У 2020 годзе ў нашым раёне 65 сем’ям быў назначаны сямейны капітал. 87 сем’яў выкарысталі такія сродкі дзяржаўнай падтрымкі датэрмінова.

Сямейны капітал дае магчымасціСям’я Ігнашэвічаў з Макарычаў сёлета сустрэла Новы год у сваім доме. Дасюль яны не мелі свайго жылля, жыццёвая сітуацыя так складвалася.
Самі з Жыткавіцкага раёна. Неяк наведаліся да сваякоў у Петрыкаў і вырашылі тут застацца, бо Дзмітрый Мікалаевіч, галава сям’і, змог хутка знайсці працу, дома гэта было праблематычна. Спачатку жылі ў здымным доме, складанасці з працаўладкаваннем адсоўвалі на потым перспектыву будаўніцтва свайго жылля, а трэці сынок ім даваў магчымасць атрымаць ільготны крэдыт.
Тры хлопчыкі ў сям’і – Улад, Глеб і Кірыл – радасць, але хацелася і дзяўчынку. Чатыры гады таму замест чаканай дачкі нарадзіўся Ваня. А праз два гады пасля гэтага сям’я атрымала магчымасць будаваць свой дом, бо вырашылі, што застануцца жыць і працаваць у нашым раёне.
Сямейны капітал дае магчымасці– Нам прапанавалі будаваць кватэру ў горадзе ці дом, – узгадала гаспадыня новай сядзібы Ганна Мікалаеўна. – Здаецца, мы выбралі самы лепшы варыянт – Макарычы. І горад побач, і жывём у вёсцы з ракой, школай, садком. Муж працуе ў горадзе на аўтапрадпрыемстве, я ў мясцовай школе – поварам.
Ільготнага крэдыта на будаўніцтва жылля, які, дарэчы, поўнасцю пагашаецца дзяржавай, бо ў сям’і чацвёра дзяцей, хапіла на ўзвядзенне будынка і правядзенне камунікацый. Далей рухацца сям’і было цяжка, дапамогі не было адкуль чакаць. З падпісаннем у 2019 годзе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 345 “Пра сямейны капітал”, які даваў магчымасць датэрміновага выкарыстання назначаных сродкаў, адкрыліся новыя магчымасці. Пасля працэдуры падачы дакументаў сродкі ў поўным аб’ёме былі выдзелены на будаўніцтва жылля. А гэта – усе ўнутраныя работы.
– Новы год мы сустрэлі ў сваім доме, – з цеплынёй і ўсё яшчэ з хваляваннем гаворыць жанчына. – Дасюль не можам паверыць, што гэта ўсё наша. Дзецям раздолле ў доме. Участак наш максімальнай плошчы – 25 сотак. Цяпер мы зможам многае самі. Разаб’ём агарод і сад, гэта дасць магчымасць не толькі харчавацца з іх, але, напэўна, і прадаць лішкі. Пабудуем гараж для таты, ён у нас майстар у механіцы, зможа прыносіць дадаткова даход у сям’ю. У бліжэйшых планах: купіць новую мэблю. Як шматдзетная сям’я мы маем магчымасць атрымліваць пэўную падтрымку дзяржавы. Спачатку я неяк саромелася звяртацца за адраснай дапамогай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, але адміністрацыя нашай школы мяне пераканала, што калі дзяржава дае дапамогу, нельга ёй не скарыстацца  – гэта ж для дзяцей.
Адказнасць за чацвёра дзяцей у сям’і – цяжэнны груз. Але Ігнашэвічы з ім спраўляюцца, будуюць планы, разлічваюць перспектывы, укладваюць сілы ў выхаванне сыноў. І тыя абяцаюць не падвесці. Старэйшы чатырнаццацігадовы Улад вучыцца выдатна, ужо сёння разумее, што разлічваць трэба спачатку на свае веды і сілы, а толькі потым – на дзяржаву і бацькоў.
Указ № 345 даў магчымасць
шматдзетным сем’ям увасобіць у жыццё і іншыя патрэбы. Цяпер стала магчымым выкарыстаць сямейны капітал, у тым ліку датэрмінова, не толькі на будаўніцтва жылля, але і на пагашэнне запазычанасцяў па крэдытах на яго, а таксама на медыцынскія мэты ці набыццё адукацыі.
Сям’я Сокал з Петрыкава, стаўшы ў 2019 годзе шматдзетнай, цікавілася ўсімі навінамі, што тычацца такога статусу. Пачуўшы навіну пра прыняцце Указа, тэрмінова звярнуліся ў “Адно акно” райвыканкама для высвятлення магчымасці выкарыстання часткі сямейнага капіталу на пратэзаванне зубоў для матулі. Аказалася, што ўсё гэта магчыма. Станоўчага рашэння райвыканкама не давялося чакаць доўга і цяпер Таццяна Аляксандраўна з задавальненнем расказвае пра тую палёгку, што атрымала, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Жанчына адзначыла, што ўжо ёсць планы і на астатнюю частку сродкаў – сабраны дакументы на будаўніцтва кватэры ў горадзе, куды і будзе выдаткавана астатняя частка сямейнага капіталу.
На атрыманне адукацыі для старэйшай дачкі вырашыла накіраваць частку сямейнага капітала сям’я Бычкоўскіх з Петрыкава. Дзяўчына вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Дома яшчэ двое непаўналетніх, таму фінансавая падтрымка была як раз да месца. Сям’і трэба было толькі скласці заявы ў райвыканкам і банк, перадаць шэраг дакументаў. І сродкі сталі пералічвацца банкам на рахунак універсітэта. Цяпер, калі матэрыяльная сітуацыя ў сям’і крыху змянілася ў лепшы бок, яны мяркуюць спыніць пералічэнне сямейнага капіталу на навучанне. Хутка ён спатрэбіцца для набыцця жылля для дзяцей.
Сямейны капітал і магчымасць яго датэрміновага выкарыстання адкрылі перад шматдзетнымі сем’ямі пэўныя перспектывы. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганна Кароль нагадала, што летась памер сямейнага капіталу складаў 22,5 тысячы рублёў. Штогод, да 2024 года ўключна, пакуль будзе рэалізоўвацца дзяржаўная праграма “Сямейны капітал”, сума гэта будзе змяняцца ў залежнасці ад індэкса спажывецкіх цэн, зразумела, у бок павелічэння. Памер сямейнага капіталу, які атрымаюць сем’і сёлета, будзе вядомы не пазней 31 студзеня.
Сем’ям, дзе нарадзілася трэцяе ці наступныя дзеці, і якія яшчэ не атрымлівалі такую дзяржаўную дапамогу, трэба звяртацца ў “Адно акно” з заявай пра назначэнне сямейнага капіталу. Тым, хто не мае патрэбы выкарыстоўваць сродкі датэрмінова, трэба ведаць, што на банкаўскія ўклады па сямейным капітале налічваюцца працэнты і сумы растуць.
Пасля наступлення 18-гадовага ўзросту дзіцяці, па нараджэнні якога быў налічаны сямейны капітал, акрамя паляпшэння жыллёвых умоў, атрымання першай вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пэўных медыцынскіх паслуг, можна будзе выкарыстаць сродкі таксама на аказанне сацыяльных паслуг ці фарміраванне накапляльнай пенсіі для маці.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о