Прыемна ўсведамляць, што ва ўсім свеце шануюць беларускіх прыгажунь, але асабліва прыемна – калі петрыкаўскіх.

Улада Іскрыцкая, выпускніца петрыкаўскай школы №2, першая віцэ-Міс конкурсу “Палеская Прыгажуня”, сёння працуе ў Тайландзе. Дзяўчына ўпэўнена заваёўвае званне мадэлі, прымаючы ўдзел у розных фотапраектах і паказах. Мы звязаліся з Уладай, каб яна падрабязней распавяла пра сваё жыццё і працу.

DnJZpFE-ixo

– Для пачатку раскажы пра сваіх бацькоў, дзе жывуць, чым займаюцца?

Мае бацькі разышліся, калі я была зусім маленькая. Выхаваннем займаліся мама і бабуля. Яны жывуць у Петрыкаве, працуюць ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама.

– Кім марыла стаць у школьныя гады?

– Думала пра якую-небудзь цікавую прафесію: дызайнер, стыліст, візажыст, фатограф. Мая сям’я хацела, каб для пачатку я атрымала сур’ёзную спецыяльнасць, а пазней, пры жаданні, ішла творчым шляхам. Стала задумвацца пра атрыманне дыплома эканаміста. Чаму б не пайсці па слядах мамы і бабулі? Паступіла ў Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі ў Гомелі, на спецыяльнасць “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.

– Як склалася, што ты стала мадэллю? Конкурс “Палеская прыгажуня” даў старт?

– Аднойчы я даведалася, што ў Гомелі праходзіць кастынг на конкурс “Палеская прыгажуня”. Загарэлася жаданнем прыняць у ім удзел, але мне не хапала ўпэўненасці ў сабе.

Угаворвалі пайсці ўсе блізкія, але вырашылася толькі пасля слоў Ірыны Буднік, кіраўніка калектыву “Экшэн”, у якім я танчыла. Не перастану паўтараць ёй “дзякуй”.

Гэта быў самы вялікі крок да змены майго далейшага жыцця. У конкурсе прымалі ўдзел і іншыя дзяўчаты з Петрыкава, з якімі я добра знаёмая. Канкурэнцыі на працягу ўсёй падрыхтоўкі і ў час конкурсу не адчувала. Атмасфера была прыемная.

У конкурсе я заняла другое месца, стаўшы першай віцэ-Міс. Захапленню не было мяжы. Адразу пасля конкурсу за кулісамі да мяне падышоў адзін з арганізатараў – выкладчык дэфіле подыум-школы “Крыштальная Німфа”, а пасля і сам дырэктар. Яны прапанавалі мне бясплатна займацца ў мадэльнай школе.

nN1hF_B_lK4 DTwwrCEgxoE 4oX5SnR1dF4

– Калі сталі паступаць заказы на фотаздымкі?

– У Беларусі – толькі прапановы паўдзельнічаць у бясплатных здымках. Заўсёды была вельмі рада, такі досвед карысны і фатографу, і мне.

Актыўна прапановы пачалі паступаць адразу пасля конкурсу. Гэтак жа мяне фатаграфавалі ў “Крыштальнай Німфе” на занятках і проста па прапанове фатографа Яны Камянок. Пад канец майго навучання мы з ёю сталі сяброўкамі.

Патэнцыял мадэлі ўва мне разгледзеў выкладчык дэфіле, ён і звязаў з дырэктарам кіеўскага мадэльнага агенцтва “TMG Management”, якое стала маім матчыным агенцтвам. Менавіта там мне рыхтуюць кантракты з мадэльнымі агенцтвамі ў розных краінах.

LtNRdN99JyU

– Дзе ты цяпер знаходзішся? Што ў цябе за праект?

– Зараз я працую ў сталіцы Тайланда Бангкоку. Мадэльнае агенцтва «WM», з якім я заключыла кантракт, з’яўляецца адным з лепшых у горадзе. Тут я жыву і працую мадэллю ўжо два месяцы. Скончыцца праца ў канцы красавіка.

– Што сказалі  бацькі наконт таго, што ты будзеш працаваць за мяжой?

– Мама адразу была не ў захапленні ад гэтай ідэі, бо мала ведала пра маю новую прафесію. Пасля доўгіх перакананняў, мноства прачытаных інтэрнэт-матэрыялаў і размовы з прадстаўнікамі “TMG Management” мама зразумела, што, магчыма, гэтая паездка стане для мяне вялікім шанцам на лепшую будучыню. Цяпер яна мяне цалкам ва ўсім падтрымлівае.

mfm4xBSqH98– Як з мовай?

– Першапачаткова было цяжка. Шмат чаго не разумела. Зараз я з лёгкасцю перакладаю. Праўда, і па сёння адчуваю нейкі моўны бар’ер. У зносінах выкарыстоўваецца англійская мова.

– Ці лічыш, што табе больш за ўсіх пашанцавала (з тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе “Палеская прыгажуня”)?

– Складанае пытанне. Не думала пра іншых дзяўчат. Я шчаслівая ад сённяшняга дня, ад таго, што адбываецца асабіста са мной.

– У Тайландзе ёсць сябры?

– Ёсць.   Не вельмі шмат, усе яны мадэлі. Я жыву з дзяўчынкай з Гомеля, яна пачала займацца мадэлінгам з 14 гадоў, зараз ёй, як і мне, 18. Шмат чаго распавяла мне важнага і патрэбнага ў самым пачатку маёй паездкі. Амаль з усімі пазнаёмілася ў час Fashion Week.

– Як праходзіць твой працоўны дзень?

– Усё залежыць ад таго, ці ёсць у мяне праца ў гэты дзень. Букер (чалавек, які дапамагае выжыць у свеце моды, сачыць за навінкамі моды – заўв. аўтара) агенцтва ўвечары дасылае мне на “Facebook” расклад кастынгаў на наступны дзень, іх пачатак і месцазнаходжанне.

Я магу праехаць цэлы дзень з аднаго кастынгу на іншы. Часам гэта складана. На вуліцы 34-36 градусаў спякоты, часта кастынгі праходзяць у розных частках горада. Бывае, што і на метро не дабрацца, а на аўтобусе ехаць каля 2 гадзін.

Са мной заўсёды цяжкі заплечнік, у якім бутэлька вады, туфлі на абцасах, візітоўкі, цяжкі book (папка-альбом з маімі лепшымі фотаздымкамі), партатыўная зарадная прылада для тэлефона і некаторыя дробязі, якія павінны быць у кожнай дзяўчыны ў сумачцы. У кампазітных картках указаны параметры мадэлі, рост, памер абутку, колер валасоў і вачэй, кантактныя дадзеныя агенцтва.

На кастынгах звычайна глядзяць бук, бяруць кампазітку. Калі ты спадабалася кліенту, то ён просіць цябе прайсціся (звычайна для працы на фэшн-шоу) або пазіраваць на камеру (для здымак). Бывае, на важных кастынгах мне вымяраюць параметры і рост, просяць запоўніць дадатковую анкету. Калі мадэль спадабалася кліенту, то ён звязваецца з агенцтвам, а яно ў сваю чаргу паведамляе мадэлі пра працу.

За некалькі дзён да працы могуць паставіць fitting (прымерку рэчаў). У дзень працы звычайна не бывае кастынгаў, час пачатку заўсёды розны. Аднойчы мне трэба было прыйсці на fashion show у час Тыдня моды ў Бангкоку ў 6 гадзін раніцы.

Калі ў раскладзе стаяць толькі здымкі, то ўсё праходзіць нашмат хутчэй і спакайней: ты прыходзіш, цябе рыхтуюць, затым здымкі некалькі гадзін.

Zk_EujkkwWc

– …Вольны час?

– Пераважна адпачываю. Наведваю басейн, сустракаюся з сябрамі, гуляю па гандлёвых цэнтрах і проста аглядаю мясцовыя славутасці.

– У чым складанасць працы ў нашай краіне і за мяжой?

– У нас з мадэльным бізнесам усё вельмі складана. Не чула, каб мадэлям плацілі. Усё наадварот. Фатографы ўсталёўваюць расцэнкі на здымкі, а не мадэлі.

У часопісы бяруць больш вядомых і публічных людзей. Удзел у Belarus Fashion Week (Беларускі тыдзень моды) ніяк не аплачваецца. Да таго ж трэба прайсці строгі адбор на кастынгу.

За мяжой мадэлям плацяць за іх час, эксперыменты над валасамі, макіяжам.

Застаецца пажадаць нашай краіне росквіту ў гэтай сферы. Можа, калі-небудзь беларускія мадэлі змогуць працаваць, не пакідаючы роднай  зямлі.

9PRE_655m1Y

Ці ёсць псіхалагічная напружанасць ад працы?

– Мне падабаецца працаваць, і я вельмі шчаслівая ў тыя дні, калі яна ў мяне ёсць. Праца мадэлі ў Тайландзе – гэта зносіны з вядомымі дызайнерамі, мадэлямі і часам вельмі дзіўнымі і пацешнымі стылістамі.

На працы няма калі сумаваць. Нашмат цяжэй ездзіць на кастынгі, гэта нервы, нервы і яшчэ раз нервы. Часта ты спазняешся, заўсёды некуды бяжыш, часу паесці і пасядзець спакойна на адным месцы няма. Здаецца, ты гатовая сарвацца.

Вялікая псіхалагічная праблема для мяне – растанне на такі вялікі прамежак часу са сваёй сям’ёй і сябрамі.

Гутарыла  Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота з асабістага архіва Улады Іскрыцкай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о