У час аднаго рэйду, за адну ноч, былі затрыманы 5 браканьераў, улоў якіх склаў 74 кілаграмы адборнай рыбы

У час аднаго рэйду былі затрыманы 5 браканьераў, улоў якіх склаў 74 кілаграмы адборнай рыбыЗабарона на вылаў рыбы ў час нерасту – абавязковае правіла для ўсіх рыбаловаў. Але некаторыя ахвочыя да незаконнай нажывы, якая прынясе вялікую страту для рыбных угоддзяў увогуле.

7 мая інспектарам Петрыкаўскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету давялося сустрэцца з такімі парушальнікамі забароны. Толькі ў час аднаго рэйду, за адну ноч, былі затрыманы 5 браканьераў, улоў якіх склаў 74 кілаграмы адборнай рыбы, якая ў гэты час нераставала.

На старыку Прыпяці каля Конкавічаў інспектары спынілі мясцовага жыхара, які выцягваў з вады чарговую сетку. На той момант яго ўлоў склаў 48 кілаграмаў, пераважна – ляшча вагою ад кілаграма. Але гэтага было мужчыне недастаткова, бо сеткі зноў былі раскінуты па вадаёме.

Пакуль інспектары працавалі з парушальнікам на беразе, па вадзе пайшла характэрная рабіня. Крыніцай яе аказаўся аднавясковец затрыманага, які непадалёку выцягваў свае сеткі. Улоў яго быў невялікім – 2 ляшчы і гусцер. Але яму адміністрацыйную адказнасць за свае дзеянні давядзецца несці, а шкоду прыро-дзе – пакрыць.

Першаму ж з затрыманых пагражае крымінальная адказнасць, бо шкода, нанесеная ім прыродзе, склала 5,5 тысячы рублёў.

На гэтым рэйд інспектараў не закончыўся. Бліжэй да раніцы на адным з пойменных азёраў Пцічы былі затрыманы трое жыхароў Капаткевічаў. Іх улоў склаў 22 кілаграмы рыбы, што ў пераліку на суму шкоды складае 5 тысяч рублёў.
Як паведамілі ў міжрайінспекцыі, за час забароны на вылаў рыбы, з 12 сакавіка па 18 мая, інспектарамі было складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў. У сярэднім шкода прыродзе па гэтых фактах склала 9,26 тысячы рублёў. Таксама па матэрыялах інспекцыі ўзбуджаны 3 крымінальныя справы. Толькі па іх шкода склала 21,3 тысячы рублёў.

За час дзеяння забароны інспектарамі Петрыкаўскай міжрайінспекцыі было вынята з карыстання 18 сетак агульнай даўжынёй 687 метраў. Забраны 2 маламерныя судны, сумы ад рэалізацыі якіх пойдуць у даход дзяржавы.

Суд вызначыць меру пакарання парушальнікам прыродаахоўнага заканадаўства. Частка шкоды выплачана, што, безумоўна, будзе прынята судом да ўвагі.
Міжрайінспекцыя нагадвае, што ў час нерасту за кожную незаконна вылаўленую рыбіну шкода вылічваецца ў 3-кратным памеры. Таму і сумы, якія парушальнікі забароны выплочваюць дзяржаве – чатырохзначныя.

Апошнія засушлівыя гады без вясенніх паводак не даюць рыбе патрэбнага асяроддзя для размнажэння. У такіх умовах рыбныя запасы вадаёмаў штогод меньшаюць. І калі не спыняць самымі жорсткімі мерамі браканьераў і іншых несумленных рыбакоў, то сітуацыя перасягне рысу невяртальнай.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о