Гэта гісторыя пачалася больш за год таму, калі па-над вяслярнай базай пачалі, кажучы вобразна, гусцець фарбы. З-за незадавальняючых умоў аб’ект прапанавалася ці аднавіць, ці знесці і пабудаваць новы. Была і яшчэ адна прапанова: перанесці базу на гарадскі стадыён, а вяслярную інфраструктуру паставіць каля старога пляжа, за 300 метраў у падножжа крутога мыса.

Цяжкі, але выніковы стартДля чалавека далёкага ад трэніровачнага працэсу весляроў, апошняя прапанова магла здацца слушнай – адноўленая спартыўная база, трэнажоры, ды і месца павінна хапіць усім. Але на справе гэта нязручна для весляроў, бо, па сутнасці, за стадыёнам уся цывілізацыя заканчваецца: няма ні тратуараў, ні надзейных спускаў да вады. Ды і ўвогуле, як забяспечыць нагляд за дзецьмі на такой доўгай адлегласці, калі аднаму з юных спартсменаў спатрэбіцца адлучыцца ці пакінуць трэніроўку раней? Стадыён – добрае выйсце для падтрымкі агульнай фізічнай падрыхтоўкі аматараў веславання ў зімовы час, але немэтазгоднае вырашэнне для арганізацыі трэніровак па профілі.

Наконт лёсу вяслярнай базы з’явілася мноства меркаванняў, большасць з якіх былі несуцяшальнымі. Нехта разводзіў рукамі, разважаючы, што аднаўленне базы зацягнецца на нявызначаны час. Іншыя з засцярогай адзначалі, што месца, напэўна, упадабаў хтосьці з заможных і ў хуткім часе тут з’явіцца не новы спартыўны аб’ект, а кафэ ці рэстаран.

Ішоў час. Незразумеласці сітуацыі дабаўляла яшчэ і тое, што вядомы далёка за межамі Петрыкаўшчыны трэнер весляроў Мікалай Бобрус атрымаў узнагароду ад Прэзідэнта Беларусі з нагоды плённай працы ў выхаванні спарт-сменаў. Тут трэба дадаць, што весляры з’яўляюцца ў нашай краіне самымі выніковымі спартсменамі і стабільна прыносяць рэспубліцы прызавыя месцы спаборніцтваў найвышэйшага ўзроўню.

Атрымлівалася, што з аднаго боку відавочна было толькі тое, што петрыкаўскае веславанне пачало перажываць не самы свой лепшы час, але з другога боку была, здаецца, і ўвага, і ўзнагароды.
У хуткім часе галоўнае памяшканне базы было зруйнавана, а на месцы будынка з’явілася новая пабудова. Сітуацыя, здавалася, пачала вырашацца, але пытанняў паўставала больш, чым адказаў. Пара невялічкіх пакояў, каля 12 градусаў вышэй за нуль па Цэльсію ў зімовы час, слабое асвятленне. Ці ў такіх ўмовах па-вінны трэніравацца юныя спартсмены ў 21 стагоддзі?

З іншага боку – гэта быў толькі пачатак. Спартсмены ў час зімовага сезону размясціліся ў першай гарадской школе і час на паляпшэнне сітуацыі быў.
Мінула зіма, пацяплела. Спартсмены зноў выйшлі на ваду, распачаўшы сезон. На базу наведаўся кіраўнік Гомельскай СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні Андрэй Вярбіцкі. Разумеючы выдатную магчымасць высветліць, як складваюцца справы ў весляроў і задаць хвалюючыя грамадскасць пытанні, напрасіліся на размову і мы. На тэрыторыі шчыравалі працаўнікі, усталёўваючы новую агароджу. Спартсмены выгружалі з лафета новыя байдаркі: дзевяць “адзіночак” і адну “двойку”, сярэднім коштам каля 2,3 тысячы рублёў кожная.

Трэба адзначыць, што некаторыя праблемы знайшлі сваё вырашэнне, іншыя, па словах Андрэя Міхайлавіча, – надуманыя. Ёсць і акалічнасці, для станоўчага вырашэння якіх патрэбна яшчэ прыкласці шмат намаганняў і патраціць немалыя сродкі.
– Па-першае, хацеў бы выкрыць некаторыя чуткі, што не маюць пад сабой падмурку. Я меў непасрэднае дачыненне да вырашэння лёсу гэтай базы і магу зазначыць, што аніякіх размоў на афіцыйным узроўні пра перадачу гэтага месца на затоцы Бычок у прыватныя рукі ніколі не ішло. Верагодна, хтосьці з мясцовых выказаў уласную здагадку, якую некаторыя жыхары падхапілі і пачалі актыўна распаўсюджваць.

Па-другое, ніякага дачынення да рэчаіснасці не мае і тое меркаванне, што, нібыта, ліквідацыя старога будынка – уласнае рашэнне кагосьці з улады. Маўляў, ці пабудова камусьці не спадабалася, ці мелі месца нават нейкія асабістыя антыпатыі. Спяшаюся зазначыць, што гэта не так: рашэнне прымаў не адзін чалавек, а прэзідыум прыфсаюзаў. Прычыны мы таксама не ўтойваем: кепскі тэхнічны стан пабудовы ствараў небяспеку для дзяцей. Гэта афіцыйна пацвердзілі кампетэнтныя службы.

Напэўна, такая чалавечая натура: пакуль нічога не адбылося, мы лічым што ўсё добра, бяда не кране нас. Але ўявіце, каб нешта, барані Бог, здарылася… Ці знайшоўся б хоць адзін чалавек, які сказаў бы пасля здарэння, што стары будынак базы трэба захаваць?

Цяжкі, але выніковы стартПа-трэцяе, мы сутыкнуліся з нараканнямі на тое, што зала ў новым будынку мае невялікі памер. Тут трэба адзначыць, што ў параў-нанні з памяшканнем былой пабудовы, сучасная не надта адрозніваецца сваёй плошчай, толькі вышынёй столі. Зала сапраўды ўмяшчае толькі 5-8 чалавек і некаторыя паспяшаліся адзначыць: маўляў, як для паўсотні спартсменаў можна наладзіць тут трэніровачны працэс?
Прапаную разабрацца: 53 чалавекі, што зараз займаюцца тут веславаннем, ніколі не прыйдуць на трэніроўку разам. Гэта чатыры групы па 12-14 чалавек. У кожнай з груп свой час для трэніровак. Прынамсі, так павінна быць. Пакуль палова дзяцей групы займаецца на вадзе, другая займаецца ў зале. Магчыма, гэта не ідэальныя ўмовы, але арганізаваць трэніроўку ў такіх абставінах магчыма. Усе нормы захоўваюцца, бо ёсць тут і душавая з гарачай вадою, і прыбіральня. Забягаючы наперад, адзначу: гэтае, пакуль адзінае памяшканне – не вяслярная база, а толькі яе частка. У перспектыве тут з’явіцца пабудова, дзе будзе і элінг і месца для трэніровак. Таксама плануем усталяваць тут вяслярны трэнажор, але на гэта патрэбны час і, галоўнае, грошы.

Са сродкамі ёсць пэўныя цяжкасці і, спадзяюся, людзі разумеюць, што ў сучаснай складанай сітуацыі, калі вялікіх сродкаў патрабуе арганізацыя мер для барацьбы з пандэміяй, пабудова элінга прымушае ўсіх нас пачакаць. Але справа не толькі ў грашах. Калі б у нас была нават адкрытая лінія фінансавання, пазбегнуць пэўных працэдур, прадугледжаных законам, як то афармленне дакументаў, арганізацыя тэндару і іншае, немагчыма. Да таго ж, у праблемным стане зараз знаходзіцца яшчэ тры падобныя базы ў вобласці, дзе таксама чакаюць тэрміновага вырашэння праблем.

Цяжкі, але выніковы стартАд сябе магу паабяцаць, што аб’ект будзе, трэба толькі пачакаць. Зрэшты, усе папярэднія абяцанні мы выконвалі. У якасці гарантыі маіх слоў можна адзначыць той факт, што на вяслярную базу ўжо патрачана каля 100 тысяч рублёў. А калі сродкі пушчаны ў абарот, справа па рэканструкцыі базы не спыніцца, гэта ўжо не мэтазгодна.

Дабрачынны рахунак
BY50POIS31350011336300933003
УНП 490423448
МФО POISBY2X
ОАО “Паритетбанк”
246050 г. Гомель, пр. Леніна 2а

Так, нам патрэбныя грошы. Ці ёсць выйсце? Ёсць – ахвяраванне. У якасці яскравага прыкладу звернем увагу на прэцыдэнт у Жыткавічах, дзе за сродкі ахвяравання база была пабудавана з нуля. Так, без дзяржзатрат, на народныя грошы тут з’явіўся годны спартыўны аб’ект. Таму, калі вы жадаеце дапамагчы нам зрабіць унёсак у развіццё мясцовага петрыкаўскага веславання, калі вы неабыякавыя да гэтай цудоўнай палескай традыцыі, што знайшла сваё ўвасабленне ў спорце, вы можаце дапамагчы базе і веслярам не толькі словам, але і справай. Я не маю на ўвазе і тым больш не прашу вялікіх грошай, але ўявіце, калі кожны пяты, ці кожны дзясяты жыхар Петрыкаўшчыны пералічыць на дабрачынны рахунак па 2-3 рублі, гэта будзе істотная дапамога, – адзначыў Андрэй Вярбіцкі.

– Дзякуй за размову, Андрэй Міхайлавіч, спадзяёмся, што цяжкасці будуць пераадолены і адноўлены спартыўны аб’ект падорыць Беларусі яшчэ не адну Марыну Ліцвінчук, Мікалая Хільмана ці Сяргея Фіндзюкевіча.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о