Мастацкі кіраўнік гарадскога Дома культуры ў Капаткевічах 9 ліпеня святкуе 70-годдзе.

Анатолій Суботка нарадзіўся ў Калінкавіцкім раёне ў вёсцы Дубнякі. Спецыяльнасць не выбіраў – яна сама выбрала яго. Яшчэ ў далёкія 60-я гады ён ставіў маленькія сцэнкі па казках ва ўласным доме. На парозе хаты вешалася фіранка, яна ж і служыла заслонай. На прыступках садзіліся дзеткі і пачынаўся канцэрт ці спектакль.

Трэба проста знайсці сабе  працу па душы– А ўсё таму, што дзіцячых садкоў у той час у нас не было, і мяне, як самага старэйшага, пакідалі глядзець за маленькімі. Вось я іх і забаўляў. Яны ж былі для мяне першымі гледачамі, – адзначыў Анатолій Аляксандравіч.

– Усё маё жыццё звязана з самадзейнасцю, як у школе, так і ў сельскім клубе. Нават у гады вучобы ў ПТВ мая сцэнічная дзейнасць не спынялася.

Працуючы ў Гомелі на заводзе “Гомсельмаш”, я пры Палацы культуры займаўся ў тэатральнай студыі ад Гомельскага драматычнага тэатра. У тэатральным інстытуце не было магчымасці вучыцца, ды і здарыліся праблемы са здароўем.

Працаваў у сувязі тры гады, а потым яшчэ тры на будоўлі, дзе сур’ёзна захварэў. І тут з’явілася думка: а ці не пайсці мне працаваць у культуру?

У 1977 годзе я паступаю на завочнае аддзяленне Магілёўскага КПУ (зараз вучылішча культуры), на тэатральнае аддзяленне. А з 1978 года працую ў Капаткевіцкім ГДК.

Праца мне спадабалася з першых дзён. І сёння падабацца. Няма шаблону, заўсёды нешта новае. Паездкі на канцэрты, фестывалі і розныя святы.

І добра, калі свята, якое мы арганізоўваем, атрымліваецца. Прыемна бачыць усмешкі на тварах гледачоў, гэта гаворыць пра тое, што мы патрэбны ім.  Заўсёды кажу: хлеб і песня важней самых дарагіх лекаў. Многія мяне падтрымліваюць.

Анатолій Аляксандравіч вядомы ў раёне, як аператар. У сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” ён  вядзе своеасаблівы летапіс культурнага жыцця Капаткевічаў, публікуе відэа- і фотасправаздачы з розных мерапрыемстваў, анансуе падзеі і распавядае пра жыццё работнікаў Дома культуры.

– Пра камеру або пра добры фотаапарат марыў усё жыццё, але неяк не атрымлівалася купіць. У 2010 годзе купіў маленькі лічбавы фотаапарат. А 8 гадоў таму нам сельгаспрадпрыемства падарыла камеру “Соні”. Вось тут і пачаліся здымкі.

На ўласны 65-гадовы юбілей купіў новую камеру, якой карыстаюся па сённяшні дзень. Фатаграфую і здымаю, а ад людзей атрымліваю толькі падзякі.

Дырэктар установы Ядвіга Суботка называе Анатолія Аляксандравіча сваёй правай рукой. Такого адказнага і дысцыплінаванага работніка яшчэ пашукаць трэба.

– Гэта менавіта той чалавек, які хвалюецца за кожную дэталь. Я ў ім ўпэўнена, як у сабе.

По словах нашага героя, свой узрост ён не адчувае.

– Таму што жыццё цікавае і разнастайнае. Здаецца, трэба проста знайсці сабе працу па душы. Вось і ўвесь сакрэт.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о