У мінулую сераду ў канцэртнай зале РДК прайшоў адзін з самых добрых і шчырых, на мой погляд, канцэртаў – чарговы раз Петрыкаўшчына прымала межрэгіянальны інтэграцыйны фестываль “Ад сэрца да сэрца”. Асаблівасцю мерапрыемства з’яўляецца тое, што ўдзельнікі яго – людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Застаецца толькі здагадвацца, якую моц характару трэба мець, каб не толькі пераадольваць цяжкасці лёсу, але і аддаваць частку сябе мастацтву.

Сёлета на фестываль з’ехалася больш 30 удзельнікаў з 9 суседніх раёнаў. Свае сілы канкурсанты спрабавалі ў трох намінацыях: вакальным выкананні, харэаграфічным мастацтве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

З прамовай перад канкурсантамі выступіў старшыня журы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Канстанцін Плікус:

– Толькі пераадольваючы цяжкасці, чалавек можа развівацца, станавіцца лепшым і смела ісці наперад. Імкніцеся да творчасці, не верце прароцтвам. Будзьце вясёлымі, азартнымі і проста цудоўнымі людзьмі. Жадаю ўсім здароўя, удачы і няхай пераможа лепшы!

IMG_7731

IMG_6792 IMG_6771

Пачаўся сапраўдны канцэрт. З усмешкамі і запалам артысты змянялі на сцэне адзін аднаго і займалі свае месцы ў зале, ужо ў якасці гледачоў. Дарэчы, і гледачамі канкурсанты аказаліся выдатнымі, гучнымі апладысментамі адорвалі яны кожнае выступленне. А паглядзець было на што: арыгінальнае выкананне танцаў, прыгожыя галасы спевакоў. Усё гэта стварала сапраўдны дыялог сцэны і залы. Станоўча, што візітнай карткай Петрыкаўшчыны на рознага кшталту ўрачыстасцях становяцца выступленні маленькіх артыстаў, што не пакідаюць ніводнага гледача абыякавым.

Неўзабаве надышоў час падводзіць вынікі. Журы пакінула залу для вызначэння пераможцаў, а перад прысутнымі выступілі навучэнкі Петрыкаўскага СПТВ з музычным кіраўніком Валянцінам Буднікам. Выдатнае выкананне знаёмых песень, энергічная харэаграфія “сарвалі” сапраўдную авацыю. Здаецца, прысутныя і забыліся пра спаборніцкі характар фестывалю, проста адпачываючы душою.

Затым былі агучаны вынікі. У намінацыі “вакальнае выкананне” дыпломам трэцяй ступені быў узнагароджаны Акцябрскі Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, другімі былі суседзі з Калінкавічаў, а першымі – нашы землякі. У харэаграфічным мастацтве дыпломам трэцяй ступені былі адзначаны выхаванцы Лельчыцкага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, другое месца дасталося ўдзельнікам з Петрыкаўскага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а першае – самыя маленькія артысты з мясцовай школы-інтэрната.

Сярод майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці дыпломам трэцяй ступені адзначылі выхаванцаў Ельскага Цэнтра, другімі былі суседзі з Мазыршчыны, а першымі – з Хойнікаў.

Віншуем удзельнікаў з узнагародамі і жадаем ім энергіі, натхнення і моцнага здароўя. Дзякуй за настрой!

Арцём ГУСЕЎ.

Фота аўтара.

IMG_7775 IMG_6717 IMG_6728 IMG_6810 IMG_6857 IMG_6881 IMG_6935 IMG_6986 IMG_7008 IMG_7023 IMG_7106 IMG_7190 IMG_7215 IMG_7246 IMG_7350 IMG_7366 IMG_7435 IMG_7749

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о