15 студзеня 1963 года быў створаны Петрыкаўскі раённы аддзел міліцыі
15 студзеня 1963 года быў створаны Петрыкаўскі раённы аддзел міліцыі

Пяцьдзясят чатыры гады налічвае гісторыя цяперашняга аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Тады ён быў сфарміраваны з асабовага саставу Петрыкаўскага і Капаткевіцкага аддзелаў міліцыі, увабраўшы лепшыя традыцыі і вопыт. Сорак чатыры супрацоўнікі штодзень неслі тут службу па ахове закону і парадку.

Першым начальнікам аддзела быў прызначаны Уладзімір Атаманчук. Ён займаў гэтую пасаду роўна дзесяць гадоў.

На цяперашняй тэрыторыі раёна ў пачатку мінулага стагоддзя існавала некалькі тэрытарыяльных адзінак – воласцей і раёнаў. І час узнікнення першых падраздзяленняў міліцыі трэба аднесці да пачатку 20-х гадоў. З архіўных дакументаў вядома, што міліцыю ў мястэчку Петрыкаве ў 1926 годзе ўзначальваў І. Сафронаў. У 1941 годзе пасаду начальніка Петрыкаўскага аддзела міліцыі займаў Багданаў, а Капаткевіцкага – Філімонаў.

У 1994 годзе пасля шэрагу рэформаў аддзел міліцыі атрымаў цяперашнюю назву – аддзел унутраных спраў райвыканкама. У розныя часы ім кіравалі Георгій Балашчанка, Васіль Лубачкін, Іван Горват, Леанід Яскавец, Іван Міцура. У ліпені 2011 года аддзел узначаліў Мікалай Семяніцкі.

Па выніках работы за 2010 год аддзел унутраных спраў райвыканкама быў прызнаны лепшым у рэспубліцы ў сваёй катэгорыі.

Створаная матэрыяльна-тэхнічная база, вопыт і прафесіяналізм сёння дазваляюць супрацоўнікам аддзела ўнутраных спраў хутка і якасна выконваць пастаўленыя задачы.

Са святам, паважаныя калегі!

Аляксандр БЛІНЕЦ,

намеснік начальніка РАУС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о