Изображение 002

Імя аператара машыннага даення малочнатаварнай фермы “Лосевічы” ААТ “Курыцічы” Ліліі Амельчанка, як і механізатара з КСУП “Капаткевічы” Руслана Качэлі, таксама добра вядома нашым чытачам. Кожны месяц у рамках акцыі “Майстры жывёлагадоўлі”, што праводзіцца райкамам прафсаюза работнікаў АПК, Лілія Аляксандраўна займае лідарскія пазіцыі.

З раніцы да позняга вечара, штодзень, нярэдка без выхадных дзён, шчыруе на ферме Лілія Амельчанка разам са сваім мужам Сяргеем, які тут працуе даглядчыкам. Нават, як прызналася сама жанчына, не заўсёды хапае часу на хатнюю гаспадарку, аднак жа хоць і не без цяжкасцей, атрымліваецца спраўляцца з работай усюды.

– Яны ў нас сапраўдныя малайцы – добрасумленныя, старанныя, адказныя і акуратныя працаўнікі. У іх заўсёды парадак, якому толькі можна пазайздросціць, – так ахарактарызавала  сваіх работнікаў загадчыца МТФ “Лосевічы” Людміла Баўсун.

Сама ж Лілія Аляксандраўна аператарам машыннага даення працуе 23 гады – адразу са школы. Прафесія ёй гэтая знаёмая, бо ў дзяцінстве бегала дапамагаць бацькам, якія таксама працавалі ў сельскай гаспадарцы.

За ўвесь гэты час набралася вопыту ў даенні, кармленні і доглядзе жывёлы. Гэта і дапамагае Ліліі Амельчанка дасягаць добрых надояў. Вось і зараз па выніках работы за мінулы год надой на адну карову ў яе групе склаў 6204 кілаграмы малака. Гэта паспрыяла таму, што Лілія Амельчанка сёлета не толькі прымае ўдзел у раённым злёце перадавікоў, але і прызнана лепшай па прафесіі з занясеннем на раённую Дошку Гонару.

Віншуем Лілію Аляксандраўну з такім ганаровым званнем, жадаем моцнага здароўя, плёну ў нялёгкай працы, толькі добрых навін у жыцці і выдатных паказчыкаў.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о