1 снежня сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты, адвакаты, пракуроры, выкладчыкі юрыдычных факультэтаў, суддзі, работнікі праваахоўных органаў. Менавіта гэтыя людзі дапамагаюць нам не згубіцца ў заканадаўчай тэрміналогіі, вырашыць канфлікт, выйсці са складанай сітуацыі і знайсці кампраміс.
Напярэдадні прафесійнага свята мы падрыхтавалі інтэрв’ю з начальнікам Аддзела прымусовага выканання Петрыкаўскага раёна Галінай Чарнобылец.

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць юрысты– Галіна Валяр’янаўна, што прывяло Вас да прафесіі юрыста?
– Я родам з вёскі Міхедавічы. Сярэднюю школу скончыла ў Бабунічах з залатым медалём.
Яшчэ ў час вучобы зразумела, што мне падабаецца працаваць з дакументамі, звяртаць увагу на дэталі ў афіцыйных паперах. Магчыма, на выбар прафесіі паўплываў матэматычны склад розуму. Дакладнасць – гэта маё.
У 1993 годзе я скончыла Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “Правазнаўства”.

Працаваць пачала з пасады сакратара суда. У снежні 1998 года мяне прызначылі на пасаду судовага выканаўцы. Сёння стаж працы складае 21 год.
Наогул, са спецыяльнасцю юрыста можна працаваць і следчым, і пракурорам, і адвакатам, і суддзёй, і юрысконсультам на прадпрыемстве. Шырокае поле дзейнасці, менавіта таму я і выбрала гэтую прафесію.

– Ці памянялася сутнасць працы пасля таго, як пачала функцыянаваць адзіная сістэма органаў прымусовага выканання?
– Сапраўды, раней судовыя выканаўцы ўваходзілі ў сістэму агульных судоў і ў сістэму гаспадарчых судоў з ужываннем нормаў грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства і гаспадарча-працэсуальнага заканадаўства адпаведна. Але з 1 студзеня 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь пачала працаваць новая адзіная сістэма органаў прымусовага выканання судовых пастаноў і выканаўчых дакументаў.

Адпаведны указ быў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 29 лістапада 2013 года.
Гэты дакумент усталяваў, што правы і абавязкі агульных і гаспадарчых судоў у частцы выканаўчага вядзення пераходзяць да органаў прымусовага выканання.
Цяпер жа функцыянуе адзіная сістэма органаў прымусовага выканання, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці адзінымі нарматыўнымі актамі, у тым ліку Законам аб выканаўчай вытворчасці, Законам аб судовых выканаўцаў і Інструкцыяй па выканаўчым вядзенні.
Сутнасць працы, у прынцыпе, не змянілася: мы па-ранейшаму займаемся своечасовым і поўным выкананнем судовых пастаноў і іншых выканаўчых дакументаў.

– На Ваш пагляд, у чым заключаецца прафесія юрыста?
– Абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, прадпрыемстваў, грамадства.
Забяспечыць законнасць у дзейнасці юрыдычнай або фізічнай асобы – вось асноўная задача юрыста!

– Вам дапамагаюць юрыдычныя веды ў жыцці?
– Хутчэй у працы дапамагаюць мае асабістыя якасці. Па натуры я чалавек адказны, сабраны, прынцыповы і цярплівы, гэтыя якасці ўплываюць на ўзровень маёй кампетэнцыі і вельмі неабходныя на маёй пасадзе.
Праца з людзьмі прадугледжвае пэўную патрабавальнасць да сябе. Часам нават выступаеш у ролі псіхолага, каб вырашыць канфліктныя сітуацыі.

– Праца юрыста прымушае нервавацца? 
– Мы займаемся не толькі спагнаннем маёмасці, але і немаёмасці. Гэта можа быць і высяленне, і падзел жылля, і канфіскацыя маёмасці – балючыя моманты ў жыцці любога чалавека. Так, тут ужо нават энергетыка іншая, напружаная. Але, паўтаруся, працу сваю люблю.
Пажадаю калегам напярэдадні свята здароўя, дабрабыту і больш звяртаць увагі на пазітыўныя моманты ў жыцці.

Наталля Чарняўская.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о