабыякавых да стану населеных пунктаў, у якіх яны пражываюць. Хаця не, абурэнняў выказваюць зашмат, а вось папрацаваць, палепшыць стан і выгляд вуліц, грамадскіх месцаў, аб’ектаў – на гэта прагі малавата.

Уладзімір Пятровіч нарадзіўся і вырас у Капцэвічах. Бацькі яго, Пётр Іванавіч і Марыя Міхайлаўна, працавалі ў пана Кяневіча на фанерным заводзе. Выхоўвалі пяцёх дзяцей: Валодзя быў чацвёртым. А калі бацьку забралі на фронт, то ўжо ў 1941 годзе перапіска з ім скончылася.

Як гаворыцца ў архіўнай даведцы, якую Уладзімір Пятровіч захоўвае і да сёння, памочнік камандзіра ўзвода Пётр Казловіч лічыцца зніклым без вестак. У кнізе “Памяць. Петрыкаўскі раён” толькі з прозвішчам Казловіч загінулых 25 чалавек. Зразумела, з капцэвіцкіх мясцін усіх загінулых куды больш.

Уладзімір без бацькі хутка стаў самастойным. Спадзявацца не было на каго. Скончыў сем класаў і пайшоў працаваць. Затым служба ў войску. Сваю Ніну Дзмітрыеўну прыкмеціў яшчэ да арміі. Спадзяваўся, што дзяўчына дачакаецца яго. І сапраўды дачакалася. У 1963 годзе на матацыкле завёз яе ў сельсавет, дзе і распісаліся. Было і вяселле. Разам пражылі амаль 55 гадоў. Нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей.

Пасля працяглай хваробы Ніна Дзмітрыеўна сёлета пайшла з жыцця. Мінула паўгода, а мужчына не жадае верыць, што побач няма каханага чалавека. Не хаваючы слёз, з пяшчотай у голасе распавядае пра сваю жонку: пражылі і ніколі не пасварыліся, заўсёды ў згодзе і ў працы. Яна была “ўдарніцай” на гароднінасушыльным заводзе. Ён таксама там пачынаў, а потым большую частку гадоў адпрацаваў у леспрамгасе ў цяслярнай брыгадзе.

Прызнаюся, што такому  парадку ў вясковай сядзібе і на яе тэрыторыі, як у гэтага мужчыны, пазайздросціць любы чалавек. Чаго ён толькі не набудаваў! Гэта селішча на вуліцы Савецкай у вёсцы Капцэвічы было яшчэ бацькоўскае. Хата старэйшая за Уладзіміра Пятровіча на два гады: 1936 года пабудовы. Сам яе добудоўваў: у 60-я падняў яе і паставіў знізу новы “вянок” ды на падмурак. Тут і хлявы, і летняя кухня, і лазня. У двары – студня-журавель. Гаспадар лёгка дастае вядро сцюдзёнай вады. Узгадвае, як любіла яе піць жонка. Апошнія засушлівыя гады прывялі да таго, што ў многіх аднавяскоўцаў калодзежы высахлі. Перажываў за гэта і Уладзімір Пятровіч. Таму прабурыў свідравіну на глыбіні ў 10 метраў. Цяпер у хаце ёсць вада. Калі жонка была прыкавана да ложка, то ён прыносіў ваду, а Ніна Дзмітрыеўна з лёгкасцю адгадвала, дзе калодзежная, а дзе са свідравіны. Смак быў не той. Хаця ў адным двары водны пласт.

Старэйшы сын Васіль працуе токарам на расійскім авіяцыйным заводзе ў Ступіне. Не зажывае душэўная рана па трагічнай смерці сына Віктара, які скончыў жыццё самагубствам пяць гадоў таму. Уладзімір Пятровіч лічыць, што гэта трагедыя панесла за сабой і смерць жонкі. Пра Віцю распавядае толькі лепшымі ўспамінамі: служыў на кітайскай мяжы, быў вадзіцелем першага класа, тут таксама працягваў вадзіцельскую справу. Няўдалае сямейнае жыццё стаў “заліваць” гарэлкай. Шкада хлопца. Неяк не даводзіцца цяпер мець зносіны і з унукамі, дзецьмі Віктара.

Дачка Ірына – надзейнае плячо для састарэлага мужчыны. Яна тут, у Капцэвічах, працуе ў інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых. Па спецыяльнасці – бухгалтар. Зяць Алег – ляснічы. Цудоўныя і ўнучкі: старэйшая ў Гомельскім універсітэце навучаецца, малодшая – школьніца.

Крыху пагутарылі за жыццё з Уладзімірам Пятровічам і пайшлі разам праведваць яго суседа-небараку. Раней асуджаны, той вярнуўся з паламаным лёсам і з інваліднасцю па зроку. Жыве ў сядзібе насупраць, выпівае. Але аднавяскоўцы не даюць прапасці мужчыну: падсілкоўваюць яго то талеркай супу, то яшчэ чым. Галаўны боль – такія жыхары для старшыні сельвыканкама Руслана Корбута. Хутка зіма, а вартаваць яго, каб не спаліў сябе з цыгарэтай у ложку, ніхто не будзе. Таму Руслан Пятровіч вырашае пытанне, каб аформіць мужчыну на сацыяльны ложак у бальніцу.

– Не толькі яго даглядае наш Уладзімір Казловіч, – дадае старшыня. – Ён вартуе і пустыя сядзібы, дзе гаспадары памерлі, а дзеці далёка. Наводзіць парадак на могілках. Нагледзеў там 16 соснаў, пашкоджаных караедам. Што па ягоных сілах, то выразае дрэвы сам, ды і хмызняк таксама.

Абураецца наконт стану пясчанай дарогі, што працягласцю паўкіламетра. Лесавозы робяць глыбокія каляіны, а Уладзімр Пятровіч бярэ “шуфель” і ідзе выраўноўвае дарогу.

– Раней звяртаўся ў свой леспрамгас, дык грэйдар давалі, раўнялі дарогу, зімой стабільна прачышчалі ад снегу, – дадае Уладзімір Казловіч. А цяпер мы тут на вуліцы самі змагаемся, як можам. Але і старшыня прыслухоўваецца да нашых  просьбаў.

Развітваліся з нашым героем цёпла, з абдымкамі. Пабольш бы такіх “светлых”, добразычлівых людзей на свеце. Здароўя і спакою Вам, Уладзімір Пятровіч!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о