Вось і завяршыўся летні сезон маладзёжных пляцовак у гарадскім парку, выступлення ў творчых калектываў на сцэне летняга амфітэатра. Без сумнення, што задума арганізатараў суботніх вечароў – як мага больш прыцягнуць адпачываючых у абноўлены гарадскі парк – апраўдала сябе спаўна. На працягу трох цёплых месяцаў наведвальнікаў упадабанага месца адпачынку было шмат. Прычына простая: прыгожа, камфортна, цікава. Занятак па душы мог знайсці кожны.

Цяпло ад сустрэч будзе з намі
Сезон летніх суботніх вечароў завяршыла выступленне
артыстаў народнага ансамбля песні, танца і музыкі “Лявоніха” Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры

Працуючы на пляцоўках у якасці карэспандэнта, зразумела, што заўсёды радаваў  і адначасова здзіўляў той факт, як на пэўнай тэрыторыі і ў адзін і той жа прамежак часу знаходзяць занятак людзі розных узростаў, захапленняў і поглядаў. І ўсім баўленне вольнага часу прыносіла задавальненне.
Для дзяцей малодшага ўзросту асноўным месцам для пацех служыла гульнявая пляцоўка, на якой досыць варыянтаў для забаў. Можна было ўбачыць тэматычныя пляцоўкі аддзела культуры, адукацыі, па надзвычайных сітуацыях, раскінутыя батуты, продаж прысмакаў. Пастаянныя наведвальнікі месца для адпачынку падлеткі і працоўная моладзь. Іх поле інтарэсаў – гітара, відэаздымкі, задушэўныя пасядзелкі, майстар-класы, творчыя выступленні. Вячэрнія дыскатэкі пад адкрытым небам дазвалялі маладым праявіць сябе ў рытмах і даць волю эмоцыям. Даспадобы прыйшліся жыхарам выступленні творчых калектываў. Вось так, без нагоды, бясплатна можна пабываць на канцэрце землякоў, убачыць іх лепшыя нумары розных жанраў. Настрой у наведвальнікаў амфітэатра заўсёды быў на належным узроўні. На свае вочы я бачыла ў час канцэртаў слёзы смеху і смутку, і танчылі і спявалі прысутныя разам з музыкамі.
Для мяне лета 2022 яшчэ раз падкрэсліла, што наша Петрыкаўшчына таленавітая, людзі добразычлівыя, адкрытыя, умеюць паважаць адзін аднаго. У нас шмат моцных сем’яў, якія выкарыстоўваюць любую магчымасць выхаднога дня, каб адпачыць разам, а жыхары горада і раёна  жадаюць цёплых сустрэч у гарадскім парку.
Чакаем лета 2023, з яго новымі адкрыццямі і сустрэчамі.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о