Сёлетні азімы клін у КСУП “Кашэвічы” складае амаль паўтары тысячы гектараў. Дырэктар прадпрыемства Іван Слуцкі расказаў, што днямі гаспадарка міне 50-% рубеж. Яшчэ ў жніўні пачалася сяўба свірэпіцы – 200 гектараў. Гэту культуру выбралі цяпер замест рапсу, ураджай якога нестабільны з-за складанага надвор’я ўвесну.

Тэхніка ў полі ідзе канвеерам Тэхніка ў полі ідзе канвеерам
950 гектараў земляў выдзелена пад азімае жыта на зерне. Палова з іх ужо засеяна – 17 тон сёлетняга элітнага насення ў наступным годзе стануць уласным насенным фондам. Астатняе зерне – сваё, поў-насцю апрацаванае.
У гэтым годзе гаспадарка атрымала новую тэхніку. Пераважная большасць яе працуе на ўборцы кукурузы. 70 гектараў гэтай культуры трэба прыбраць на зерне. Вясной яе пасевы не дружна ўступілі ў рост, таму толькі цяпер саспелі. 550 гектараў кукурузы на сілас прыбраны, яшчэ столькі ж у полі. Іван Слуцкі спадзяецца, што нечаканыя вераснёўскія маразы адступяць і снег не накрые зямлю раней часу. Механізатарам, якіх у гаспадарцы і без таго недастаткова, патрэбен час.
Увесь светлавы дзень на кормаўборачнай тэхніцы і аўтамабілях на адвозцы працуюць Уладзімір Сарочык, Віталь Жукоўскі, Анатоль Гапончык, Іван Бельскі, Васіль Стралкоўскі і Арсенцій Шпігановіч. Новая тэхніка дазваляе працаваць без прастояў, запланаванымі тэмпамі, бо следам ідуць дыскатары і сеялка.
У дзень нашага візіту ў гаспадарку на полі паміж Лучыцамі і Капцэвічамі, не саступаючы адзін аднаму ў тэмпах, працавалі дыскатар і сеялка.
На атрыманым у жніўні новым Беларусе 3522 сеялкай закладваў зерне ў глебу Сяргей Цагельнік. Механізатар расказаў, што магутны трактар дазваляе спраўляцца з планавым заданнем. Сеялка ў гаспадарцы пакуль у спраўным стане адна. Пасля рамонту выйдзе другая і справа пойдзе спарней. Зразумела, што ўсе засеяныя сёлета 700 гектараў у гаспадарцы – яго рук справа.
На дыскатары ў іншым канцы поля апрацоўку глебы вёў Мікалай Бузаноўскі. У дзень меха-нізатар “аддае” пад сеялку 40-50 гектараў раллі. Кажа, такога яшчэ не было, каб сеялка за ім стаяла. Усю вясну і восень механізатар працуе з дыскатарам, летам пераходзіць на прасаванне сена і саломы. Спраў у гаспадарцы не меншае ў любы сезон. А гэта да таго ж і магчымасць зарабіць немалую капейку. Для сям’і Бузаноўскіх гэта вельмі важна, бо тут выхоўваюцца шасцёра дзяцей, двое з якіх – прыёмныя.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о