Смеласць, імкненне да самасцвярджэння, разумны падыход да выканання пастаўленых задач – усе гэтыя рысы ў характары маладой, мілавіднай жанчыны, якая цягне на сваіх кволых плячах важкі ўчастак работы.

СЁННЯ ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ  СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ПЕРАПРАЦОЎЧАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІРаніца для галоўнага агранома УП “Палессе-Аграінвест” Кацярыны Махнаткінай пачынаецца ў “гарачы” сезон у 4 гадзіны. Пакуль усе прыгажуні Петрыкаўшчыны бачаць салодкія сны і прачынаюцца ад водару кавы, як у той рэкламе, Каця ў гэты час даўно на нагах і выконвае сур’ёзныя задачы па забеспячэнні харчовай бяспекі нашага рэгіёна і краіны ў цэлым. Бо ад яе рашэнняў залежыць вага агульнага намалоту вялікай гаспадаркі.
Нездарма сёлета на абласных Дажынках у Рэчыцы Кацярына Махнаткіна была ўдастоена найвышэйшай узнагароды – Дыплома І ступені за валавы збор зерня ў 8 тысяч тон. Выхад зерня на 1 бала-гектар кадастравай ацэнкі сельскагаспадарчых земляў склаў 87 кілаграмаў. І гэта прытым, што бальнасць аграінвестаўскіх зямель самая нізкая ў вобласці – 17,1. Узнагароду ад губернатара Гомельскай вобласці Генадзя Салаўя Кацярына прымала з гонарам.
– Сапраўды прыемна, калі твая праца заўважана і ўшанавана, гэта добры матыватар для далейшага росту, – гаворыць напярэдадні свайго прафесійнага свята малады аграном. – Я планавала быць медыкам, нават паступіла на платнае ў медкаледж, але ведала, што маці не здолее аплочваць маё навучанне, таму выбар прафесіі змяніўся. Брала мэтавае накіраванне ад УП “Палессе-Аграінвест” на паступленне ў Горацкую сельгасакадэмію і пасля заканчэння прыехала разам з мужам сюды на адпрацоўку. Працоўная дзейнасць пачалася ў 2015 го-дзе і адразу мяне паставілі на пасаду галоўнага агранома.
Ведаеце, усё па-першасці было страшна: кіраваць калектывам колькасцю больш за 60 чалавек, знаходзіць з людзьмі паразуменне, паказваць характар і наладжваць дысцыпліну.
Памятаю першы свой выезд на праверку вільготнасці зерня. Механізатары кінулі работу, ды пайшлі купацца, хаця можна было яшчэ працаваць. Паскардзілася дырэктару, а ў адказ пачула, што трэба да адказнасці прыцягваць тых, хто вінаваты. Так і зрабіла. Балазе, дысцыпліна ў нас строгая, бо за любую правіннасць чалавека караюць рублём. Таму добра ведае кожны работнік, што калі на працягу месяца будзе нейкае дысцыплінарнае спагнанне, то па канцы не атрымае харчовы паёк, ці яшчэ якіх даплат пазбавіцца.
І цяпер удзячна за тое, што мне адразу далі зразумець – за мяне ніхто не будзе вырашаць складаныя пытанні.
Так і ў асабістым жыцці атрымалася, што спадзявацца не было на каго. Маці нас з братам выхоўвала сама. Брат Сяргей старэйшы за мяне на 10 гадоў, яму было не да мяне. Хавацца не было за каго. Я нават калі сына Ягорку нарадзіла, то ў дэкрэтным адпачынку толькі паўгода знаходзілася. Выпала магчымасць выкупіць дом, які прадаставіла нам гаспадарка, патрэбны былі грошы, вось і выйшла на працу. Дзякуй маці маёй Вользе Іванаўне, якая дапамагае мне з сынам. Ягорку тры з паловай гадкі. Вось і сёння сын захварэў, а я на бальнічны не магу пайсці з ім, бо справаздачы трэба пісаць.
Ведаеце, мне нават няма калі з дзіцям проста прагуляцца па горадзе. У свае 27 гадоў я адчуваю сябе энергічнай, маладой, але ўсё гэта расходую ў большай ступені на працоўным месцы.
Восень была цудоўная, цёплая, мы рана адсеяліся. Пшаніца заняла 100 гектараў, трыцікале – 300, ячмень – 80 і пад тысячу гектараў пасеялі жыта. Вясной яшчэ зоймем плошчы яравым ячменем, аўсом, ну і пра кукурузу не забудземся. Каралева палёў сёлета парадавала: намалацілі і сплюшчылі 3 тысячы тон зерня.
Дарэчы, добрыя намалоты мы заўсёды атрымліваем ад снядзінскіх участкаў, а таксама вышалаўскіх, галубіцкіх і церабаўскіх (уздоўж “бетонкі”).
Ёсць шмат планаў, ёсць настрой ісці на працу, ногі самі туды нясуць. У сезон я разам з механізатарамі вяртаюся дадому пасля 10 гадзін вечара. Усё здавалася страшным і невырашальным на пачатку працоўнай дзейнасці, а цяпер я загартаваная і моцная.
– Што ж, Кацярына, са святам і з высокай узнагародай цябе! Моцнага здароўя, асабістага шчасця, новых перамог!
Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о