6d350cb6d6c94455252a8a73ae51ef50c2e75dac
 

Мне пашчасціла атрымаць асалоду ад самай выдатнай музыкі. Пра яе выканаўцу, пра канцэрт  і свае ўражанні я хачу вам расказаць.

…Яму апладзіравала публіка ў залах Берлінскай філармоніі і амстэрдамскага Концэртгебау, франкфурцкай Альце Опер і лейпцыгскага Гевандхаўза, Рыма і Вены, Базеля і Кёльна, Лондана і Нью-Ёрка, гарадоў ЗША, многіх краін Еўропы і Азіі.

36-гадовы рэкардсмен (быў занесены ў Кнігу Гінэса за самае хуткае выкананне “Палёту чмяля” Мікалая Рымскага-Корсакава на скрыпцы) адышоў ад стылю тыповага акадэмічнага музыканта-прафесіянала. Яго не ўбачыш у фраку, у сарочцы з бліскучымі белымі манжэтамі, у лакавых туфлях. Усе прасцей: пацёртыя джынсы, светла-шэрая футболка, ад класікі – толькі пінжак. Як сімвал “інакавасці” – масіўнае кальцо з чэрапам колеру металу. Светлыя валасы ніжэй плеч, часцей сабраныя ў пучок. Гэтыя дэталі робяць яго больш падобным на рок-музыканта, але ў руках – скрыпка Страдывары.

Сучасны Паганіні. Ён працуе ў музычным напрамку, сінтэзуе класічную музыку з джазам і рокам, кантры і фальклорам. Пакуль вы чытаеце гэты матэрыял, музыкант тым часам збірае аншлаг у адным з еўрапейскіх сталічных залаў.

Прафесіяналізм, абаяльнасць стыльнага, аптымістычнага выканаўцы дапамаглі яму заваяваць сэрцы многіх – як далёкіх ад класічнай музыкі, так і калегаў па цэху. Сотні фанатаў дзяжураць каля яго дзвярэй з надзеяй убачыць куміра,  ну а калі пашчасціць, то ўзяць аўтограф ці зрабіць фота на памяць.

devid_garret_dlja_sharlotti_ost_paganini_skripach_djavola_the_devil_s_violinist
Дэвід Гарэт ў ролі Паганіні

Дарэчы, пра Паганіні. Любоў масавай аўдыторыі нямецка-амерыканскі скрыпач Дэвід Гарэт атрымаў яшчэ і дзякуючы галоўнай ролі ў фільме “Паганіні: скрыпач д’ябла”.  У праекце ён выступіў у якасці кампазітара, спецыяльна для фільма стварыў аўтарскую аранжыроўку. Гэты фільм будзе даспадобы тым, хто ўпершыню чуе пра кампазітара.

Дык вось,  вячэрні Мінск захутаны снежнай коўдрай. Здаецца, нават сам Палац Рэспублікі застыў у чаканні: што ж адбудзецца сёння? Ля ўваходу люд, выстраены ў некалькі чэргаў.  У натоўпе адчуваецца хваляванне, у руках дрыжаць нятанныя квіткі.

З аўтарскім альбомам “Explosive” музыкант аб’ехаў 23 краіны, завітаўшы і ў Беларусь. У зале ніводнага вольнага месца. Канцэрт на хвілін 20 затрымліваецца, што толькі падагравае інтрыгу.

І вось я сяджу ў 8 радзе і не магу паверыць: сучасны Паганіні будзе віртуозна парыраваць музычнымі творамі і для мяне.

Красовер-тур, з якім завітаў маэстра ў Беларусь, мае на ўвазе спалучэнне элементаў як класічнай, так і поп-, рок-, электроннай музыкі. Яго без сціпласці называюць адным з самых паспяховых у кар’еры выканаўцы.

Кожны раз на сваіх канцэртах Дэвід робіць сюрпрыз для свіх слухачоў: з’яўляецца не з-за куліс, а адкуль-небудзь з залы. Таму, як толькі патухла святло і зайгралі першыя акорды, публіка пачала азіраецца па баках, адкуль жа ён выйдзе? Як ён будзе выглядаць? Што нам скажа?

Святло ў зале нарэшце патухае і ў промнях пражэктара з’яўляецца музыкант. Крокі яго ўпэўненыя, уся хада выдае чалавека моцнага і валявога. Зала ўзрываецца апладысментамі.

Чорны пінжак, шэрыя джынсы, футболка. Нефармальна, ні кроплі вычварнасці.

Скрыпач праходзіць праз залу, спыняецца ля мікрафона і працягвае іграць Dangerous.

Дадам: яшчэ перад канцэртам фанаты на сядзеннях гледачоў расклалі кавалачкі тканіны, падпісаўшы іх на адваротным боку: на сола скрыпкі першай кампазіцыі падніміце тканіну ўверх.  І вось некалькі дзясяткаў кавалачкаў сабраліся ў вялікую мазаіку. Перад выканаўцам паўстаў яго самы любімы інструмент – скрыпка – памерам у радоў 6-7.

Сціхае  апошні акорд, апладысменты ўзрываюць залу, і светлая шчырая ўсмешка асвятляе вочы музыканта. Ён кладзе скрыпку і шчыра вітаецца…

Тры гадзіны якаснай музыкі. Гучалі і класічныя творы, і сучасныя. Знакамітыя “They Don’t  Care About Us” Майкла Джэксана,  Viva La Vida гурта Coldplay.  На канцэрце было больш сучасных поп-кампазіцый, але гучалі яны на класічны лад. Гэта адначасова здзіўляе і захапляе.

Два гады таму я была на канцэрце вядомай скрыпачкі Ванэсы Мэй. Яна павіталася ў пачатку і больш не прамовіла ні слова. Хутка знікла за кулісамі. Усяго гадзіну яна песціла нас шэдэўрамі, у тым ліку знакамітым “Штормам” Вівальдзі. Публіка ў адказ: “І гэта ўсё?”. Я была сярод тых, хто застаўся незадаволеным. Канцэрт жа Дэвіда быў куды больш насычаны і захапляльны.

Увесь канцэрт музыкант не стаяў на адным месцы – хадзіў па сцэне, каб у кожнага была магчымасць на яго паглядзець. Некалькі разоў прайшоўся па зале.

У канцы Дэвід Гарэт падзякаваў за цёплы прыём, за актыўнасць беларусаў, за аптымізм. Пазнаёміў са сваім гуртом. Пад неверагодна гучныя апладысменты яны разам зрабілі паклон і развіталіся з намі.

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка пасля канцэрта Дзяніса Мацуева напісаў наступнае: “Чалавек садзіцца за раяль і магутнымі акордамі выбівае са слова “духоўнасць” увесь той бруд, што прыліп да яго за апошнія гады. І гэта хвалебна”.

Адназначна не магу сказаць, што выбіў у мяне Дэвід, але я зразумела адно: талент – гэта ніякія не 99% працы, а ўсе 200%. 36 гадоў, з якіх 32 пайшлі на музыку. 5-6 гадзін заняткаў у дзень, колькі гэта гадзін за 10 гадоў? За 30? Якая павінна быць дысцыпліна і мэтанакіраванасць?

У 13 гадоў, як самы малады ў гісторыі такіх кантрактаў саліст, Гарэт падпісаў эксклюзіўны кантракт з Deutsche Grammophon Gesellschaft. Ведайце, гэта крута. Спіс рэгалій віртуоза можна пералічваць гадзінамі. Дарэчы, ён мыў прыбіральні і не саромеўся гэтага, бо такая справа дазваляла яму аплачваць вучобу ў Джульярдскай школе Нью-Ёрка. У 2003 годзе ён перамог у конкурсе кампазітараў гэтай школы, прадставіўшы фугу, напісаную ў стылі Баха.

Вывучы да 1000 вершаў і, мабыць, цябе возьмуць у тэатральны інстытут МДУ, да 1000 музычных твораў – і цябе запросяць іграць у аркестр. Размалюй 1000 палотнаў і 1001 будзе шэдэўрам. Ты зробіш асабістую выставу.

Я не ведаю ніводнага прафесіянала, які б застаўся без добрай працы і тым больш без добрай зарплаты. Трэба менш мысліць катэгорыямі: хто як апранаецца, які ў яго/яе аўтамабіль, як абсталявана кватэра.

Лепш звяртаць увагу на паводзіны чалавека, яго адукаванасць, выхаванасць, на тое, што ён робіць карыснага не толькі для сябе, – як паўплывае на асяроддзе.

Яшчэ я веру, што мой самы лепшы матэрыял наперадзе. Мне трэба прачытаць стос кніг і добрую тысячу артыкулаў майстроў публіцыстыкі, зрабіць сотні інтэрв’ю, каб стаць  сапраўдным журналістам.

З такімі думкамі я пакінула адзін з самых лепшых канцэртаў сучаснасці. Геніі сярод нас, звяртайце на іх увагу і бярыце прыклад. Працуйце!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о