Добрыя спадарожнікі – поспех і настрой

Сяргей Каваленка – вадзіцель у другім пакаленні. Яго бацька Міхаіл Валер’евіч усё працоўнае жыццё аддаў вадзіцельскай справе ў Петрыкаўскім аграсэрвісе. У свае 34 гады Сяргей Міхайлавіч – аўтарытэтны работнік у калектыве, перадавік вытворчасці.

Бацька шмат чаму добраму навучыў сына, бо так і павінна быць: усё майстэрства, веды перадаюцца таму, хто бу-дзе працягваць род – сыну. У сям’і Каваленкаў выхаваліся яшчэ і дзве дачкі. Адна пражывае ў Мазыры, другая – у Калінкавічах.
Цяпер Сяргей Міхайлавіч узгадвае, як бацька браў яго з сабой на паляванне на качак. Менавіта таму Сяргей першапачаткова жадаў быць егерам. Нават скончыў пасля школы Барысаўскі прафесійна-экалагічны ліцэй, дзе набыў жаданую спецыяльнасць, і тры месяцы да арміі паспеў папрацаваць у Смятаніцкім лясніцтве.
Служба ў радах Узброеных Сіл загартавала яшчэ лепш: Сяргей Міхайлавіч трапіў у паветрана-дэсантныя войскі, 38-ую Брэсцкую асобную гвардзейскую Венскую Чырвонасцяжную дэсантна-штурмавую брыгаду.
Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную Муляраўку і пайшоў у аграсэрвіс вадзіцелем. Працаваў на велікагрузным аўтамабілі “КамАЗ-5511”. У 2010 годзе звольніўся. Дзевяць месяцаў яшчэ адпрацаваў на былым заводзе “Авангард”, а з верасня 2011 года і да сёння заняты ў вытворчым участку “Петрыкаў” філіяла № 13 ААТ “Гомельаблаўтатранс”.

СЁННЯ ДЗЕНЬ АЎТАМАБІЛІСТА І ДАРОЖНІКА

Не пабаюся гэтага слова, калі скажу, што Сяргей Каваленка – супервадзіцель. Па-першае, Сяргей Міхайлавіч мае ўсе катэгорыі вадзіцеля. Па-другое, ён кіраваў ужо, напэўна, усімі аўтамабілямі і аўтобусамі, якія ёсць у аўтапарку.
– Сапраўды так, бо пачынаў я працаваць на грузаперавозках, – адзначае мой суразмоўца. – З 2011 па 2015 гады кіраваў грузавікамі, потым год яшчэ працаваў на фуры. Толькі з 2016 года я пайшоў на пасажырскія перавозкі, бо на іх заработак стабільны, не сезонны. Пастаяннага маршруту няма. Могуць накіраваць у Гомель, Мінск. Сёння вось тут, па месцы, ездзіў у Кашэвічы.
У мінулым годзе ў лістападзе далі новы аўтобус “Нёман”.
Скажу, што праца вадзіцеля нялёгкая – з 6, а тое і раней, і да 20 гадзін. Каб крыху было зразумела, то за месяц я адпрацоўваю па 280-290 гадзін.
На працу дабіраюся сваім аўтамабілем з Муляраўкі. У мяне “Шкода Актавія”.
У Муляраўцы мы набылі сядзібу, прывялі яе ў належны стан. Жонка Інга працуе ў мясцовай краме. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за малодшым сынам. Мікіту два гадкі, Дашы – пяць. Старэйшы сын Лёня ўжо ў шостым класе. Вось і сёння ехаў да Вас на інтэрв’ю і дзяцей прыхапіў з сабою, бо наша мама пайшла на манікюр. Зразумела, кожная жанчына жадае быць прыгожай і дагле-джанай. Мы гэта з дзецьмі пад-трымліваем.
Вось выдалася хвіліна, можна правесці час з дзецьмі, бо з ранку і да цёмнага я на працы.
– Сяргей Міхайлавіч, як прадстаўнікі аўтатранспартнай галіны звычайна адзначаюць сваё прафесійнае свята? Ці ёсць у вас нейкія традыцыі?
– Крыху з гумарам адкажу Вам: свята для нас, як для каня вяселле! Расслабіцца нельга, выпіць тую ж чарку з нагоды, бо заўтра могуць адправіць нечакана ў рэйс. Калектыў у нас невялікі, трынаццаць вадзіцеляў. Адносіны добрыя, сяброўскія. Таму шчыра віншую сваіх калег з надыходзячым святам. Моцнага здароўя, цярпення, дабрабыту і, як кажуць – ні цвіка, ні жазла ў дарозе!
– Што ж, і Вас са святам! Усяго самага найлепшага Вам і Вашай сям’і! Няхай добрымі спадарожнікамі ў Вашай справе будуць поспех і цудоўны настрой!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о