Была ў дзяўчынкі мара: паспрабаваць сябе ў тэлевізійным праекце “Я ведаю”. Пакуль не стала явай у той момант, калі настаўніца сказала: “Саша, ты едзеш на адбор”. На мінулым тыдні за гімназістку Аляксандру Булаву “хварэў” увесь наш раён, пакуль на канале “Беларусь 1” ішоў другі адбор інтэлектуальнага шоу пяцікласнікаў. І вынік: наша Саша – суперфіналістка.

Напачатку дзяўчынцы давялося прайсці адборачны тур у Гомелі, дзе Аляксандра паказала другі вынік. Затым быў этап падрыхтоўкі да фіналу працягласцю ў вучэбную чвэрць, калі дзяўчынцы разам з былой яе настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Добаш давялося не толькі падрабязна ўзгадаць усю школьную праграму, але і праштудыраваць намнога больш інфармацыі па-за праграмай нават яе пятага класа. Якія напрамкі выбіраць, арыентаваліся на запісы тэлепраграм былых гадоў. І ў многім гэта была правільная пазіцыя.

Тэлевізійныя камеры – гэта проста

Аляксандра расказвае, што найбольш складанай для яе была тэма музыкі, тут яна не асабліва кампетэнтная. А пытанні рускай мовы былі самымі лёгкімі, бо гэтым прадметам дзяўчынка займаецца многа і мэтава. У гэтым навучальным годзе стала пераможцай раённага і заключнага этапаў прадметнай алімпіяды па рускай мове, заваяваўшы дыпломы І ступені. Умець канцэнтравацца і грунтоўна падыходзіць да фармуліроўкі адказаў – важныя яе якасці, якія дапамагалі стаць абсалютным пераможцам раённага конкурсу “Разумніцы і разумнікі”, у складзе каманды класа – пераможцам міжраённага інтэлектуальнага спаборніцтва “ДзетКІ”. Двойчы разам з Наталляй Віктараўнай Саша станавілася пераможцай раённых конкурсаў даследчых работ.

Наталля Добаш узгадвае, што першы тур конкурсу быў самым складаным. Гэта было выпрабаванне на эрудыцыю і інтуіцыю, што мела мала сувязі са школьнай праграмай, на якую ў час падрыхтоўкі быў асноўны ўпор. Годна вытрымаўшы выпрабаванне, наступныя два туры Саша прайшла з мінімальнымі стратамі.
У суперфінал шоу “Я ведаю” выйшлі 12 канкурсантаў з 36 удзельнікаў фіналу. Гэта самыя моцныя пяцікласнікі з Мінска, Гомеля, Віцебска, Бабруйска, Барысава і іншых рэгіёнаў. Цяпер працягваецца падрыхтоўка, дзяўчынка не згодна зніжаць яе тэмп ні на дзень. Верыць ва ўдачу і свае сілы.

– На жаль, у суперфінале выйграе толькі адзін удзельнік, – гаворыць Аляксандра. – Але нельга дапускаць думкі, што гэта магу быць не я. Верыць у перамогу трэба заўсёды і тады падрыхтоўка будзе не такой цяжкай і напружанай. Быць на тэлебачанні захапляльна і хвалююча. Там пачынаеш верыць у сябе і свае магчымасці. Аказваецца, усё так проста: вучыся старанна і ты – герой тэлепраграмы.

Дата суперфіналу інтэлектуальнага шоу яшчэ не вызначана. Вядома толькі, што яшчэ ёсць больш двух месяцаў на падрыхтоўку, у якія Сашы давядзецца стаць галоўнай гераіняй відэафільма пра яе школьнае жыццё і захапленні, а галоўнае – папоўніць веды. Мы верым, што гэта цікавая і неардынарная дзяўчынка яшчэ не аднойчы раскажа ўсёй рэспубліцы: дзе ён – Петрыкаў і якія таленты ў ім растуць.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о