З наступленнем цёплых дзён палеткі сталі падсыхаць і на некаторых пачынаецца сяўба яравых.

Як адзначыла на мінулым тыдні дырэктар ААТ “Камаровічы” Ларыса Талецкая, у гаспадарцы пакуль немагчыма паўнавартасна займацца сяўбой. Таму як толькі палі дазволяць уваход тэхнікі, адразу пойдуць пасяўныя агрэгаты. Сёлета сяўбой тут будуць займацца два “АПП-6М”, на якіх будуць працаваць вопытныя механізатары Мікалай Бажок (на здымку) і Эдуард Якавец.

сейбіт

Трэба сказаць, што да арганізацыі пасяўной кампаніі ў гаспадарцы падышлі загадзя. Своечасова падрыхтаваная тэхніка і сельскагаспадарчыя агрэгаты. Да пачатку работ з механізатарамі быў праведзены сход, на якім былі агучаны ўмовы аплаты, даведзены нормы выпрацоўкі і абмеркаваны іншыя працоўныя моманты.

Днямі была запушчана ў работу сталовая, дзе для механізатараў пачалі гатаваць гарачыя стравы.

– Сёлетняя пасяўная кампанія ў нас будзе праходзіць напружана. Надвор’е ўнесла свае карэктывы, з-за чаго тэрміны сяўбы яравых значна звузіліся. Зараз (на 5 красавіка – аўт.) у нас пакуль не пасеяна ні гектара, у той час калі летась на сённяшнюю дату яравых было пасеяна больш 30% ад задання. Таму пры спрыяльным надвор’і механізатары будуць працаваць у 2 змены, бо сёлета запланавана засеяць яравымі зерневымі 800 гектараў. Больш таго, гэтыя плошчы будуць павялічаны па прычыне гібелі ад празмернай вільгаці некаторых участкаў азімых. Зразумела, клопату ў плане вытрымання агратэхнічнага тэрміну яшчэ дабавіць і сяўба кукурузы, якой запланавана пасеяць 1200 гектараў. Для гэтага мы набылі насенне айчынных гатункаў і загадзя падрыхтавалі сельгастэхніку, – адзначыла Ларыса Талецкая.

Аднак, нягледзячы на такія абставіны, палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца. Тут працуе звяно па ўнясенні арганічных угнаенняў, якое складаецца з трох адзінак тэхнікі. Механізатары штодзень уносяць каля 350 тон арганікі. Поўнасцю падкормлены калійнымі ўгнаеннямі травы. Зараз жа ажыццяўляецца падкормка КАСамі азімых культур.

Як паведамілі ў райсельгасхарчы, гаспадаркі прыступілі да сяўбы яравых зерневых. Па стане на 9 красавіка сельгаспрадпрыемствамі раёна пасеяна 500 гектараў, або 2% ад плана. Падрыхтавана глебы пад сяўбу 1,4 тысячы гектараў, што складае 5% ад задання. На палі вывезена 408 тысяч тон арганікі, што вышэй задання,  больш 131 тысячы тон угнаенняў ужо ўнесена пад сяўбу і пасадкі.

Дзмітрый БЯЛЬКО.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о