Поле зажінкі-восстановлено

Вось і наступіла гарачая пара ўборкі зерневых. Гаспадаркі амаль завяршылі ўборку ўцалелых пасеваў рапсу і пакрысе пачынаюць абмалочваць саспеўшыя ўчасткі азімых. Шчыра кажучы, сёлета надвор’е не надта спрыяе  аграрыям. З-за частых дажджоў збожжа даволі вільготнае, таму зернесушыльныя ўстаноўкі пацерпяць даволі істотную нагрузку.

Аднымі з першых у раёне пачалі ўборку ўраджаю ў КСУП “Капаткевічы”. З гэтай нагоды ў мінулую пятніцу на тэрыторыі зернесклада тут прайшло свята “Зажынкі” . І хаця з-за працяглага дажджу камбайны ў поле ў гэты дзень не выйшлі, аднак не сапсавалі святочны настрой  удзельнікам жніва.

Нямала было і гасцей. Павіншаваць працаўнікоў з пачаткам гэтай адказнай і напружанай пары завіталі старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Макаравец і Ірына Берднік, прадстаўнікі філіяла ААТ “Калінкавіцкі малочны камбінат” Надзея Хадановіч і Ірына Кумарытава. Блаславіць хлебаробаў на бяспечную і без хібаў работу прыехаў настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы Васіль Немеш. Любімымі песнямі парадавалі працаўнікоў удзельнікі народнага ансамбля народнай песні, музыкі і танца “Лявоніха” Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры.

Як адзначыў у сваім віншавальным слове дырэктар гаспадаркі Аляксандр Пінчук, у гэтым годзе было пасеяна, у тым ліку на корм, 2000 гектараў зерневых. З іх плануецца намалаціць 5 тысяч тон зерня – не ніжэй за мінулагодні ўзровень.

Неблагую ўраджайнасць сёлета паказаў у гаспадарцы рапс. З кожнага гектара тут намалацілі па 20 цэнтнераў. Як адзначыў Аляксандр Іосіфавіч, гэтай культурай даволі выгадна займацца. Пры строгім прытрымліванні тэхналогіі выро-шчвання рапс дае добрыя вынікі і даходы.

Таксама з прывітальным словам да калег выступіў лепшы камбайнер па выніках мінулых гадоў Руслан Качэля. Ён пажадаў кожнаму хлебаробу моцнага здароўя, аптымізму і ўпартай плённай працы.

Кожны камбайнер атрымаў з рук кіраўніка гаспадаркі каравай, а таксама спецыяльны набор, які складаецца з дадатковага камплекта спецадзення, хлеба і неабходных для вядзення ўліку намалотаў дакументацыі і канцылярскіх прылад. Па караваі атрымалі і члены брыгады ва-дзіцеляў, трактарыстаў, працаўнікоў зернетоку, якія таксама будуць актыўна задзейнічаны на жніве.

Разам з віншаваннямі і пажаданнямі добрага жніва і выдатных намалотаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Берднік за плённую і самаадданую працу ўручыла Ганаровую грамату прафсаюза механізатару Аляксандру Каліцьку.

У добры шлях, паважаныя хлебаробы. Цяжкага вам коласу і спрыяльнага надвор’я!

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о