Пра тое, што аўтамагазін мазырскага гандлёвага прадпрыемства “Прыпяцкі Альянс” з 1 ліпеня не будзе абслугоўваць жыхароў зарэчнай зоны Петрыкаўскага раёна, было паведамлена зараней. Жыхары пасёлка і вёскі Шастовічы атрымалі такую навіну ад прадаўца аўталаўкі. І тут жа забілі трывогу: пачалі тэлефанаваць да выканаўцы абавязкаў старшыні Петрыкаўскага сельскага Савета Віталя Пілера. І не дзіўна, гэта мабільны гандлёвы пункт – адзіная магчымасць набываць прадукты харчавання для амаль паўсотні пакупнікоў. Зразумела, што пераважная большасць іх – людзі паважанага і абмежаванага магчымасцямі ўзросту.

Транспартна-прадуктовая задача
Сельскі Савет і райспажыўтаварыства трымалі сітуацыю пад кантролем. Аблспажыўтаварыству было паведамлена пра сітуацыю. Там вырашалася пытанне пра магчымасць далейшага абслугоўвання “Прыпяцкім Альянсам” нашай зарэчнай зоны, бо Мазырскае прадпрыемства мае намнога большыя магчымасці, чым Петрыкаўскае райспажыўтаварыства.
Першы тыдзень ліпеня прайшоў у чаканні аўтамагазіна каля месца яго прыпынку. Ніхто не ехаў, ні мазырскі, ні петрыкаўскі аўтамагазін.
– Да бліжэйшага магазіна ў Асаўцы Мазырскага раёна 3 кіламетры, – расказаў Уладзімір Рублеўскі, жыхар пасёлка Шастовічы. – На ўсю вёску дзве адзінкі тэхнікі – легкавы аўтамабіль у суседскі, ды ў мяне матаблок. А бліжэйшая заправачная станцыя ў Мазыры. Таму і паліва разлічваем ашчадна. Садзімся поўным кузавам ці салонам і едзем за прадуктамі. Мы ж цяпер гаспадаркі вялікія не трымаем, усё купляем: хлеб, малочныя прадукты, каўбасы. А тут без нічога засталіся. Ды што я, вунь дзед Піскун у свой 91 год з торбачкай пешшу ходзіць у магазін.
Фёдар Піскун толькі вярнуўся з “паходу”, калі мы завіталі да яго. І адразу не паверылі: сагнуты гадамі мужчына пры хадзьбе моцна абапіраецца на кіёк.
– А што рабіць, дзеткі, – падняўшыся з ложка, кажа састарэлы. – Есці ж хочацца. А прасіць некага няёмка. У кожнага свае клопаты. Каму чужыя трэба? Жонка мая слабая, хворая, з дому не выходзіць. Мне ж і пра яе клапаціцца трэба. Чакалі аўталаўку да апошняга, а ў пятніцу мусіў ісці ў Асавец. Ды і сёння (у панядзелак) ужо таксама быў.
Крыўду стомленага чалавека на ўсіх за закінутасць, непатрэбнасць старых людзей пераказваць не будзем.
З большым энтузіязмам гаварыла пра сітуацыю Зоя Цімошчанка, гаспадыня таго самага адзінага аўтамабіля:
– Тэлефанавалі мы ў раён, прасілі дапамогі. Паабяцалі, што заўтра машына з прадуктамі з Вялаўска будзе. Не, зусім без прадуктаў не застанемся. Напэўна, патрэбен час, каб узгадніць усе пытанні. Мазырская аўталаўка нам патлумачыла, што ім у маршрут дадаліся яшчэ тры населеныя пункты іх раёну. Таму яны проста фізічна не паспяваюць нас абслугоўваць. А іх паслугі нас вельмі задавальнялі. Ужо, здаецца больш трох гадоў да нас ездзяць, як закрыўся тут магазін. Раней нават тры разы на тыдзень бывалі, з вясны – два разы. Асартымент шырокі, абслугоўванне – уважлівае, рэгулярна і без спазненняў. Шкада, што цяпер можам застацца без іх. А што будзем рабіць зімой, калі з Петрыкава да нас не даедуць?
Пасля таго, як Віталь Пілер агучыў праблему на апаратнай нарадзе, у вырашэнне яе прыняў удзел старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка. Як часовая мера – у аўторак райспажыўтаварыства накіравала машыну з прадуктамі ў Шастовічы.
У райспажыўтаварыстве паведамілі, што 9 ліпеня ў Петрыкаў прыязджаў намеснік старшыні аблспажыўсаюза Іларыён Рагіеў і запэўніў, што сітуацыя будзе станоўча вырашана ў хуткім часе, Мазырскае райспажыўтаварыства ўзновіць рэйсы аўтамагазіна. Заўважце, прайшло два тыдні.
На цяперашні час Петрыкаўскае райспажыўтаварыства здзяйсняе выязны гандаль на тэрыторыі раёна чатырма аўтамагазінамі. Пяты спецыяльны аўтамабіль знаходзіцца на рамонце і патрабуе значных фінансавых выдаткаў, якімі сёння прадпрыемства не валодае. Пры магчымасці выкарыстання пятага аўтамабіля будзе разгледжана распрацоўка маршруту аўталаўкі ў зарэчную зону, якога раней не існавала. Але тое можа быць таксама часовай мерай, пакуль існуе пераправа. Астатнія паўгода, час ледаставу, спадзявацца давядзецца зноў на суседзяў.

Будзем сачыць за сітуацыяй.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о