Да кнігі трэба адносіцца з павагай

Штогод 15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі, а з імі шматлюдная армія чытачоў, адзначаюць Дзень бібліятэк. Гэты дзень з’явіўся ў краіне ў 2001 годзе згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а дата свята абраная ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі, галоўнага кнігасховішча краіны. Сетка бібліятэк нашага раёна – гэта 24 установы культуры і 44 супрацоўнікі. За апошні год скарбніцу пяра наведалі 18 тысяч чалавек 205 тысяч разоў.
Ці не згас інтарэс да бібліятэкі? Які цяпер статус у сімвала духоўнасці – кнігі? Як мяняцца бібліятэкару, каб знайсці новых чытачоў і захаваць старых? Пра гэта мы пагутарылі з намеснікам дырэктара дзяржаўнай установы культуры “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк” Святланай Яжковай.
Сваю прафесійную дзейнасць гераіня звязала з кнігаю аднойчы і назаўсёды, а пра яе крэатыўнасць і творчыя задумы, уменне зацікавіць ідэяй і запрасіць у свет творчасці ведаюць многія чытачы раёна.
– Я любіла чытаць заўсёды. Пагэтаму, напэўна, лёс падараваў мне працу ў бібліятэцы, – пачала гутарку Святлана Эльбрусаўна. – У гэтай прафесіі магчымы ўсе грані жыцця: можна і адасобіцца, і паразважаць, і зладзіць мерапрыемства, і праявіць сябе ў новых формах работы.
Праводзячы эксурсію па прыгожых чытальных залах, работнік культуры выказала думку пра тое, што інтарэс да кнігі з боку насельніцтва быў і будзе заўсёды. Напрыклад, чытачы атрымалі магчымасць чытаць электронныя кнігі, але многія вярнуліся да кніжных стэлажоў: сваё бярэ звычка гартаць старонкі, адчуваць пах паперы. Бібліятэку наведваюць людзі рознага ўзросту і прытым пастаянна. Раннія наведвальнікі кніжных паліц – жыхары сталага ўзросту. У раёне поўдня ідуць школьнікі за праграмнаю літаратурай, шмат чытачоў зала сустракае вечарам, калі людзі ідуць з работы. Радуе і тое, што прывіць чытанне дзецям імкнуцца маладыя сем’і. Пры тым суразмоўца адзначыла, што для адзінокіх сталых людзей па тэлефонным званку дастаўляецца патрэбная літаратура індывідуальна.

Сёння – Дзень бібліятэк Беларусі
– Работа сучаснай бібліятэкі – вялікая штодзённая праца. У апошні час наша дзейнасць не ўяўляецца без сучасных электонных сродкаў. Напэўна, каардынацыя бібліятэчнай работы звязана з прыходам пандэміі, – дзеліцца думкамі жанчына. – Падчас першай хвалі хваробы працавала толькі абанементная зала. Чытачоў стала менш. Спынілася работа чытальных залаў, адмяняліся мерапрыемствы. Паўстала пытанне “як захаваць цікавасць да кнігі ў насельніцтва?”, “што нам рабіць для таго, каб чытач вярнуўся да нас пасля?”. Адказ напрошваўся адзін. Асвойваць і ўводзіць новыя формы работы, якія будуць прыцягваць увагу да бібліятэкі.
Святлана Эльбрусаўна ўспамінае, што пачала работу па сама-адукацыі. Засвоіла магчымасці відэапраграм, пачала выкладвацць ролікі культурнай накіраванасці ў сусветную павуціну. Праз пэўны час гераіня магла ўжо прапанаваць калегам урокі па камп’ютарнай грамаце. З яе падачы такую работу пачалі рабіць калегі з іншых населеных пунктаў. Праца пайшла. А відэаработы, прапанаваныя работнікамі бібліятэчнай сеткі, сёння набіраюць усё больш праглядаў і ўдзячных водгукаў ад землякоў.
– Супрацоўнікі бібліятэк не спыніліся на пачатым. Удзельнічаем у рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх фестывалях, пачалі спрабаваць віртуальныя выставы, прэзентацыі. Да нашай работы цікавасць не згасла. Тыя, хто сцвярджаюць, што бібліятэка знікне – не маюць рацыі. Наадварот, у апошні час назіраецца пераемнасць пакаленняў: расце і ўвага да кнігі і чытання з боку моладзі, падлеткаў і дзяцей.
– Кніга, як ні банальна, – гэта атмасфера. Паглядзіце, якая яна сёння: малюнкі, афармленне – прыемна ўзяць у рукі, чапляецца вока. Нават калі да нас ідуць па фізіку, дадаткова ўсё роўна бяруць класіку. Тым больш, што класіка перавыдаецца, да таго ж вельмі якасна.
Са слоў Святланы Эльбрусаўны, кніжны фонд раёна заслугоў-вае ўвагі і можа парадаваць заўзятараў любога жанру. Сектар камплектавання дбайна вывучае запыты чытачоў. У апошні час вельмі ўзрасла цікавасць да твораў беларускіх аўтараў, гісторыі краіны.
Пры размове з прадстаўніком культуры кідалася ў вочы яе прыродная інтэлігентнасць, пераплеценая з сучасным стаўленнем да работы, яе знешняя і ўнутраная прыгажоць гарманіравала з разгорнутым томам вершаў Ганны Ахматавай на яе рабочым стале. Праз усю размову прасочваліся ноткі гонару “за маю сінявокую краіну”, “родны палескі горад” і “любімую працу”. Захацелася паболей даведацца пра суразмоўцу, якая настолькі шчырая ў сваіх пачуццях. Аказалася, Святлана – суразмоўцай з цікавым лёсам.
– Калі была дзяўчынкай, бацькі пераехалі з Петрыкава на Поў-нач. На Поўначы атрымала свой першы пашпарт, набыла прафесію псіхолага ў Мурманскім дзяржаўным інстытуце, выйшла замуж, нарадзіла дачку, – распавядала суразмоўца. – З мужам шмат працавалі, збіралі сродкі, каб купіць жыллё ў ціхім, камфортным месцы з добразычлівымі людзьмі і цудоўнай прыродай. Мой выбар паў на Петрыкаўшчыну, бо з дзяцінства памятала адчуванне спакою і надзейнаці жыцця ў Палескім краі. Угаварыла сям’ю. Мае родныя мне даверыліся. З таго часу не пашкадаваў ніхто з іх.
Муж Сяргей працягнуў працаваць, як і на Поўначы, у будаў-нічай сферы. Дачка Аляксандра скончыла гімназію з медалём, сёння вучыцца ў Гомельскім медыцынскім універсітэце на бю-джэтнай форме. Сама Святлана звязала жыццё з бібліятэчнай работай.
Петрыкаўшчына прыняла іх, як родных дзяцей, і яны з удзячнасцю плацяць ёй любоўю і адданасцю.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о