Студэнцкі час, мабыць, любімы ў жыцці чалавека. Новыя знаёмствы, яркія падзеі, першыя крокі ў самастойнае жыццё. Наперадзе яшчэ некалькі гадоў яркіх падзей, а, значыць, можна атрымліваць асалоду ад кожнага дня, трохі рызыкаваць, імкнуцца насустрач мары.
25 студзеня адзначаецца Таццянін дзень, а ў Расіі яшчэ – Дзень студэнта. І хай апошняе свята не зусім адносіцца да нашай краіны, так ці інакш, напісаць пра актыўную студэнтку – нагода добрая.
Гераіняй артыкула стала Аляксандра Піскун, выпускніца сярэдняй школы № 1. Дзяўчына ўжо на першым курсе вучобы заявіла пра сябе, стаўшы пераможцай конкурсу прыгажосці “Міс і Містэр Акадэмія Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”, узяўшы адразу дзве намінацыі “Міс топ-мадэль” і “Міс Акадэмія Кіравання”.
Сёння Аляксандра распавяла нам пра сваё студэнцкае жыццё больш падрабязна.

– Ні колькі не шкадую, што выбрала менавіта Акадэмію. Дзякуючы ёй у мяне ёсць магчымасць наведаць лепшыя мерапрыемствы краіны, і нават прыняць у іх удзел.
За паўтара года Акадэмія стала такой блізкай мне, што не хочацца развітвацца з ёй. Тут не бывае сумна і ўсё зацыклена на тым, каб нам, студэнтам, было весела і цікава. Шчыра рада, што менавіта гэта ВНУ падарыла мне такія яркія ўспаміны на ўсё жыццё.
З яркіх падзей 2020 гада – мая перамога на конкурсе прыгажосці і ўдзел у навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці, дзе прысутнічаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

На яго запрасілі больш за 300 студэнтаў і старшакласнікаў, якія дабіліся асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці.
Баль пачаўся з выканання ўрачыстага танца-шэсця. 72 пары, якія прайшлі кастынг на танцавальныя здольнасці, затым на працягу двух месяцаў вывучалі бальны этыкет, станцавалі паланэз.

Цікавы і карысны час – студэнцтва

Мяне ўзялі як пераможцу “Міс Акадэміі”. Мой партнёр быў таксама з Акадэміі.
Пачалі мы рэпетаваць за два месяцы да балю. Спачатку былі рэпетыцыі кожныя выхадныя, а бліжэй да балю кожны дзень з раніцы і да вечара.
Пасля балю ўсім падарылі шакаладкі і шарыкі на ёлку ручной працы з малюнкамі Палаца Незалежнасці.

Сам баль прайшоў вельмі хутка, але пакінуў многа эмоцый, мы танцавалі, глядзелі на астатніх удзельнікаў, а затым усе паехалі ў рэстаран.

Цікавы і карысны час – студэнцтва
Аляксандра вучыцца на спецыяльнасці “Эканаміст-менеджар”.
– Прадметы ўсе звязаны з эканамічным напрамкам: менеджмент, эканоміка, маркетынг, – працягнула дзяўчына свой аповед. – Пакуль не разумею, што мне падабаецца больш, усе прадметы па-свойму цікавыя. Тут усё новае для мяне.
Вельмі сумую па школе, па школьным жыцці, па настаўніках, па аднакласніках.
Першы курс наогул не магла прывыкнуць, усё яшчэ хацелася вярнуцца ў школу. Імкнуся на канікулах і па магчымасці ў вольны час вяртацца ў Петрыкаў і наведаць школу і любімых настаўнікаў.
Аляксандра таксама запэўніла, што яе ўстанова адукацыі з’яўляецца адной з лепшых у краіне.

– Наша Акадэмія сапраўды з’яўляецца вядучай дзяржаўнай установай вышэйшай адукацыі, якая ўкараняе ў навучанне сучасныя тэхналогіі і індывідуальны падыход да студэнтаў, да іх інтарэсаў, пажаданняў.
Вялікая ўвага ў Акадэміі кіравання надаецца навукова-даследчай працы студэнтаў, аспірантаў і маладых навукоўцаў.
Студэнты ўдзельнічаюць у розных канферэнцыях, алімпіядах, “круглых сталах”, конкурсах.
Праводзяцца сустрэчы і экскурсіі, але вялікая частка працы праходзіць у рамках дзейнасці студэнцкіх навуковых клубаў. На сёння дзейнічае 12 навуковых клубаў.
Крэатыўныя студэнты знойдуць сябе ў творчай лабараторыі, якая падтрымлівае розныя ініцыятывы. Лабараторыя дае студэнтам розныя шляхі самавыяўлення.
Падсумоўваючы, хачу запэўніць, што маё месца вучобы – рэальная магчымасць атрымаць не толькі якасную адукацыю, а і неверагодную колькасць яркіх эмоцый ад грамадскага жыцця ўніверсітэта.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з архіва Аляксандры Піскун.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о