Лета – пара адпачынкаў, халоднага квасу і марожанага. Як для дзяцей, так і для дарослых гэты тавар у спякоту запатрабаваны амаль штодзень. Пашэнціла мясцовым жыхарам і гасцям аграгарадка Курыцічы, што тут працуе кафетэрый. Дарэчы, як выказалася буфетчыца Галіна Баўсун, тавараабарот у гэтай кропцы грамадскага харчавання радуе. Праўда, летась у летнія месяцы ён быў удвая вышэйшы. Цяпер за май Галіна Герасімаўна нагандлявала на 5600 рублёў, а за першую дэкаду чэрвеня – на 2500.

IMG_0904_1

У кафетэрыі “Курыцічы” Галіна Герасімаўна працуе тры гады. Да гэтага дзесяць гадоў у якасці індывідуальнага прадпрымальніка была занята на рэалізацыі вопраткі на гарадскім рынку. Пасля ўвядзення правілаў па сертыфікацыі тавару зразумела, што гэтая справа добрага даходу ў сямейны бюджэт не прынясе. Цяперашняй работай задаволена, нягледзячы на тое, што тут і ў якасці буфетчыцы, і прыбіральшчыцы. Заработак у сярэднім у жанчыны 300 рублёў. Для вёскі, як лічыць сама, гэта нармальна. Сама мясцовая, жыхароў ведае добра.

У памяшканні кафетэрыя могуць размясціцца за столікамі чалавек 30. Працуе тут тэлевізар, можна і музыку паслухаць, патанчыць.

Асартымент прысмакаў даволі разнастайны: праз дзень дастаўляюць свежую выпечку з кафэ “Папараць-кветка”, у мікрахвалевай печы можна зрабіць гарачыя бутэрброды, хуткага прыгатавання вермішэль і бульбяное пюрэ можна дапоўніць сасіскай ці каўбасой. Хлеб і белабулачныя вырабы завозяць праз дзень. Гарачы чай, кава з кандытарскімі вырабамі, шакаладам, цукеркамі, вафлямі будуць даспадобы ў якасці дэсерту. Фасаванага марожанага ў асартыменце шмат. Летась было і на вагу марожанае. Цяпер для яго захавання Галіна Герасімаўна чакае вялікую халадзільную ўстаноўку. У кегах на разліў ёсць квас і піва. Алкагольных напояў тут таксама зашмат на розны густ і кашалёк.

Работу буфетчыцы кантралюе Галіна Жукавец, якая курыруе ў райспажыўтаварыстве пытанні грамадскага харчавання. Усе праблемныя пытанні Галіна Герасімаўна вырашае непасрэдна з Галінай Васільеўнай.

Што датычыць кантынгенту наведвальнікаў, то ён тут разнастайны. Тыя, хто любіць адпачываць па вечарах, вядуць сябе культурна, асаблівых праблем у парушэнні грамадскага парадку не дастаўляюць.

Перад тым як развітацца, пажадала набыць марожанае. Але жаданне маё не споўнілася. Справа ў тым, што ў кафетэрыі адсутнічае тэрмінал. Гэта пытанне, лічу, трэба абавязкова вырашыць. У большасці сваёй спажыўцы цяпер захоўваюць свае сродкі на картках, так што такая нязручнасць, як адсутнасць тэрміналу, пацягне за сабой страту тавараабароту.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о