Здавалася б, яшчэ нядаўна мы выязджалі з прадстаўніком прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК на палі, каб павіншаваць лепшых сейбітаў. Імгненна праляцела лета. Вось і ўборка каласавых зерневых падыходзіць да завяршэння.
Так, гэта лета надзвычай кантрастнае: вільгаці і цяпла было дастаткова, каб каласавыя ўзняліся, наліліся сокамі зямлі. Чаго недаставала хлебаробам, дык гэта сонечных дзён, калі прыступілі да ўборкі ранніх зерневых. Ну што ты будзеш рабіць? Як на тое ліха зарадзілі дажджы, якія сапсавалі настрой механізатарам, ды парушылі выкананне ўсіх намечаных тэмпаў уборкі.
Як бы там ні было, але людзі звыклыя да гэтых казусаў. Няма часу жаліцца, трэба выкарыстоўваць кожную спрыяльную хвіліну, каб не страціць ураджай. І “каравай” Петрыкаўшчыны усё ж папоўніўся тымі тысячамі тон зерня, якія здабывалі сваёй нялёгкай працай хлебаробы.
Прыйшла пара павіншаваць першых “тысячнікаў”. Дарэчы, гэта нязменныя нашы лідары, імёны якіх з года ў год упрыгожваюць зводку перадавікоў. Не сакрэт, што больш паловы гэтага рэйтынгу лідараў займаюць работнікі ПУП “Палессе-Аграінвест”. Але не саступаюць ім механізатары з іншых сельгаспрадпрыемстваў.
Так, 15 і 16 жніўня разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Галінай Шчэрбак мы наведалі ААТ “Камаровічы” і КСУП “Капаткевічы”, дзе ўшанавалі працу “тысячнікаў” Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі па даручэнні Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.
На тэрыторыі зернесушыльнага комплексу ў ААТ “Камаровічы” нас сустрэў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Іван Талецкі. Іван Іванавіч паведаміў, што абсталяванне магутнага “КЗС-40” эксплуатуецца сем гадоў. Працуе яно на дызельным паліве, расход якога залежыць ад вільготнасці паступаемага зерня. Сёлета яно, зразумела, вільготнае: ад 23 да 28%. А на выхадзе, са слоў Івана Талецкага, павінна быць не вышэй за 14%. Менавіта такі працэнт вільгаці дазваляе пакінуць зерне на насенны фонд.
Дзяржаве здаюць зерне вільготнасцю ў 19%. Дарэчы, дзяржзаказ сёлета быў даведзены ў 200 тон жыта і 160 – аўсу. На сёння засталося да выканання плана здаць 45 тон зерня.
Голоўнымі “віноўнікамі” урачыстасці сталі ў гэты дзень у Камаровічах аператар зернесушыльнага комплексу Мікалай Івашкоў і вадзіцелі аўтамабіляў “МАЗ” – Эдуард Якавец і Уладзімір Аксёнаў. Менавіта на іх рахунку праца з зернем перасягнула тысячы тон.
Мікалай Івашкоў самы малады, але ў свой 21 год хлопец мае сям’ю. Менавіта таму і імкнецца да лепшых працоўных вынікаў, бо ведае, што ад іх залежыць заработак.
Як паведаміў сам Мікалай, у свой час скончыў Буда-Кашалёўскі каледж, дзе набыў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Цяпер заняты ў сельгаспрадпрыемстве ў якасці энергетыка. Дапрацоўка зерня ідзе кругласутачна. На змену заступаюць па два работнікі. Асаблівых цяжкасцяў, са слоў Мікалая, няма. Работа добра вядомая.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шчэрбак уручыла перадавікам вытворчасці Ганаровыя граматы, грашовыя прэміі. Пры гэтым Галіна Валянцінаўна адзначыла, што праца хлебаробаў надзвычай каштоўная і заслугоўвае павагі. Уклад у агульны раённы каравай гэтых людзей значны. Прадстаўнік раённай прафсаюзнай арганізацыі пажадала цудоўнага надвор’я для завяршэння ўборкі, дастойнага заработку і душэўнага спакою і ладу ў сем’ях.
На мехдвор КСУП “Капаткевічы” мы наведаліся ў пятніцу з самага ранку. Дарэчы, тут як раз праводзілася “планёрка”. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Пінчук адзначыў, што дажджы не далі завяршыць уборку ў максімальна сціслыя тэрміны, але нягледзячы на гэта, работа ў гаспадарцы не спынялася. Механізатары займаліся не менш важнымі справамі: працягваецца нарыхтоўка кармоў, ідзе падрыхтоўка глебы і сяўба азімых зерневых культур. Значыць, тут ідуць на апераджэнне.
– 120 гектараў заняты ўжо азімым жытам на зялёны корм, а магчыма, і на зерне яго пакінем, – паведаміў Аляксандр Пінчук. – Пасеялі і рэйграс, цімафееўку, рапс. Але галоўная задача цяпер – завяршыць уборку. Надвор’е абацяе быць добрым, так што ўсё па сілах.
Ганаровыя граматы і грашовае заахвочванне, а таксама сцяжкі с лагатыпам Федэрацыі прафсаюзаў і лозунгам “Мы разам!” атрымалі ў гэты дзень малады камбайнер Руслан Качэля, вадзіцель Сяргей Верталь і аператар “ЗСК-25” Вячаслаў Плешкуноў.
Віншуем нашых тысячнікаў з узнагародамі! Моцнага здароўя, шчасця, добрага настрою і спрыяльнага надвор’я!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ У КАРАВАІ – СОКІ РОДНАЙ ЗЯМЛІ

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о