777777У Беларусі ўстаноўлены новыя памеры штомесячных дыферэнцыраваных даплат да заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 11 студзеня 2017 года нумар 2, паведамілі ў профільным ведамстве.

Нагадаем, пастановай урада ад 30 снежня 2016 года нумар 1115 з 1 студзеня 2017 года павялічаны памер тарыфнай стаўкі першага разраду для разліку заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый з Br29,8 да Br31, а таксама зменены дыяпазон і памеры штомесячных дыферэнцыраваных даплат для бюджэтнікаў.

Пастановай Мінпрацы і сацабароны ўстаноўлены наступныя памеры даплат: з 1-га да 6-га разраду — Br8,60; з 6-га да 10-га разраду — Br8; з 10-га да 12-га разраду — Br7,50; з 12-га да 13-га разраду — Br7; з 13-га да 14-га разраду — Br6,50; па 14-м разрадзе — Br5,70.

Як растлумачылі ў міністэрстве, штомесячныя дыферэнцыраваныя даплаты не ўтвараюць стаўку (аклад) і не ўлічваюцца пры вылічэнні прэмій, надбавак і іншых выплат стымулюючага і кампенсуючага характару.

Пастанова Мінпрацы і сацабароны нумар 2 уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2017 года.

Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, кіраўнікам бюджэтных арганізацый неабходна забяспечыць з 1 студзеня 2017 года пераразлік заработнай платы работнікаў з улікам тарыфнай стаўкі першага разраду, каэфіцыентаў Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў, карэкціруючых каэфіцыентаў, а таксама штомесячных дыферэнцыраваных даплат, новы дыяпазон якіх устаноўлены з 1 студзеня 2017 года.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о