У рамках адзінага дня інфармавання адбылася сустрэча старшыні раённага Савета дэпутатаў Сяргея Макарэвіча з дэпутацкім корпусам Грабаўскага сельскага Савета.

Сяргей Макарэвіч:  “За намечаным развіццём стаіць наша праца”Сяргей Макарэвіч быў дэлегатам на VI Усебеларускім народным сходзе, таму асноўнай мэтай сустрэчы было давядзенне да дэпутатаў тэзісаў і палажэнняў, прынятых на ўсенародным форуме. У рамках фармату сустрэчы старшыня райсавета азнаёміў прадстаўнікоў грамадскасці з прыярытэтнымі задачамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на наступную пяцігодку, спыніўся на некаторых тэзісах.

– Выкананне ключавых задач дазволіць у наступнай пяцігодцы павялічыць рост ВВП не менш, чым у 1,2 раза, павысіць працягласць жыцця беларусаў да 76,5 года, адбудзецца рост інвестыцый у асноўны капітал, нарошчванне аб’ёмаў экспарту, павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва ў 1,2 раза, – пазначыў Сяргей Макарэвіч. – Вызначаны прыярытэты наступнага перыяду: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, высокая мабільнасць, развіццё навукі, адукацыйная сістэма новага тыпу, фарміраванне сацыяльнай стабільнасці і дабрабыту народа, павышэнне якасці жыцця і многае іншае.

Больш падрабязна старшыня райсавета спыніўся на сутнасці асноўных накірункаў дзяржаўнай палітыкі. Сярод названых – сферы дэмаграфіі і медыцынскага абслугоўвання, палітыка занятасці і прыцягненне працаздольнага насельніцтва ў эканоміку, устойлівы рост даходаў насельніцтва, стварэнне шматузроўневай пенсійнай сістэмы, адраснасць сацыяльнай дапамогі, развіццё сістэмы адукацыі і спорту, захаванне аб’ектаў культурнай спадчыны, умацаванні прамысловага патэнцыялу, у тым ліку з выкарыстаннем мясцовых рэсурсаў і іншае.
– З усімі сферамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага грамадства стаяць канкрэтныя праграмы. І наша агульная задача – іх рэалізацыя, – сказаў у завяршэнне выступлення Сяргей Макарэвіч. – Мы з вамі тут для таго, каб усё намечанае на Усебеларускім народным сходзе было выканана. За ўсім гэтым будзе стаяць наша праца.

Старшыня Грабаўскага сельскага Савета Вольга Голас, падзякаваўшы старшыні райсавета за даступна выкладзеную інфармацыю, сказала пра значнасць для сельскага насельніцтва прынятых на форуме рашэнняў. Адзначыла, што правільны акцэнт быў зроблены на забеспячэнні рабочымі месцамі, развіцці малога бізнэсу, пашырэнні сферы перапрацоўкі мясцовых рэсурсаў.
Напрыканцы сустрэчы адбыўся жывы дыялог Сяргея Макарэвіча з дэпутатамі мясцовага Савета, дзе былі ўзняты пытанні перспектывы індывідуальнага прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці, забеспячэння якаснай пітной вадой, прафарыентацыі выпускнікоў школ на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, арганізацыі гандлёвага абслугоўвання малых населеных пунктаў.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о