Мікалай ніяк не мог паверыць, што пачалася вайна. Яго, тэхніка-механіка, тыдзень таму прызвалі на службу ў армію да заходняй дзяржаўнай граніцы. Не паспеў нават добра асвоіцца, як на табе – у небе гул самалётаў і разрывы снарадаў. Спачатку чырвонаармейцы думалі, што гэта пачаліся манеўры, па сваім характары набліжаныя да баявых. Калі ж бомбы пасыпаліся на вайсковы лагер і была аб’яўлена баявая трывога, усім нарэшце стала зразумела: пачалася вайна…

Так нарадзілася каханне
Баявое хрышчэнне было кароткім. Немцы білі з трох бакоў, сілы няроўныя: нашы танкі хутка выходзілі са строю, толькі нямногія з іх прарываліся на ўсход.
У машыну, у якой знаходзіўся Мікалай Іваненка, трапіў варожы снарад. Механік-вадзіцель Эрык Жумбаеў быў забіты, другі член экіпажа Адам Папенюк – таксама. Мікалай кантужаны, але з танка ўсё ж вылез. Далёка адпаўзці не змог. Ачуняў ад страшнага болю: па самым наску правай нагі праехаў нямецкі бранявік.
Была ўжо ноч, калі Мікалай нарэшце ўсвядоміў, што з ім здарылася. Хацелася піць, моцна гудзела ў галаве, нясцерпна балела нага. Хлопец паціху перавязаў патрушчаныя пальцы, з цяжкасцю падняўся. Яго даймала толькі адна думка: дабрацца да сваіх, зноў сесці ў танк і пайсці ў бой. Таму і падаўся чырвонаармеец на Усход.
Ішоў шмат сутак, ужо і лік згубіў. Прабіраўся ў асноўным па лесе і хмызняках. Чыкільгаў на самаробных мыліцах. Пальцы правай нагі моцна балелі, ступня апухла. Даймаў і боль пад пахам ад палак, на якія абапіраўся. Здавалася, што даставаў ён да самых касцей. Аднак Мікалай усё роўна ішоў, мінаючы населеныя пункты і адзінокія хутары, харчаваўся толькі ягадамі, грыбамі і ядомымі раслінамі. Амаль ва ўсіх вёсках – захопнікі. Некалькі разоў па начах падпаўзаў да крайніх хат, прыслухоўваўся да галасоў. Часцей за ўсё чулася нямецкая мова.
Неяк пад раніцу, калі яго пакідалі апошнія сілы, пастукаў у акно апошняй хаты, якая адзінока тулілася да лесу. Дзверы доўга не адчынялі. Мікалай ад болю і напружання страціў прытомнасць. Калі адкрыў вочы, убачыў нахіленую над ім дзяўчыну. “Куды ты ідзеш?”, – спытала яна. “Да сваіх”, – ціха адказаў юнак і зноў заплюшчыў вочы. Апрытомнеў ужо ў сенцах на тапчане. Побач стаяла дзяўчына з карцом вады ў руцэ.
“Дрэнныя твае справы: нашы адсюль вельмі далёка, а немцы амаль у кожнай вёсцы, да таго ж ты зусім хворы”, – шэптам сказала яна. “Нічога, я крыху паляжу, адпачну і пайду далей”, – прамовіў Мікалай.
Аброслы, худы і брудны, у парванай гімнасцёрцы, хлопец быў падобны на старога дзеда. Ранішняе сонца заглянула ў акно, яго промні трапілі на твар юнака. Той адкрыў вочы і агледзеўся. Каля тапчана стаяў зэдлік, на якім шклянка малака, накрытая лустай хлеба. Прыўзняўшыся, ён пачаў есці. Маладая жанчына, што выйшла з хаты, стаяла і ўважліва назірала за незнаёмцам. Калі ў двары пачуліся крокі, глянула туды, хутка падышла да тапчана, затуліла акно фіранкай.
На шчасце, гэта прыйшлоў яе бацька, які начаваў у суседняй вёсцы. Неўзабаве ўсе зайшлі ў хату. Мікалая абмылі, пераапранулі і забінтавалі раны. Упершыню за шмат дзён ён заснуў моцным сном.
Назаўтра даведаўся, што трапіў у хату лесніка Мірона Паўлавіча, які пасля смерці жонкі нейкі час жыў адзін. На пачатку вайны яго дачка Лена скончыла Рагачоўскі настаўніцкі інстытут. Прыехала на сваю малую радзіму. Так і жыла цяпер з бацькам.
Дзяўчына рабіла ўсё, каб Мікалай хутчэй устаў на ногі. Аднак папраўка ішла вельмі туга: дрыжыкі змяняліся працяглай гарачкай. Ніяк не зажывалі раны пад пахамі, балелі патрушчаныя пальцы. Да хлопца запрасілі мясцовую лекарку-бабку Марфу. Яна доўга разглядала раны, рыхтавала нейкія адвары з траў, пашаптала і зрабіла перавязкі. Праз некалькі дзён Мікалай акрыяў, нават спрабаваў патупаць на мыліцах.
У гэтай лясной вёсачцы немцы з’яўляліся вельмі рэдка. Юнак зразумеў, што да яго прыйшло каханне. Прысутнасць Лены, яе лагодны і мілагучны голас лячылі. Мікалаю надта ўжо падабалася дзяўчына, але ён стараўся не падаваць выгляду. Такое пачуццё, як потым высветлілася, насіла ў сваёй душы і Лена.
Да вяскоўцаў пачалі даходзіць чуткі пра партызанаў, аднак пакуль нікому не даводзілася іх бачыць. Магчыма, гэта было і своеасаблівай тайнай.
Мірон Паўлавіч раніцай выгнаў сівухі ды разліваў у бутэлькі. На вуліцы раптам паказаліся два немцы. Каб не трапіць ім на вочы, мужчына хуценька схаваўся за хлявом у хмызняку. Лена ж, тым часам, апрацавала раны Мікалаю. Сон пакрысе змарыў, і ён ненадоўга заснуў. Калі прачнуўся, ледзь не самлеў: побач з Ленай стаялі фашысты.
“Няўжо гэта нейкі сон?” – падумаў Мікалай. Ён нават заплюшчыў вочы, але калі адкрыў іх, то ўбачыў: чужынцы пільна глядзелі на яго. Юнак памятаў, што пад коўдрай ляжаў наган. Рэзка тузануўся, каб устаць, і застагнаў ад болю. Лена падскочыла, стукнула яго нагой у бок, нешта нават па-нямецку крыкнула. Потым пачала тлумачыць немцам, якія нечакана дружна зарагаталі. Тады дзяўчына павярнулася і пайшла ў хату, за ёй падаліся і фашысты. Пазней Мікалаю стала вядома, што гітлераўцы, якіх сустрэла Лена ў сваім двары, захацелі агледзець хату, хлеў і ўсе пабудовы. Дзяўчына няблага ведала нямецкую мову, таму не разгубілася і сказала пра Мікалая, што гэта нібыта п’яны сваяк хаваецца ад сваёй жонкі. Потым гасцінна запрасіла немцаў да стала, падрыхтавала для іх закуску і падала кварту самагону. Наўрад ці разумеў тады юнак, як з-за яго Лена рызыкавала. Дзякуючы добрым людзям, Мікалай адчуваў сябе лепш, быў гатовы ў любую хвіліну зноў пайсці на Усход.
Надвор’е пасля бабінага лета рэзка перамянілася, пайшлі халодныя і занудлівыя дажджы. Паўлавіч падрыхтаваў Мікалаю цёплую вопратку, але са сваёй хаты не адпускаў. “Фронт надта далёка, а на двары, сам бачыш, што цяпер робіцца. Няхай непагадзь міне, тады і пойдзеш”, – угаворваў ён хлопца.
Неяк сярод ночы (гэта было глыбокай восенню) нехта асцярожна пастукаў у акно. Мікалай спаў, немцы ў вёсцы не паказваліся, асабліва такой парой. Даходзілі чуткі, што ў лясах з’явіліся невялікія партызанскія атрады.
Пачуўшы шорах за акном, Мікалай прачнуўся. З хаты быў выхад да хлява, а там, за сенавалам, непадалёку ўжо хмызнякі і лес. Ім можна было пакарыстацца для ўцёкаў пры нечаканай аблаве. Чырвонаармеец падрыхтаваўся да найгоршага ў такой сітуацыі.
Паўлавіч хутка падняўся з ложка, запаліў газнічку і пайшоў адкрываць дзверы. Юнак спалохана глянуў на гаспадара і ціха спытаў: “Куды Вы, Паўлавіч?”. “Не бойся…”, – шапнуў той у адказ. Аднак Мікалай не ўцярпеў, ускочыў з ложка, схапіў наган, нож і падаўся да выхаду. Каля дзвярэй Паўлавіч смела спытаў: “Хто там?”. Пачуўшы адказ, стары пацягнуў улева засаўку. Дзве цёмныя мужчынскія постаці пераступілі парог. Гаспадар запрасіў іх у хату, госці моўчкі распрануліся і селі на лаве. Зразумеўшы, што небяспекі няма, Мікалай падышоў бліжэй да стала.
“Ну што, салдат, хадзіць можаш?”, – спытаў у яго старэйшы па ўзросце незнаёмец. “Магу!”, – рашуча адказаў юнак. Падсілкаваўшыся, мужчыны пакінулі хату. Праз некалькі тыдняў, калі ўжо выпаў першы снег, Мікалай Іваненка трапіў у партызанскі атрад, які базіраваўся на востраве Зыслаў.
Страшная трагедыя разыгралася на пачатку зімы 1942 года ў вёсцы, у якой Лена жыла з бацькам. Фашысты бязлітасна расстралялі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх быў і Мірон Паўлавіч. Яго дачка цудам уцалела. Дома яна больш не заставалася і падалася ў партызанскі атрад, у якім ваяваў Мікалай. Стала санітаркай.
Улетку 1943 года пры разгроме варожага гарнізона ў вёсцы Балашэвічы Глускага раёна Лена была цяжка паранена ў нагу. З поля бою яе выцягнуў менавіта Мікалай Іваненка. Мужна змагаўся падрыўнік і разведчык з ворагам. Неўзабаве ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі.
Вайна для маладых скончылася 25 ліпеня 1944 года ў Камянецкім раёне. Мікалай узначаліў інжынерную службу мясцовай МТС, а яго Лена стала працаваць у школе настаўніцай нямецкай мовы. Так пачалося новае жыццё для маладых – былых народных мсціўцаў, якое яны пражылі ў каханні і згодзе.
З Паўлам Іваненкам, іх сынам, мне пашчасціла працаваць разам у васьмігадовай школе на Петрыкаўшчыне. Ад яго я пачуў гісторыю пра закаханасць бацькоў, якіх ён вельмі любіў і заўсёды цаніў.

Уладзімір ПУГАЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о