Старажыл з Сялюціч не змог пацвердзіць свой ўдзел у размініраванні

Міхаілу Какору з Вялікіх Сялюціч сёлета споўнілася дзевяноста гадоў, а ён не толькі сам спраўляецца па гаспадарцы, але і захаваў яснасць розуму і вясёлы нораў.

Магчыма, менавіта яго станоўчае ўспрыняцце жыццёвых падзей і дало магчымасць стаць доўгажыхаром, дасюль не абцяжарваць дзяцей клопатамі пра сябе. Гэта сёння, слухаючы яго гісторыю жыцця, дзівішся: колькі бед і цяжкасцяў выпала на долю аднаго чалавека. Для нас тыя ўмовы жыцця і абставіны, у якіх даводзілася выжываць, здаюцца літаральна катастрофай. Для яго гэта было жыццё, звычайнае, паўсядзённае, якое загартоўвала, давала сілы для барацьбы і радасць ад нават дробных перамог.

У 15 гадоў Міхаіл дапамагаў размініраваць наш раён пасля Вялікай Айчыннай вайны, але статус сапёра не атрымаў

У сям’і іх было пяцёра. Бацьку забралі на фронт, а пад Арлом ён трапіў у палон. Па дарозе ў бабруйскі лагер збег і вярнуўся дадому, на акупіраваную тэрыторыю. Хутка пайшоў у партызаны. Маці з дзецьмі таксама пайшлі ў лес у курані, толькі там можна было зберагчы ўсіх ад карнікаў. Але і балоты не далі выратавання. За некалькі нямецкіх аблаў уся сям’я апынулася ў няволі. Маці з дачкамі трапілі ў пінскі лагер, старэйшы брат быў выгнаны ў Германію, Міхаіл з бацькам, прайшоўшы праз катаванні, збег з палону. Прыбіліся да партызанскага атраду пад Дзякавічамі па гэты бок возера Чырвонае. Ад голаду той зімой ратаваліся рыбай.

Па той бок возера стаяла Ляхавіцкая партызанская брыгада. Неяк ляхавіцкія партызаны расказалі, што да іх прыйшла сялюціцкая дзяўчына, што збегла з Пінску. Па апісанні бацька адразу зразумеў – дачка.

Тут, на возеры, яны і дачакаліся вызвалення. На лодцы па Бобрыку вярнуліся дадому ў Сялюцічы.

У хуткім часе ўся сям’я сабралася дома. Усе засталіся жывымі. У першую вясну вызвалення Міхаіл стаў за плуг, у які ўпрагаліся дзеўкі і жанчыны. Там і прыгледзеў сваю Еўдакію. Але наперадзе яшчэ было развітанне.

Вясноў 45 года Міхаіла выклікалі ў райваенкамат. Шаснаццацігадоваму, яму рана было ў войска. А ў атрад размінёраў прызвалі.

Тыдзень навучання ў Петрыкаве, і падлеткавы атрад выйшаў на дарогі з Петрыкава ў накірунку Грабава. У большасці ішлі па дарогах, правяралі вёскі. У палі па першасці не ішлі – паспець бы дарогі зрабіць небяспечнымі, бо раз-пораз прыходзілі трагічныя весткі з розных куткоў раёна, дзе падрываліся на мінах дзеці і жанчыны. Міхаіл ішоў першым нумарам з мінашукальнікам, за ім другі нумар са шчупам.

Потым пачалі гнаць з Германіі худобу і размяркоўваць яе па калгасах. Размінёры павінны былі паспяваць ачысціць і пашы – нельга было дапусціць гібелі трафейнай жывёлы, лічылася шкодніцтвам.

– Так мінуў год, – расказвае гаспадар. – Потым я і іншыя размінёры з суседніх вёсак спрабавалі атрымаць дакумент, што працавалі на размініраванні. Не атрымалася. Калі звярталіся ў ваенкамат, у нас патрабавалі нумар атрада. А мы яго адкуль ведалі? Дзеці ж былі, навошта нам той нумар быў. Узгадалі толькі хто быў нашым камандзірам. Нам сказалі, што хутка пасля вайны ён памёр. Усё! Пацвердзіць нашу прыналдежнасць да той справы не было каму.

 Міхаіл Сцяпанавіч потым паспеў працаўладкавацца ў лясніцтва, але хутка быў прызваны ў войска. Трапіў у Карпаты.

Тры гады і тры месяцы чакала дома яго Дуня. Было ім па 25 гадоў, як бацькі сабраліся ісці ў сваты. Дамовіліся пра хуткае вяселле – як паспець адстаяцца бразе і выгнаць гарэлку.

Бацькі Міхаілу на вяселле падарылі новы дом, які будавалі ўсёй сям’ёй. Па тых мерках ён быў вялікі – на два пакоі. Праўда, пакуль маладыя жылі ў яе бацькой, хату займала школа.

– Абжываліся паціху, – Міхаіл Сцяпанавіч расказваючы пра іх з Еўдакіяй Трафімаўнай жыццё міжволі паглядае на яе партрэт, дзе яна маладая. Той вісіць нібы галоўным у вялікай колькасці маленькіх фотаздымкаў, дзе ўсе – дзеці, унукі, праўнукі. – Спачатку і спаць давялося на падлозе. Працавалі, то і мелі нешта. Дабудавалі да хаты яшчэ пакой і вяранду – пайшлі ж дзеці, хацелася, каб усім быў прастор.

Дзве дачкі і два сыны атрымалі ад бацькоў добрую навуку жыцця. Віктар, Мікалай і Вера атрымалі адукацыю, дадому больш не вярнулася. А Люда пасля школы засталася з бацькамі, на той час маці захварэла цяжкай формай астмы і ёй патрэбна была дапамога.

Сем унукаў і сем праўнукаў сёння ў Міхаіла Сцяпанавіча. Шкадуе, што Еўдакія не ўсіх іх паспела ўбачыць – памерла дзесяць гадоў таму. А два гады назад здарылася яшчэ адна бяда – у аўтамабільнай аварыі загінула дачка Вера разам са сваім мужам.

Гаспадар расказвае пра дзяцей і голас мацнее ад гонару за іх. Віктар некалі быў дырэктарам камбіната жалеза-бетонных канструкцый ў Асіповічах. Цяпер старшыня аб’яднанай галіновай прафсаюзнай агранізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў транспарта і камунікацый. Мікалай пачынаў старшынёй Муляраўскага сельпа. Быў намеснікам старшыні райвыканкама ў Петрыкаве. Дзесяць гадоў кіраваў Жыткавіцкім раёнам. Цяпер кіруе службай забеспячэння чыгуначнага падраздзялення ў сталіцы. І Віктара, і Мікалая бацька бачыў у навінах, калі Прэзідэнт краіны прымаў новы аэрапорт і дзякаваў абодвум за якасную работу. Вера адпрацавала ўсё жыццё дзяжурнай на чыгунцы ў Асіповічах. Люда – на футравай фабрыцы ў Жлобіне.

– Прыязджаюць часта, праз тыдзень і едуць, – Міхаіл Сцяпанавіч не абдзелены клопатам. – Раз Коля, раз Люда. Віця пакуль заняты – будуе дом сыну. Прыбяруць заўсёды ў хаце, прадуктаў прывязуць. Есці варыць я і сам спраўляюся, грубкі сам напалю. Сацыяльны работнік мне дроў наносіць, вады нацягае, бывае падлогу прамые. Жыву – не бядую! Толькі ногі дрэнна ходзяць. Ці думаў, што я – лепшы танцор у вёсцы, сёння іх буду ледзьве перасоўваць. Са мной жа і дзеўкі баяліся ісці ў скокі – не паспявалі. Адзін я такі “дарослы” ў вёсцы застаўся. Астатнім мужыкам не больш васьмідзесяці. Няма з кім і чарку перакінуць, – жартуе мужчына, – яны ж яшчэ “маладыя”. Вось так і жыву: стагну, але ж ўсміхаюся.

 Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о