Любоў да Радзімы пачынаецца з яе спазнання. З гэтай нагоды з 12 па 17 сакавіка ў сярэдняй школе № 2 праводзіўся Тыдзень прыродазнаўчых навук, прысвечаны Дню Зямлі. Дэвізам яго сталі словы “Зямля – наш дом, але не адны мы ў ім жывём”. У творчым супрацоўніцтве мерапрыемствы падрыхтавалі настаўнікі геаграфіі, біялогіі і хіміі Наталля Несцярчук, Ганна Фралова і аўтар гэтых радкоў.

Кожны дзень навучэнцы школы станавіліся ўдзельнікамі новых падзей. Адкрыццё Тыдня для пяцікласнікаў было адзначана віртуальнай экскурсіяй па нацыянальным парку “Прыпяцкі” і музеі прыроды ў Ляскавічах. Навучэнкі Вольга Гатальская і Аляксандра Жукавец у суправаджэнні прэзентацыі расказалі пра стварэнне нацпарка. А дзесяцікласнікі Вераніка Жукоўская і Леанід Скрыпкін правялі для сваіх аднакласнікаў вусны часопіс “Зямля ў нас адна”.

На наступны дзень эстафету прынялі шасцікласнікі. У гульні “Займальная геаграфія” змагаліся каманды “Эверэст” і “Шторм”. З лікам 21:16 перамагла каманда 6 А класа.

Серада была прысвечана творчасці дзяцей. У гэты дзень былі прэзентаваны выставы газет, плакатаў, малюнкаў, фотаздымкаў і вырабаў з другаснай сыравіны. Рыхтавацца да іх дзеці пачалі загадзя, бо творчая справа паспешлівасці не любіць. Найбольш актыўнымі былі 9 А, 9 Б, 10 А, 11 А класы. Некаторыя вучні прадставілі адразу некалькі работ. Напрыклад, фотавыстава “Дзівосы прыроды” складалася з больш як чатырох дзясяткаў цікавых здымкаў. Пераможцы вызначаліся галасаваннем, у якім прынялі ўдзел 166 чалавек. Большасцю галасоў перамог фотаздымак “Барвовае неба” адзінаццацікласніцы Крысціны Чопчыц.

Выстава работ з другаснай сыравіны “Другое жыццё” парадавала гледачоў ідэямі і майстэрствам выканання.

У чацвер удзельнікамі мерапрыемстваў сталі вучні сёмых класаў. Дзевяцікласнікі Валерый Чарнобылец і Кірыл Луцэнка правялі для іх “Пасвячэнне ў юныя хімікі”. Потым для іх была віктарына “Геаграфія – навука цікавая”. Найбольш актыўныя ўдзельнікі і знаўцы былі адзначаны дыпломамі.

Васьмікласнікі разам са сваімі бацькамі ў пятніцу арганізавалі фітабар “Чароўны водар”. Прапаноўвалі адвары і настоі з шыпшыны, ароніі, глогу, святаянніку, шалфею, мелісы, эстрагону, чабору і іншых зёлак. Асаблівым попытам карысталіся напоі з рамонку, мяты, ліпы, шыпшыны. Тут жа наведвальнікі фітабара маглі паслухаць пра гаючыя ўласцівасці зёлак, правесці дэгустацыю, паспрабаваць сябе ў якасці эксперта, спрабуючы назваць расліну, з якой быў зроблены напой. Тых, хто спраўляўся з заданнем, частавалі цукеркамі.

Пасля заняткаў васьмікласнікі адправіліся на свята “Вальс кветак”, дзе атрымалі цікавыя веды пра расліны.

Завяршыўся тыдзень экалагічным марафонам, прысвечаным Году малой Радзімы. Вучні 9 класаў паказалі сябе добрымі знаўцамі народных прыкмет, экалагічных паняццяў і асаблівасцяў прыроды.

У панядзелак былі падведзены вынікі і адзначаны дыпломамі лепшыя знаўцы, каманды-пераможцы і самыя актыўныя ўдзельнікі. Іх аказалася так многа, што ў артыкуле ўсіх і не пералічыць. Але іх імёны, фотаматэрыялы размешчаны на школьным сайце.

А праз газету шчыра дзякуем усім вучням, бацькам, настаўнікам за дапамогу ў правядзенні тыдня і з нецярпеннем чакаем новых цікавых сустрэч.

Валянціна ГЕРАСІМЕНКА,

настаўнік СШ № 2.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

IMG_1722 IMG_1714 IMG_1712 2 1

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о