Сярод пяці дзяцей у сям’і Каця была малодшай. Іх вёска ў Пермскім краі, бадай, нічым не выдзялялася сярод іншых. У трыццатым годзе арганізаваўся калгас, дзе працавалі дарослыя, а летам і дзеці. І ўсё ж галеча і нястача былі, лічы, у кожнай вялі-кай сям’і. 

Каця пайшла ў першы клас, калі пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр бацька. Усе клопаты леглі на плечы маці. Праўда, старэйшыя дзеці дапамагалі ёй. Да вайны Каця скончыла чатыры класы мясцовай школы. Браты ў гады вайны мужна змагаліся з фашыстамі. Іван і Васіль загінулі на фронце. Пятро і Апанас, параненыя, са шматлікімі ўрадавымі ўзнагародамі пасля дэмабілізацыі вярнулі-ся ў родную хату. Стварыўшы сем’і, яны засталіся ў роднай вёсцы і жылі асобна. Працавалі мужчыны ў лясной гаспадарцы.
Маці цяжка хварэла, таму Каці давялося ў дзяцінстве шмат працаваць. Зведала дзяўчына, што такое не толькі жаночая праца, але і мужчынская. Навучылася касіць траву, рэзаць дровы, калоць іх. А калі памерла маці, прадала карову і паехала на курсы повараў. Пасля вучобы ўладкавалася ў леспрамгасе, дзе варыла рабочым есці. Тут пазнаёмілася з беларускім хлопцам Іванам Рымшам, які па камсамольскай пуцёўцы прыехаў на лесараспрацоўку.
– Надта спадабаўся ён мне, – узгадвае Кацярына Пятроўна. – Сябравалі больш года, а потым пажаніліся.
Прыемна адзначыць, што маладым тады ж далі жыллё. З Навасёлак жа прыходзілі пісьмы, у якіх паведамлялася, што жыць вяскоўцам цяжка, на працадні ў калгасе людзі атрымліваюць мірэрную плату. У Сібіры ж заробак быў нядрэнны, таму Іван не збіраўся пакідаць абжытае месца, нават пабудаваў свой дом. Сям’я тым часам павялічвалася: нарадзіўся Толя, а потым Віця. Івана неўзабаве як падмянілі. Ён вельмі засумаваў па сваёй роднай Беларусі.
– Не змагла я яго стрымаць, – кажа Пятроўна. – У 1953 годзе ўсё ж пераехалі ў Навасёлкі. Спачатку жылі ў бацькоў Івана. Было цеснавата, вось і вырашылі зноў будавацца. Дапамаглі грошы ад продажы селішча ў Сібіры. Праз два гады ўсяліліся ў сваю хату.
Кацярына Пятроўна працавала поварам у Навасёлкаўскай бальніцы, муж яе – у калгасе. Сям’я павялічвалася: нарадзілі-ся Люся, Саша.
Неўзабаве арганізавалі саўгас “Навасёлкі”. Заробкі, асабліва ў жывёлагадоўлі, былі немалыя, таму і вырашыла жанчына пайсці працаваць даяркай. Было цяжка: дзеці малыя, на ферме работы шмат ды і дома клопатаў хоць адбаўляй. Але Кацярына Пятроўна не скардзілася. Да таго ж навучылася прасці, ткаць, бо ў Сібіры такой справай не займалася. Свёкар быў майстрам, як кажуць, на ўсе рукі. Ён зрабіў кросны, за якімі жанчына працавала начамі. На дзіва прыгожыя покрыўкі атрымліваліся. Яны захаваліся і па сённяшні дзень, упрыгожваюць ложкі. Займалася Кацярына Пятроўна і вышыўкай. Прыгожыя ручнікі аздабляюць пакоі.
Знаёмыя, суседзі завуць яе сібірачкай, хаця Кацярына Пятроўна жыве ў Навасёлках ужо 66 гадоў.
Калісьці разам з мужам жанчына адпраўлялася на балота, каб нарыхтаваць сена для ўласнай каровы. Каса ў яе руках аж пасвіствала, а пракосы з’яўляліся шырокія, роўныя. Не кожны мужчына мог рабіць такія.
Апошнія гады перад выхадам на пенсію Кацярына Пятроўна працавала на АВМе, дзе рабілі травяную і хвойную муку. Кіраўніцтва саўгаса ацаніла старанную працу. Жанчына была ўзнагаро-джана медалём “За працоўную доблесць”. Не раз атрымлівала каштоўныя падарункі, ганаровыя граматы. Медаль “Ветэран працы” ўручылі, калі ішла на пенсію.

Рана пайшоў з жыцця муж. Кацярына Пятроўна не лаяла лёс, вытрымала. Рабіла ўсё магчымае, каб дзеці былі апранутыя, абутыя, накормленыя. Трымала ў падворку розную жыўнасць. Словам, працы хапала, адпачываць не было калі. Дзеці вырасці, знайшлі сваё месца ў жыцці.
– Старэйшыя сыны Толя і Віця засталіся жыць і працаваць у Навасёлках, ва ўсім дапамагалі мне, – працягвае Кацярына Пятроўна, – але Бог не даў ім доўгага жыцця. Змахнуўшы слёзы, яна на нейкі час змаўкае. – Дзякуй Богу, не цураецца мяне нявестка Святлана, Толева жонка. Яна наведваецца штодзень. І ў краму сходзіць, і так па дамашняй гаспадарцы дапамагае.
Дачка Люся і сын Саша жывуць і працуюць у Мінску. Штогод летам яны са сваімі сем’ямі прыязджаюць у вёску.
Характэрна, што ў Кацярыны Пятроўны пяць унучак і сямёра праўнукаў.
Свой юбілей, а жанчыне днямі споўнілася 90 гадоў, сустракае з настроем.
– Пенсію атрымліваю рэгулярна, мне яе хапае, так што жыць можна, да таго ж у агародзе вырасціла сабе бульбу, моркву, буракі, цыбулю, часнок, памідоры.
– Ці хочацца на радзіму?, – пытаюся.
– Безумоўна хочацца. Часам сніцца родная вёска ў Пермскім краі, сваякі, суседзі. Хаця тых, каго я ведала, і ў жывых ужо няма. Жанчына на момант задумалася, потым дадала:
– А ўсё ж я не шкадую, што трапіла ў Беларусь. Зараз тут мая радзіма.
Пры развітанні я пажадаў беларускай сібірачцы здароўя і радасці.
Уладзімір ПУГАЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о