Сёлета на жнівеньскай педагагічнай нарадзе настаўніцы Брынёўскага сада-школы Марыне Барысавай была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
– Марына Уладзіміраўна кампетэнтная ва ўсіх пытаннях адукацыі, – характарызуюць калегу педагогі сада-школы. – Яна выдатна ведае свой прадмет, умее працаваць з дзецьмі, калегамі, кіраўніцтвам, бацькамі сваіх вучняў, можа знайсці выйсце з любой нестандартнай сітуацыі. У яе вялікі дадзены Богам талент і вялікае жаночае сэрца.
Быць субяседнікам  Марыны Уладзіміраўны складана – хочацца слухаць. Родная мова з яе вуснаў льецца мякка, нібы песня. Здаецца, яна гаворыць тваімі думкамі, тымі словамі, якія ты не змог падабраць да сваіх пачуццяў. Журналісту застаецца толька запісваць.
Слова ёй, Марыне Барысавай.
Прызначэнне
Настаўнікам трэба быць 24 гадзіны на суткі. Хаця не ўсе падзяляюць гэту маю пазіцыю. Калі педагог кажа, што курыць – дрэнна, то не можа сабе дазволіць такой слабасці.
Галоўная наша задача – выхоўваць. Вучыць прадмету, зразумела, таксама. Канфліктаў, зла, чэрствасці ў свеце не становіцца менш. На кожным уроку настаўнік павінен вучыць супрацьстаяць ім, вучыць талерантнасці, чалавечнасці, альтруізму. У шматлікіх сучасных носьбітах інфармацыі дзеці бачаць многа адмоўнага. Педагог павінен паказаць дзіцяці іншы свет, дзе ўсе мы можам быць лепшымі.
Мы з калегамі на ўласным прыкладзе паказваем сваім вучням, што трэба рабіць добрыя справы. Дзеці навучыліся бачыць, дзе трэба іх дапамога і ўдзел. Яны – выхаваныя і акуратныя, гэта адзначаюць усе госці школы.

Талент быць педагогамЯк бы гэта банальна ні гучала: я за мір ва ўсім свеце. Канфлікт прыводзіць да трагедыі, у любых маштабах – асобна ўзятага чалавека ці свету. Дзеці павінны ісці ў гэты вялікі свет падрыхтаванымі, умець бачыць, разважаць, увесь час вучыцца.
Шлях да выніку
Гадзіны, урокі мы не лічым. Працуем на вынік. Так працуе ўвесь наш калектыў, інакш не ўмеем. І гэтаму вучым нашу моладзь.
Пакуль вынік ёсць – у нас будзе праца, будзе існаваць наша школа. Сёлета ў нас 65 вучняў школы і 14 выхаванцаў сада. І гэта – дзеці адной вёскі Брынёў. Вёска жыве, пакуль яе трымае школа.
Так, у горадзе цяжка працаваць, калі ў класе 30 вучняў. Лічу, што таксама цяжка, калі насупраць цябе два вучні і трэба зрабіць так, каб яны працавалі кожныя 45 хвілін усе шэсць-сем урокаў.
Стамілася. З году ў год – тэсціраванне, алімпіяды. Гэта вельмі цяжка і адказна. Калі быў аднойчы вынік, то і надалей ад цябе яго чакаюць. Ты павінен!
А хочацца займацца сваім прадметам так, каб яго палюбіў кожны мой вучань. А не падрыхтоўкай да тэстаў, экзаменаў, конкурсаў. Але сама не магу інакш. Прыходзяць да мяне вучні ў 5 клас, а я ўжо ведаю з кім і як буду працаваць на вынік, на перамогу. Калі дзіця здольнае, я не маю права не даць яму шанец. Не дарую сабе гэтага і буду вінаватая перад яго бацькамі.
Ніколі ў нашай школе не ставілася пытанне пра аплату настаўнікам рознага роду дадатковых заняткаў. Зразумела, яна ёсць. Але калі нам трэба даць вынік, то замест гадзіны факультатыва працуем з навучэнцам па тры гадзіны. Парушаем усе магчымыя графікі і расклады. Не можа дзіця прыйсці ў суботу ў 12 гадзін – я буду радая пачаць з ім працаваць і ў 8 раніцы. З Насцяй Фелькінай, маёй пераможцай рэспубліканскай алімпіяды, нават летам рыхтаваліся да яе ўдзелу ў творчым конкурсе.
Вынікі – галоўнае задавальненне. У мінулым навучальным годзе нашы чатыры выпускнікі паступілі на бюджэтную форму навучання ў ВНУ з баламі 362, 308, 306 і 304. Ганна Краменская мела 96 балаў па беларускай мове і 94 – па нямецкай.
Мы імкнемся быць аўтарытэтам для сваіх вучняў. Штогод нашы выпускнікі становяцца студэнтамі педагагічных ВНУ – гэта пацверджанне таго самага аўтарытэту педагога і яго прафесіі.
Дзень за дзём
Пра працу думаю 24 гадзіны ў суткі. Ёю я жыву. Здаецца, дома толькі і чакаю, калі зноў пайду ў школу. Ведаю, гэта няправільна, шкодзіць сям’і.
Мае сыны рана сталі самастойнымі. Я ўдзячная тым настаўнікам, якія мне дапамаглі вывучыць іх, выхаваць сапраўднымі мужчынамі. Сёння абодва атрымалі вышэйшую адукацыю, абодва прайшлі школу арміі.
Калі яны збіраліся ў першы клас, я сказала: “Як я магу вучыць і выхоўваць чужых дзяцей, калі вы ў мяне не будзеце выхаванымі і не будзеце вучыцца?” Больш такіх размоў у нас не было. Праўда, цяпер, стаўшы дарослым, старэйшы Віталь сказаў, што з настаўніцай ніколі не ажэніцца.
Выбар
З дзяцінства марыла быць настаўніцай беларускай мовы, як настаўнікі маёй роднай Снядзінскай школы Уладзімір Радзіновіч і Марыя Маляўская. Скончыўшы інстытут, атрымала прапанову застацца на кафедры. Але я была малодшым пятым дзіцям у сям’і і адчувала неабходнасць быць побач з бацькамі. З чатырох прапанаваных школ раёна выбрала Брынёўскую. І выцягнула шчаслівы білет, бо маім першым настаўнікам у прафесіі стаў дырэктар школы Рыгор Ганчар – заслужаны настаўнік БССР. Менавіта ён заклаў у нашай школе тыя традыцыі і метады, якія з году ў год вядуць нас да выніку.
Карані
Нядаўна вучні ў мяне спыталі, калі б мела магчымасць выбраць іншую прафесію, то кім бы стала? Зразумела, настаўнікам, я больш нічога не ўмею рабіць. Таксама спыталі ці хацела б змяніць месца жыхарства. Не, тут магілы маіх бацькоў. Я не разумела раней, якой была шчаслівай, пакуль была жывая мая маці.
Праходзім з вучнямі творы Віктара Карамазава “Дзяльба кабанчыка”, Аляксея Дудурава “Вечар”, Змітрака Бядулі “На каляды да сына”, я не ўмею без эмоцый весці гэтыя ўрокі. Плачу і дзеці плачуць са мною.
Свамі каранямі кожны з нас трымаецца за магілы сваіх продкаў, за роднае гняздо. Цяпер многія з часам вяртаюцца на радзіму бацькоў. З узростам прыходзіш да таго, што ў цябе ёсць карані і іх трэба паліваць, каб жыць і пакінуць след.

Запісала Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о