Петрыкаў развіваецца не толькі ў архітэктурным плане, але і ў творчым. Упершыню ў горадзе быў паказаны канцэрт, створаны аматарамі, а не прафесіяналамі. Што гэта значыць? Гэта значыць, што ў моладзі ёсць месца, дзе можна рэалізаваць свае ідэі. Размова ідзе пра канцэрт, што адбыўся ў першую суботу жніўня ў летнім амфітэатры.
– Ідэя канцэрта ў мяне з’явілася даўно, – падзілілася арганізатар Наталля Бурмістрава. – Але не было выпадку, каб яе ажыццявіць. За столькі часу было зроблена шмат: пастаўлены танцавальныя нумары і пашыты касцюмы. Пашанцавала, што ў горадзе адкрылі новы амфітэатр. Мы адразу, як кажуць, паклалі на яго вочы. І тут мая фантазія разыгралася. Захацелася жыхарам Петрыкава паказаць усе свае задумкі. Пачалі рыхтавацца яшчэ ў маі. Я тэлефанавала шмат каму, запрашала да ўдзелу ўсе калектывы. Тыя, хто адгукнуўся, выступілі з намі і дапамаглі зрабіць вечар па-сапраўднаму святочным. Рэпетыцыі набіралі абароты. Пісала сцэнарый такім чынам, каб танцоры змаглі перапрануцца, а вакалісты – адпачыць.
Толькі ў мерапрыемстве шмат было момантаў, пра якія я і ўявіць не магла. Гэта было складана, але мы справіліся. Акрамя праграмы, трэба было падрыхтаваць асвятленне сцэны, упрыгожыць яе. Адзначу, што дапамога прыйшла даволі хутка. Знайшліся людзі, якія падтрымалі нашы задумы. Дапамагалі бацькі артыстаў, самі артысты прыйшлі ўпрыгожваць сцэну. Вялікі дзякуй скажу кіраўніцтву раёна, дырэктару раённага Дома культуры Антаніне Бруяка і першаму сакратару раённага камітэта ГА БРСМ Дар’і Туравец. Асабістая падзяка маёй правай руцэ – Настассі Прысадзе, пастаноўшчыку амаль паловы нумароў.
Наталля Бурмістрава нарадзілася ў Петрыкаве, тут скончыла сярэднюю школу № 1. Сёння яна працуе швачкай у раённым Доме культуры.
– Першую вопратку я сшыла ў пятым классе. З той пары творчасць мяне не пакідала, – працягвае Наталля. – Потым пачала шыць сабе розныя сарафаны, сукенкі. У бабулі знайшла швейную машынку.
У горадзе хочацца зрабіць штосьці вельмі цікавае, арыгінальнае, нестандартнае. Цікава адмовіцца ад грамадскіх стандартаў, унесці троху перца ў нумары, энергіі.
Ведаю, што шмат чаго новага ўспрымаецца з крытыкай, але праз час гэта новае становіцца нормай. Пасля канцэрту мы так натхніліся, што ўжо марым пра новую праграму.
Вялікі дзякуй усім, хто прыйшоў паглядзець на нас у амфітэатр. Прабачце, калі штосьці не атрымалася. Мы яшчэ не маем значнага вопыту, але ў наступны раз плануем ўзняць узровень.
Яшчэ адна асоба, пра якую абавязкова трэба напісаць –дачка Наталлі – Ангеліна. Дзяўчына скончыла дзясяты клас гарадской гімназіі. Добра вучыцца і паспявае рэалізоўваць танцавальныя задумы.
– Пачала танчыць я ў 8 гадоў, – распавяла Ангеліна. – Сольным выкананнем занялася з 14 гадоў. Менавіта тады зразумела, што ёсць магчымасць самой стаць пастаноўшчыкам. Дапамагла мне “танцавальная” мама – Настасся Прысада… І так быў створаны калектыў “Лайт”. Першапачаткова ў ім танчылі толькі дзяўчаты, потым завіталі і хлопцы.
Мне хацелася даказаць, што неабавязкова быць прафесіянальным танцорам ці наведваць які-небудзь калектыў, каб добра танчыць. Можна быць самастойным танцорам, кайфаваць ад гэтага і дарыць задавальненне гледачам.
У Петрыкаве мне не хапае танцавальных батлаў. Гэты напрамак адзін з цікавых і дазваляе выявіць сапраўднага танцора.
Я яшчэ шмат чаго не ўмею, але пастаянна ўдасканальваю свае танцавальныя “па”. Спадзяюся, усе былі задаволены нашым канцэртам. Гледачы маглі заўважыць, што танчылі мы ў розных стылях. Гэта былі эстрада, кантэмпорары, мадэрн, вог і шафл. Пра некаторыя ніхто яшчэ не чуў.
Калі ў вас ёсць жаданне падрабязна даведацца пра гэтыя жанры, то прыходзьцце на нашы репетыцыі, або лепш –танчыце разам з намі!

ТВОРЧАЯ СЯМ’Я БЕЗ МЕЖАЎТВОРЧАЯ СЯМ’Я БЕЗ МЕЖАЎТВОРЧАЯ СЯМ’Я БЕЗ МЕЖАЎ

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА і з архіва сям’і Бурмістравых

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о