Сёлета ў танкавых гонках, якія традыцыйна праходзяць у падмаскоўным Алабіна, удзельнічалі 23 каманды з Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Упершыню назіральнікамі спаборніцтваў выступілі прадстаўнікі ЗША, Францыі і Турцыі.
“Танкавы біятлон” праходзіць у рамках Армейскіх міжнародных гульняў – “АрМІ-219”. Увогуле гульні складаюцца з 32 конкурсаў, якія праходзілі на тэрыторыі 10 краін. У 18 з іх Беларусь выставіла свае каманды. “Танкавы біятлон” – самы захапляльны і відовішчны конкурс, які патрабуе асаблівай падрыхтоўкі тэхнікі і экіпажаў.

Танкіст – спецыяльнасць мірная
Сёлета беларусы ўвайшлі ў пяцёрку лідараў “АрМІ-219” разам з Расіяй, КНР, Казахстанам і Узбекістанам. Нашым камандам удалося заваяваць два першыя месцы – у конкурсах “Снайперскі рубеж” (снайперы) і “Палярная зорка” (падраздзяленні войскаў спецыяльнага прызначэння). Дарэчы, абодва гэтыя конкурсы праходзілі ў Беларусі, на палігоне пад Брэстам. Яшчэ сем конкурсаў прынеслі другое месца – “Дэсантны ўзвод” (дэсантныя падраздзяленні), “Інжынерная формула” (ваенныя інжынеры), “Верны сябар” (кінолагі), “Палявая кухня” (повары), “Сакалінае паляванне” (беспілотны бой) і ўласна “Танкавы біятлон” (танкісты). Бронзу нашы ваенныя спецыялісты заваявалі ў “Авіядартсе” (лётчыкі), “Ваенным ралі” (вадзіцелі) і “Упэўнены прыём” (сувязісты).

Танкіст – спецыяльнасць мірная Танкіст – спецыяльнасць мірная
Гонар за нашых суайчыннікаў, узровень падрыхтоўкі нашай арміі павінен адчуваць кожны з нас. Тым больш, што ў “Танкавым біятлоне-2019” прымалі ўдзел два нашыя землякі – Павел Маркавец і Максім Лузан. І абодва выступалі ў якасці камандзіраў экіпажаў. Летась мы пісалі пра іх пасля завяршэння мінулагодніх спаборніцтваў і заваявання іх экіпажамі ІІІ месца. Сёлета – лепшы вынік беларускіх армейцаў за ўсю гісторыю “Танкавага біятлону”.
У якасці ўзнагароды членам экіпажаў быў дадзены тыднёвы водпуск. Павел у родныя Конкавічы пакуль не прыехаў, заняты арганізацыяй хуткага вяселля. Яшчэ летась ён чытачам нашай газеты расказваў пра гэтыя свае планы.
Максім жа прыехаў да маці ўсёй сям’ёй – з жонкай Насцяй і гадавалым сынам Клімам. Па-вайсковаму адказна ў першую ж раніцу прыезду сустрэўся з намі.
Гэта быў трэці “танкавы біятлон” Максіма. Упершыню ён прыняў камандаванне экіпажам аднаго з трох танкаў-удзельнікаў. Тройчы давялося танкістам выходзіць на палігон: у індывідуальнай гонцы, дзе кожны экіпаж даваў свой вынік, у паўфінале і фінале – з мацнейшымі. Т-72Б3 Паўла Маркаўца ў першы дзень спаборніцтваў прайшоў трасу за 21,54 хвіліны, а Максіма – 22,01. Не падвёў і трэці экіпаж. У выніку зборная выйшла ў шасцёрку паўфіналу.

– Па выніках індывідуальнай гонкі ў паўфінале мы апынуліся ў складзе васьмі мацнейшых каманд, – расказвае Максім Лузан. – Галоўныя нашы канкурэнты, зразумела, былі мінулагоднія пераможцы расіяне і кітайцы. Але ў фінал кітайскія вайскоўцы не трапілі, хаця ў індывідуальнай гонцы былі лепшымі – нешта пайшло не так. Мы ж зрабілі ўсё, каб паказаць найлепшы вынік. Машыны былі падрыхтаваны выдатна. Удасканальвалі іх пад трасу. Тым больш, што наш палігон Даманава пад Брэстам, дзе пачаліся трэніроўкі яшчэ ранняй вясною, мае нават больш складаную трасу. Адпрацаваны на ёй быў кожны момант. Не абышлося ў першым заездзе і без эксцэсаў: быў момант, калі машыну давялося замяніць з-за паломкі, але і гэта было прадугледжана, таму час на тое быў затрачаны мінімальны. Але гэта дробязь у параўнанні з тымі памылкамі, што дапускалі нашы канкурэнты. Экіпаж мой хаця і новы, раней мы не выступалі разам, але яны – прафесіяналы вышэйшага класу, нават нягледзячы на ўзрост. Механіку з Печаў 47 гадоў, а наводчыку з Гродна – толькі 26.
Адметнасцю сёлетніх спаборніцтваў стала выступленне на адкрыцці жаночага экіпажа. Арганізатары турніру агучылі, што ў наступным годзе ўсе краіны могуць выставіць жаночыя каманды.
Таксама Максім расказваў пра зносіны з прадстаўнікамі каманд іншых краін – кубінцамі, афрыканцамі, сербамі, манголамі, венесуэлцамі і многімі іншымі, з якімі давялося два тыдні жыць у адной казарме. Жартуе, што так адточвалі свой англійскі. Дух сяброўства і адначасова спартыўнага саперніцтва прысутнічаў паўсюдна.
– Толькі так арміі павінны змагацца, толькі ў такія схваткі выходзіць, толькі ў такіх баях перамагаць ці быць пераможанымі, – з упэўненасцю гаворыць старшы лейтэнат. – Сёння Расія аб’яднала і “захапіла” Армейскімі міжнароднымі гульнямі ўсю планету, у армейскіх гульнях гэтага года прынялі ўдзел 39 краін. І з гонарам мы, беларусы, гаворым, што наша армія – самая баяздольная, з намі не варта канфліктаваць. А таксама самая прафесійная, нашы ваенныя спецыялісты з васемнаццаці выпрабаванняў дванаццаць раз выходзілі медалістамі.
Пачыналася ўсё сем гадоў таму танкавым біятлонам, цяпер у пяты юбілейны год правядзення маштабных гульняў, прадстаўнікі больш трох дзясяткаў ваенных спецыяльнасцяў праходзяць выпрабаванні. “АрМІ” толькі набіраюць моц. Упэўнены, што цікаваць да іх будзе не меншая, чым да іншых міжнародных спаборніцтваў, спартыўных, творчых ці іншых. І будзе зразумела, што арміі патрэбны для такіх спаборніцтваў, як і вялізная кагорта прафесійных спартсменаў.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара і
з інтэрнэт-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о