Быў Вялікдзень, 4 мая 1986 года. Тыдзень з дня першых выбухаў на Чарнобыльскай АЭС, тыдзень барацьбы з пажарам на рэактары. У гэту раніцу насельніцтва абвясцілі пра катастрофу і эвакуацыю.

Тройчы камандзіраваны
У дзверы дома інспектара дарожна-патрульнай службы ДАІ Петрыкаўскага РАУС Уладзіміра Савіцкага пастукаў дзяжурны па аддзеле і паведаміў, што яго тэрмінова выклікае начальнік міліцыі Іван Горват. Праз дзясятак хвілін інспектар атрымаў ад кіраўніка ключы ад яго аўтамабіля і заданне – суправадзіць калону грузавых аўтамабіляў ў Нароўлю для правядзення эвакуацыі.
На плошчы ў Муляраўцы да 10 гадзін раніцы ўжо сабралася каля ста грузавікоў. Калона рушыла з адзіным міліцэйскім аўтамабілем з мігалкай і адзіным супрацоўнікам міліцыі ў ёй.
Што адбываецца, ніхто яшчэ не ведаў. На кальцавым перакрыжаванні ў Калінкавічах сустрэліся тры калоны: петрыкаўская, з боку Гомеля і з бабруйскай трасы. Тады Уладзімір Васільевіч пачаў разумець, што сітуацыя не радавая.
Па трасе на Нароўлю тэхніка ішла суцэльным патокам. Туды – пустыя грузавікі, адтуль – трактары, вазы, нагружаныя людскімі пажыткамі і іх гаспадарамі зверху, аўтобусы з дзецьмі, чамусьці нават без бацькоў…
Суправоджаны інспектарам транспарт хутка размеркавалі па гаспадарках пацярпелага раёна. Потым шафёры расказвалі, што грузілі худобу і везлі на мясакамбінаты ў Калінкавічы, Оршу, Гомель, племянную жывёлу – у далёкія гаспадаркі. А сам Уладзімір Васільевіч быў выстаўлены на пост рэгуліроўкі на адным са скрыжаванняў у Нароўлі.
– Вось у войну была эвакуацыя, а гэта, сынкі, – уцёкі, – сказаў міліцыянерам стары дзед, якога давялося ўгаворваць пакінуць свой дом.
– Як у фільмах пра вайну, – з болем гаворыць ветэран РАУС. – Не думаў, што такое змагу ўбачыць на ўласныя вочы. Тады ніхто не ведаў значэнне слова радыяцыя і наколькі яна небяспечная. У адной з калгасных кантор я убачыў пажылога мужчыну з дазіметрам у руках, відаць, член мясцовага кіраўніцтва. Той уключаў і выключаў прыбор, стрэлка якога скакала ад мінімальнай адзнакі да максімальнай.
Да наступлення цемры эвакуацыя была амаль скончана. Міліцыянераў адпусцілі дадому.
Потым кожныя тры дні на дзяжурства з райаддзела накіроўвалася група міліцыянераў для нясення варты ў адселеных вёсках.
15 мая зноў прыйшла чарга Уладзіміра Савіцкага. На яго ўласным аўтамабілі выехалі ўчатырох, яшчэ Пётр Міцкевіч, Уладзімір Казырэўскі і Іван Кабановіч. Апошняга потым змяніў Анатоль Герасіменка. Ужо на месцы аказалася, што час іх камандзіроўкі працягнецца на месяц, а пункт прызначэння – Савічы Брагінскага раёна, дзе быў развернуты ў мясцовай школе штаб: камандаванне, навукоўцы, камандзіраваныя міліцыянеры і салдаты тэрміновай службы ўнутраных войскаў.
– Дзяжурства – 12 гадзін, экіпаж – 5-6 чалавек, – узгадвае Уладзімір Васільевіч. Адзін аўтамабіль на дзве вёскі. На вуліцах – жудасная цішыня. Май, зеляніна, квецень і пячатка смерці на ўсім. Па першасці хоць сабакі бегалі, потым іх адлавілі для вучоных, тыя праводзілі замеры на жывёлах. Наша задача была: не дапусціць пранікнення ў вёску людзей, папярэдзіць марадзёрства. Неяк стаім на перакрыжаванні, раптам нейкі ляскат з узлеску чуваць. Глядзім, выязджае воз, на ім дзед з бабай. Убачылі нас, спужаліся, кажуць, што ў войну тут хаваліся, немцы не знайшлі, а да сваіх у рукі трапілі. Упала бабуля на коленцы і пачала прасіцца: “Сыночкі, родненькія, дзеля Хрыста!..”
Голас мужчыны задрыжэў, ён замаўчаў. Ці ж можа вытрымаць нават мужчынскае сэрца, калі глядзіць у вочы чалавечаму гору, адчаю і безабароннасці, не, не перад ворагам, перад бядою.
Са сродкаў індывідуальнай абароны паставым выдаваліся рэспіратары. Што ж яны маглі супраць радыяцыі? Іх амаль не насілі, бо спякота стаяла, пыл наліпаў на твар, рукі. Яго ўздоўж дарог, па якіх рухаўся спецтранспарт, палівалі з верталётаў нейкім склейваючым сродкам – не больш. Былі яшчэ ў нагруднай кішэні кожнага паставога накапляльнікі радыяцыі, але ім веры не давалі.
Неяк у час чарговага дзяжурства спынілі машыну на беразе Прыпяці. Вырашылі паабедаць, гледзячы на краявіды. Толькі расклаліся, пад’язджае машына хімічнай разведкі, якая выстрэльвала сцяжкамі ў асабліва забруджаных месцах. Адкрыўся герметычны люк і мужчыка гукнуў: “Мужыкі, уцякайце, тут радыяцыя ­– 25 мікрарэнтген”. Да ведама, 50 – гэта ўжо промневая хвароба. А колькі такіх “плям” давялося ім праехаць з гэтымі рэспіратарамі.
– Адзін навуковец, што працаваў на нашай базе, сказаў, што стопка гарэлкі пасля дзяжурства – нам на карысць, – працягвае ўспаміны былы міліцыянер. – Зразумела, што ўзяць спіртное там было нельга. У адзін з выхадных сеў на свой аўтамабіль і рушыў дадому. Тады і па-за зонай адсялення з гэтым справы былі складаныя. Але дапамаглі знаёмыя. Закупіўся, прывёз з дзясятак бутэлек і штовечар з калегамі “выводзілі” радыяцыю – сто грамаў, не больш. Нават вартаўніка адной з гаспадарак, што аказалася не адселеная, частавалі. Той наловіць нам за дзень вядро карасёў, нібы ў адплату, а мы яму – гарэлкі. Рыбу, канечне, не елі, але мужчыну дапамагалі хоць так.
Пасля камандзіроўкі выязджаючым вымяралі ўзровень радыяцыі. Ва Уладзіміра Савіцкага ён аказаўся 7 мікрарэнтген, амаль норма. Напэўна, таму ў верасні 1987 года была трэцяя яго камандзіроўка ў чарнобыльскую зону, зноў на месяц, але ўжо ў Хойнікі.
– На пенсію я выйшаў у 46 гадоў, – падагульняе расказ мужчына. – Пакуль былі льготы для ліквідатараў аварыі, паспеў тройчы з’ездзіць у санаторый. Стаў на чаргу для набыцця мэблі і бытавой тэхнікі, якая тады была ў дэфіцыце. Ды так нічога нам і не прапанавалі. Потым не стала льготы на дадатковы водпуск, толькі права на адпачынак у любы час года. Але галоўнае – жывы. Можа тыя штовечаровыя стопкі гарэлкі дапамаглі, можа што іншае. Але 33 гады пасля таго жыву і яшчэ планую не менш.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о