Дзвюм рэчам у маёй машыне можна смела даваць ганаровае званне «Народны вогнетушыцель» і «Народная аптэчка Петрыкаўшчыны». Знак аварыйнага прыпынку пакуль прэтэндуе на званне заслужанага. Такі жарт, магчыма, і выклікае ў кагосьці ўсмешку, але сітуацыя, на самой справе, зусім не смешная.

Блізяцца халады, аўтааматары рыхтуюць ці будуць рыхтаваць свае машыны да зімняга сезону. У большасці гэтая працэдура абмяжуецца заменай шын і вадкасцяў, іншыя будуць ліквідаваць пэўныя праблемы корпуса: рамантаваць замкі, змагацца з паржавеласцямі, але толькі малая доля задумаецца пра першую дапамогу і пажарны сродак.
– У мяне ёсць, толькі тэрмін прыдатнасці скончыўся, – не раз тлумачылі мне знаёмыя, пазычаючы вядомыя рэчы. Цікава, што на ўдакладняючае пытанне: «А калі што здарыцца?», – некаторыя нават раз’юшана крыўдзіліся, маўляў, не каркай, нібы менавіта я гэтымі словамі магу наклікаць бяду. А кажуць машыны часу яшчэ не вынайшлі, дык вось яна – сапраўднае перамяшчэнне з ХХІ стагоддзя ў цёмныя часы сярэднявечных забабонаў.
Варта разумець, што сама па сабе наяўнасць вогнетушыцеля і аптэчкі не істотна зменіць справу ў надзвычайнай сітуацыі, калі не ўмееш імі правільна карыстацца. Давайце шчыра, кожны сам для сябе адкажа на пытанне: што засталося ў нашай свядомасці пасля даўніх (для большасці) заняткаў па першай дапамозе? Прадракаю, што пераважная частка ўзгадае пра тэрмін накладання жгута, пра масаж сэрца і на гэтым багаж каштоўных ведаў будзе вычарпаны. А калі дадаць хваляванне, напружанасць сітуацыі?
Мой сябра аднойчы не пажадаў прыпыняцца каля месца аварыі, бо народу вакол, па яго перакананні, было дастаткова. А пасля таго, як легкавік усё ж спынілі на ўзбочыне, таварыш не хацеў ісці да месца ДТЗ, бо яму натуральна было страшна пабачыць непрыемную карціну. Гэты чалавек зусім не баязлівы, але непадрыхтаванасць да сітуацыі, адсутнасць вопыту і спадзяванне на іншых прысутных зрабілі сваю справу. Дарэчы, у той сітуацыі ўсё абышлося: кіроўцы засталіся жывыя і тэрмінова пад’ехала “хуткая”.
За гэтай гісторыяй хаваецца куды больш глыбокая праблема. Мы добра ўсвядомілі, што для дабрабыту трэба плённа працаваць: зарабляць грошы, прыкласці руку і падгледзець ідэі для рамонту, разабрацца ў мностве прапаноў электронікі і бытавой тэхнікі. А вось астатнія істотныя рэчы пакідаем па-за ўвагай. Не ўмее большасць нармальна арганізаваць, хоць бы і ў межах свайго домаўладання, асобны збор смецця. Не здольныя многія адпачываць на прыродзе без наступстваў да навакольнага асяроддзя. Не патрэбны нам прафілактычныя меры для ўласнага здароўя – да ўрачоў мы крочым, калі мацней забаліць.
Не зважаем мы і на меры бяспекі. Але ўсе як адзін мроім пра цывілізаванае жыццё. Толькі бяспечнае існаванне, ды і ўсё вышэйузгадане – таксама нялёгкая і пастаянная работа, якая ў нашым выпадку пачынаецца з сябе.
Блізіцца зіма, калі ўзрастае колькасць ДТЗ. Я ведаю, што кожны, хто чытае гэтыя радкі, упэўнены: здарэнні мінуць яго бокам. Спадзяюся, што так і будзе. Але хіба не кожны, на вялікі жаль, пабачыць і ў гэты халодны сезон машыны, што стаяць з уключанай «аварыйкай», аўто, што вылецелі за ўзбочыну на заснежаныя палеткі, пабітыя бамперы і, нават, больш сур’ёзныя ДТЗ. Ёсць спадзяванне, што большасць з нас не застануцца абыякавымі, вось толькі каго ты выцягнеш з канавы, даражэнькі чытач, калі трос заўсёды пазычаў у суседа па гаражы? Якую дапамогу акажаш, калі аптэчка з’яўляецца ў тваёй машыне раз на год падчас тэхагляду? Каго ўвогуле заўважыш у цёмны час, калі знак аварыйнага прыпынку гасцюе з аднаго багажніка ў другі сярод усіх аўтааматараў вёскі?

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о