Час змяняецца і звыклыя нам падыходы да работы таксама. Змяняюцца звычкі, густы людзей. Як паспець за патрэбамі грамадства і заставацца ў трэндзе? Пра гэта мы пагаварылі з дырэктарам дзяржаўнай установы культуры “Петрыкаўская сетка публічным бібліятэк” Таццянай Галіцкай і намеснікам дырэктара Святланай Яжковай.

СЁННЯ – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ КУЛЬТУРЫ– Свет не стаіць на месцы, адпаведна змяняюцца і кірункі нашай дзейнасці. Але аснова – духоўныя каштоўнасці – застаецца. Гэта чытанне і любоў да кнігі, эстэтычнае развіццё, патрыятычнае выхаванне і краязнаўчая дзейнасць, – адзначыла Таццяна Пятроўна.

– Часам, можа скласціся ўражанне, што за апошнія гады людзі сталі чытаць менш. Але нашая статыстыка гаворыць пра іншае: колькасць чытачоў істотна не змянілася, а вось колькасць наведванняў – узрасла . Так, у бібліятэчнай базе дадзеных Петрыкаўшчыны налічваецца зараз 17 тысяч чалавек – гэта каля 63% ад насельніцтва раёна.

Колькасць наведванняў бібліятэк рэгіёна перавышае лічбу ў 190 тысяч за год.
Калі раней чалавек прыходзіў у бібліятэку, каб проста ўзяць кнігу, то зараз яму цікава наведаць нашыя мерапрыемствы, завітаць і адрэагаваць на пасты на нашых старонках у сацыяльных сетках. Такім чынам, межы бібліятэкі пашыраюцца, наладжваецца дыялог і мы становімся бліжэй да чытача, – падзялілася Святлана Эльбрусаўна.
Усё пачынаецца з бяседы з чытачом. Нярэдка людзі самі не ведаюць, што хочуць пачытаць, таму менавіта бібліятэкам выпадае падбіраць для наведвальнікаў “лекі для душы”. Большасць, вядома, аддае перавагу дэтэктывам, раманам, але дзейнасць сеткі бібліятэк пабудавана такім чынам, каб усё глыбей знаёміць наведвальнікаў з роднай літаратурай. Увогуле, багата чаго залежыць ад маркетынгу: здараліся сітуацыі, калі кніга доўга стаяла на паліцы без увагі і знаходзіла свайго чытача толькі пасля пэўнага прэзентацыйнага мерапрыемства.

Увогуле, праектаў, што ажыццявілі бібліятэкары за апошні час даволі багата. Найбуйнейшыя з іх – прафарыентацыйнае мерапрыемства “Старт у будучыню”, дзе штомесяц перад рабятамі выступалі прадстаўнікі розных прафесій. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца праекты “Мы пазнаем Беларусь”, “Чытаюць дзеці пра вайну”, літаратурныя гасцёўні з удзелам мясцовых пісьменнікаў, бардаў.
Сярод беларускіх аўтараў большай папулярнасцю карыстаюцца творы класікаў – Купалы, Коласа, Шамякіна, Мележа. Папаўненне фондаў адбываецца штоквартальна ці раз на паўгады, згодна з запытамі чытачоў – прыярытэт аддаецца выданням, якім найбольш запатрабаваныя.

У планах – далейшае паглыбленне ў галіне анлайн-мерапрыемстваў. “Нашыя чытачы застануцца з намі, таму варта ісці да працоўнай моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, якія яшчэ не паспелі добра пазнаёміцца з бібліятэкай з-за дэфіцыту вольнага часу. У нас ужо ёсць яскравыя прыклады, калі мы запрашалі на мерапрыемствы цэлыя сем’і, пасля чаго наведвальнікі адзначалі: “Мы ўжо некалькі гадоў не выбіраліся кудысьці разам… Дзякуй вам, што арганізавалі наш сумесны досуг. Сфатаграфуйце, калі ласка – бу-дзе хоць памятны агульны здымак”, – адзначыла Таццяна Галіцкая.

– Увогуле, перспектывы перад сучаснай бібліятэкай дастаткова станоўчыя: пасля абмежавальных прапаноў, звязаных з пандэміяй, людзі, напэўна, з-за неабходнасці звычайных жывых зносін, пачалі нашмат больш нас наведваць. Зразумела, мы не забываемся і пры тых чытачоў, што жывуць у малых населеных пунктах: штотыдзень наш “бібліёбус” – перасоўны абанімент, накіроўваецца па трох маршрутах, каб задаволіць патрэбы жыхароў з 21-й вёскі. Радуе і вяртанне зацікаўленасці грамадства да сваіх каранёў – з кожным годам усё больш нашых кліентаў цікавяцца літаратурай гістарычнага, краязнаўчага характару, – паведаміла Святлана Яжкова.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о