Вясна сёлета прыйшла без спазнення, што актывізавала кляшчоў. У арганізацыі аховы здароўя вобласці з-за кляшчоў штогод звяртаецца больш за тры тысячы чалавек.

Ужо ў гэтым сезоне ад укусаў кляшчоў пацярпела звыш двух дзясяткаў жыхароў. Кляшчы з’яўляюцца пераносчыкамі такіх інфекцыйных захворванняў, як клешчавы барэліёз, клешчавы энцэфаліт, тулярэмія. На жаль колькасць інфекцый, што перадаюцца кляшчамі, павялічваецца штогод. Клешчавым энцэфалітам можна захварэць і пры ўжыванні заражанага сырога малака коз.

Прафілактыка заражэння клешчавымі інфекцыямі даволі простая, але патрабуе пастаяннай пільнасці. Каб засцерагчы сябе ад захворвання трэба прытрымлівацца простых правілаў. Пры знаходжанні на прыродзе і асабліва ў лесе, трэба па магчымасці максімальна прыкрываць цела, апранаючы светлую вопратку, на якой значна прасцей заўважыць кляшчоў. Не лішнім будзе і выкарыстанне сродкаў супраць кляшчоў, але тут неабходна строга прытрымлівацца інструкцыі карыстання рэчывам.

Не забывайцеся аглядаць вопратку і аголеныя ўчасткі цела кожныя 2-3 гадзіны. Рабіце гэта і пры вяртанні дадому. Асаблівую ўвагу надавайце шыі, падпахам, пахавай вобласці і вушам. Не забывайце агледзець хатніх жывёл, букеты палявых кветак і іншыя рэчы, якія вы прынеслі з прыроды.

Варта ведаць, што кляшчы могуць прысмактацца да чалавека не толькі ў лесе, але і на дачы ці прысядзібным участку. Каб мінімізаваць небяспечнасць сутыкнення з паразітам трэба своечасова знішчыць грызуноў, бо яны з’яўляюцца пераносчыкамі кляшчоў. Увесну ачысціце падворак ад сухастою, мінулагодняга лісця і смецця. Памятайце, што пах чабору і шалфею пужае кляшчоў. Варта своечасова падкошваць газон і ліквідаваць з сядзібы кучы расліннага смецця. Не ўжывайце сырое малако коз. Адмоўцеся ад выпасу гэтых жывёл на неакультураных пашах ці паблізу лясных зон.

Калі клешч усё ж прысмактаўся, яго трэба выдаліць. Найлепш гэта рабіць ва ўмовах медыцынскай установы. Калі гэта немагчыма, выкарыстоўвайце моцную нітку, завязаўшы вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча. Пацягніце нітку за канцы ўверх, тым самым ссунуўшы паразіта. Дарэчы, кляшча можна выдаліць і з дапамогай спецыяльнага інструмента, які можна набыць у аптэцы ці зоамагазіне.
Пасля выдалення кляшча, на працягу 72 гадзін з таго моманту, як паразіт прысмактаўся, неабходна звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста ці тэрапеўта. Знятага кляшча можна даследаваць у абласным ЦГіЭ, а таксама у Рагачоўскім, Рэчыцкім, Мазырскім занальных ЦГіЭ.

Сяргей ТАЛЕЦКІ,
галоўны ўрач РайЦГіЭ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о