Міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае, што з 20 сакавіка па 18 мая забараняецца вылаў усіх відаў рыбы. Выключэннем можа быць толькі аматарскі лоў адной вудай з адным кручком ці адным спінінгам са штучнай прынадай з адным адзінарным, падвойным ці патройным кручком толькі ў светлы час сутак.
Таксама забаронена на гэты час выкарыстанне ў рыбалоўных угоддзях маламерных суднаў і суднаў з рухавікамі.

Амаль два месяцы забароны не такі і вялікі тэрмін, каб спрабаваць парушыць правілы. Тым больш, што наперадзе чакае працяглы рыбалоўны сезон без забарон і абмежаванняў.
Аднак не ўсе рыбаловы могуць саўладаць з моцным жаданнем паспрабаваць сваё рыбацкае шчасце да пары. Як расказаў начальнік міжрайінспекцыі Віктар Галеня, летась у перыяд забароны толькі на тэрыторыі нашага раёна супрацоўнікамі інспекцыі былі выяўлены 11 фактаў парушэння Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.
Штрафам у 70 базавых велічынь закончылася рыбалка аднаго з жыхароў раёна, які ў час нерасту з лодкі закінуў сетку. Справа мела крымінальны характар, бо парушэнне правілаў лову зафіксавана за ім на працягу года двойчы. Таксама за нанесеную шкоду мужчыне давялося выплаціць 21 базавую велічыню.
22 базавыя велічыні выплаціў парушальнік правілаў рыбалоўства за два шчупакі і адну краснапёрку, вылаўленыя ім у нераст на возеры каля вёскі Навасёлкі. Суму дапоўніў штраф у 25 базавых.
Няма розніцы паміж тым, паспеў чалавек закінуць сеткі, як забаронены сродак лову, у ваду ці не. Адказнасць аднолькавая. 22 базавыя велічыні за тое, што ў час нерасту курсаваў па Бобрыку з сеткай у лодцы, паклаў у раённы бюджэт яшчэ адзін жыхар раёна.
Былі летась і тыя, хто панёс пакаранне толькі за рух на лодцы па рацэ ў час нерасту.
Віктар Галеня нагадаў рыбаловам, што шкода за вылаў рыбы ў тэрміны забароны налічваецца ў патройным памеры па кожным відзе рыбы. Калі ж скарыстаны сродкі, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на выкарыстанні электрамагнітнага поля, ультрагуку ці выбуху – шкода налічваецца ў пяціразовым памеры.
Для тых, хто хоча аказаць садзеянне ў ахове прыродных рэсурсаў, тэлефон – 5-34-75.

Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о