Месца, куды бацькі ідуць не толькі з праблемай, а і з надзеяй на дапамогу і падтрымку – гэта Петрыкаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Цэнтр свой летапіс добрых спраў вядзе з 1997 года, года ўтварэння ўстановы адукацыі. Сёлета нарэшце здзейснілася самая запаветная прафесійная мара дырэктара Наталлі Мяшковай – установа атрымала ўласны будынак. Трэцяга снежня, у дзень інвалідаў і з нагоды наваселля мы трапілі на Дзень адкрытых дзвярэй і атрымалі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю ўстановы.

Цэнтр дапамогі і падтрымкі

На сёння ў цэнтры ажыццяўляецца адукацыйны працэс у спецыяльным класе для 6 дзяцей-інвалідаў і 6 дзяцей навучаюцца на доме. Да таго ж ранняй комплекснай дапамогай ахоплена 8 дзяцей. Усяго карэкцыйна-педагагічную дапамогу атрымліваюць 59 дзяцей. За лічбамі статыстыкі стаяць дзіцячыя лёсы і прафесійныя намаганні педагогаў-прафесіяналаў, людзей з вялікім сэрцам і нязгасным бляскам веры і надзеі ў вачах.

Цэнтр дапамогі і падтрымкі
У сваім прывітальным слове Наталля Альбертаўна пазнаёміла прысутных з асаблівасцямі функцыянавання ўстановы і па-дзякавала за ўвагу і падтрымку з боку райвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Запрошаны госць мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сенька выказала словы ўдзячнасці калектыву за вялікую справу навучання і сацыяльнай адаптацыі асаблівых дзетак, якой кожны з супрацоўнікаў прысвячае сваё жыццё. Пажадала прафесійных перамог і ўпэўненасці ў тым, што яны робяць вялікую справу. Ад райвыканкама і аддзела адукацыі, спорту і турызму былі ўручаны грашовыя сертыфікаты, якія плануецца выкарыстаць на набыццё мэблі ў пакой прыёму ежы. Загадчыца вучэбна- метадычнага кабінета аддзела Марына Кульба і метадыст Алена Нікешына ў сваю чаргу выказалі ўпэўненасць у тым, што новы дом для выхаванцаў цэнтра, іх бацькоў і педагогаў стане месцам здзяйснення мар і планаў. Госці пажадалі плённай працы і ажыццяўлення прафесійных мар.
Калегі і аднадумцы ў асобе дырэктара Петрыкаўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Алы Петравец, загадчыка Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці – Алены Панамарэнка, яе намесніка Наталлі Жукавец і дырэктара школы-інтэрнат Ірыны Пашук таксама парадаваліся за калег і пажадалі творчасці, натхнення і прафесійных перамог.

Цэнтр дапамогі і падтрымкі
З прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў на мерапрыемстве прысутнічала старшыня райарганізацыі “Чырвонага Крыжа” Людміла Петухова, даўні сябра ўстановы, чыя падтрымка заўсёды своечасовая і адчувальная.
У час экскурсіі па ўстанове адукацыі ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай, якая выклікала захапленне і задавальненне – для навучэнцаў і педагогаў створаны камфортныя ўмовы. На кожным кроку адчувалася: ва ўстанове сёння свята.
У працяг экскурсіі па цэнтры гасцям установы быў прапанаваны прагляд фрагментаў індывідуальных заняткаў настаўнікаў-дыфектолагаў Таццяны Яўлаш і Валянціны Палхоўскай, групавых заняткаў педагога-псіхолага Юліі Жукавец, а навучэнцы спецыяльнага класа разам з настаўнікам Таццянай Ляскоўскай і выхавацелем Аксанай Худой весела танчылі пад песню “Што такое дабрыня?”. Танцавальныя і музычныя заняткі для рабят гэтага класа самыя любімыя. Адкрытыя да зносін і актыўныя ў сваёй дзейнасці выхаванцы – вынік прафесійнай самаахвярнай працы педагогаў у адзінстве з бацькамі. Слоў захаплення і ўдзячнасці на адрас рабят і педагогаў заслугоўвае і выстава творчых работ навучэнцаў спецыяльнага класа.
Ад намесніка дырэктара цэнтра Наталлі Дворнік запрошаныя даведаліся пра накірункі дзейнасці калектыву, сярод якіх дыягнастычны, карэкцыйна-педагагічны, кансультацыйна-метадычны, інфармацыйна-аналітычны,сацыяльна-псіхалагічны, ранняй комплекснай дапамогі і вучэбна-выхаваўчай работы. Кожны з гасцей цэнтра ў гэты дзень добра разумеў, што атмасфера, створаная ва ўстанове – гэта зладжаная штодзённай работа калектыва аднадумцаў і прафесіяналаў, за што і хочацца сказаць усім ім вялікі дзякуй.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о