Да сям’і Пятра і Святланы Такун завітала ў пахмурны кастрычніцкі дзянёк. Святлана Мікалаеўна, уладкаваўшыся каля цёплай грубкі, перабірала журавіны. Пётр Трафімавіч у спальным пакоі слухаў музыку на радыёхвалі. Вось яно шчасце, калі разам больш за паўсотні гадоў. Сваё залатое вяселле Такуны адзначылі тры гады таму. А пачыналася ўсё звычайна.

– Нарадзілася я ў вёсцы Клясаў, ад якой на сёння нічога не засталося, – пачала свой аповед Святлана Мікалаеўна. – У 1964 годзе скончыла школу і паехала ў Мазыр паступаць у педагагічны. Сачыненне пісала на адным дыханні, але не праверыла памылкі і здала яго, як ёсць. А калі прыйшла здаваць гісторыю, то даведалася, што за сачыненне мне паставілі тры балы. Зразумела, што шанец апынуцца на філалагічным факультэце я свой страціла, бо было шэсць чалавек на месца. Паехала дадому.
Улічваючы тое, што школу я скончыла з медалём, мне прапанавалі ісці ў Бабуніцкую школу выкладаць матэматыку. Быў такі час тады: настаўнікаў не хапала. Я згадзілася.

У адзін са школьных восеньскіх вечароў на танцах я заўважыла высокага прыгожага хлопца ў паліто. Ён запрасіў мяне на танец. Сказаў, каб і заўтра прыходзіла, бо на гармоніку грае ягоны дзядзька і калі ён яго папросіць, то і заўтра будуць танцы. Так мы сустракаліся з Пятром два гады. Ён працаваў грузчыкам у Светлагорску, затым у Мазыры на ДАКу аператарам канвеера. А я ж думала, што замуж іду за інжынера (смяецца, – аўт.).

Вяселле мы можам святкаваць двойчы, бо распісаліся 28 чэрвеня 1966 года, а сапраўдная ўрачыстасць адбылася 13 жніўня. Так у мае дваццаць гадоў пачалося асабістае сямейнае жыццё. Пятро старэйшы за мяне на сем гадоў.
Адзін за другім нарадзіліся Валера і Сярожа, з розніцай у год і два месяцы. Толю нарадзіла праз дзесяць гадоў пасля Сяргея. Жыць было цяжка. Пётр Трафімавіч мой працаваў на тэлевізійнай вежы ў Смятанічах, будаваў яе. Пешшу хадзіў з Бабунічаў у Смятанічы на працу штодзень. Трымалі вялікую гаспадарку: па дзве каровы, бычкі, свінні, птушка, па 40 сотак зямлі апрацоў-валі. Мы і цяпер трымаем, праўда не ў такіх маштабах. Два гады мінула, як пазбавіліся ад каровы.

Будавалі самі гэту хату. Валерка ў першы клас пайшоў, калі мы перабраліся сюды. Цяпер наш Валера працуе дырэктарам у Капцэвіцкай школе, мае двух дарослых дзяцей. Наша старэйшая ўнучка Юлька – разумная дзяўчына: набыла эканамічную спецыяльнасць у Брэсцкім універсітэце. Неяк сабралася з сяброўкай у Грузію, ды там і засталася працаваць. Ёй падабаецца, а мы сумуем, зразумела. Унук Дзяніс у сталіцы. Скончыў чыгуначны каледж, але ў пошуку нечага новага для сябе. Працоўны лёс не плануе звязваць з чыгункай. Нешта надумаў сабе набываць спецыяльнасць повара. Але ж пакуль малады, то ўсе дарогі адкрытыя.

У нашага сярэдняга сына Сяргея, на жаль, сям’і няма, пражывае з намі, працуе ветфельчарам у мясцовым сельгаспрадпрыемстве. Сяргею дасталося ў дзяцінстве: вельмі захварэў у пяцімесячным узросце, рабілі пераліванне крыві, кроў бралі маю. Але пайшла рэакцыя, узнялася тэмпература. Праляжалі мы ў бальніцы 40 дзён, так нас адтуль і выпісалі з тэмпературай.

Малодшы наш Анатоль у сталіцы, ён кандыдат эканамічных навук, заняты ў Акадэміі навук. Мае сям’ю, чацвёра сыноў.
Так мы і жылі заўсёды сямейнымі клопатамі: будаваліся, выхоўвалі дзяцей. Грошы зараблялі, але заўсёды яны разыходзіліся на справу: на сталярку, на фарбу, потым Валера і Сяргей паступілі вучыцца, амаль у адзін час, трэба было дапамагаць ім.

Вы ведаеце, што такое пераліцаваная вопратка? Гэта я ў такой хадзіла. Адно паліто сем гадоў запар насіла, а калі тканіна сцерлася на ім, то перашывала на другі бок, тканінай навыварат, і было як новае. Вось так і жылі.
Муж набываў вышэйшую адукацыю завочна ў Маскоўскім юрыдычным інстытуце. Працаваў на шматлікіх пасадах: сакратаром сельсавета, старшынёй прафкама, сакратаром парткама і старшынёй парткамісіі ў Петрыкаве. Калі партыя раскідалася, то пайшоў старшынёй Бабуніцкага сельсавета, адтуль і на пенсію.

Я ў школе настаўнічала, мову і літаратуру выкладала. Завочна ўсё ж набыла педагагічную адукацыю. Стаж вялікі, ды і на пенсіі яшчэ давялося сем гадоў працаваць. Вяла драматычны гурток. Ставілі мы спектаклі па “моцных” класічных творах: “Паўлінка”, “Мікітаў лапаць”, “Трыбунал”. Да позняга рэпетавалі, столькі ахвочых дзяцей было ў мяне ў гуртку. Цудоўна і цікава жылі. Сама пісала ў паэтычнай форме п’есу, рэпетавалі яе ўсю зіму, а ў маі паставілі на суд гледачам. Быў поспех!

Я і цяпер пішу вершы. Магчыма яны не такія прафесійныя атрымліваюцца, але ўсе свае думкі, перажыванні выкладваю на паперу. Вось, сумуючы па ўнучцы, напісала:

Ты жывеш, мая Юлька,
сярод мора і гор.
Можа ў снах табе сніцца
беларускі прастор?
Не забудзь, мая Юлька,
пра свае карані,
Божа, дай табе шчасця,
ад нягод барані!
Няхай светлай дарога
Твая будзе ўвесь час.
Помні, мы цябе любім,
Не забудзь, Юлька, нас!

Як любая жанчына, Святлана Мікалаеўна была гаваркая са мной, за што ёй вельмі ўдзячна. Але і Пятру Трафімавічу далі слова, каб выказаўся наконт сумеснага жыцця.
– Тое, што жонка мая добрая гаспадыня, дык уся вёска ведае, адказаў мужчына. – На ўсялякія святы, вяселлі звалі яе гатаваць на стол смачныя стравы. Пра тое, што цудоўная яна маці, дык гэта несумненна: сыноў выхавала годнымі людзьмі. Я ж дома амаль не сутыкаўся, такая работа была ў мяне. А яна ж і жывёлу накорміць, карову падоіць, толькі адрапартуе мне вечарам, што ўсё зроблена. А ці добра мы пражылі? Вядома ж! Нам і вяскоўцы зайздросцілі.
– Паважаныя Святлана Мікалаеўна і Пётр Трафімавіч, жывіце і надалей на зайздрасць усім. Моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця, задавальнення ад жыцця!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота аўтара

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о