Культура – адна з галоўных каштоўнасцей любой краіны. У гэтай галіне няма людзей абыякавых і бесталанных. Кожны нясе чалавецтву радасць творчасці. Сёння мы завіталі да асобай карэгорыі прадстаўнікоў культуры. Іх уменню можна навучыцца, але тут патрэбны прыродны талент, адчуванне стылю, формы, колеру. Знаёмцеся, калектыў ДУК “Петрыкаўскі раённы Дом рамёстваў”.

Ступіўшы на тэрыторыю ўстановы трапляеш у свет творчасці з адценнем народных тэндэнцый. Кожная дэталь мае сэнс і значэнне. Альтанка ў выглядзе гасціннага пакою, дзе можна пачаставацца гарбатай і адпачыць, побач сушыцца салома. Кожнае дрэўца, кожны камень – вынік творчага натхнення чалавека. Архітэктурныя формы на тэрыторыі даюць падставу гадаць, што ж мы ўбачым унутры пабудовы? Заходзім у будынак і адчуваем, што прадчуванне дзівоснага нас не падвяло. Разумееш адразу – працуе тут досыць творчы калектыў таленавітых майстроў. У пакоях размешчаны вырабы з драўніны, ільну, саломы, тканіны, у якія ўкладзена неймавернае майстэрства і крышачку ўласнага погляду. Кампазіцыі вясковага быту чаргуюцца з выставамі майстар-класаў.
Навокал ўсё так заварожвае, што з цяжкасцю верыцца, што ўсё гэта зроблена рукамі чалавека.

Сям’я аднадумцаў
На здымку: Дзмітрый Струк, Аляксей Батан, Валянціна Фалеева, Ганна Туравец, Аляксандр Кудравец, Надзея Жукавец

Петрыкаўскі Дом рамёстваў заснавыны ў 1998 годзе і за час працы зарэкамендаваў сябе ў культурным жыцці раёна, вобласці, краіны. Дзейнасць вядзецца па шасці накірунках пад кіраўніцтвам таленавітых майстоў народна-мастацкага промыслу. Валянціна Леанідаўна Фалеева – саломапляценне, Аляксей Фёдаравіч Батан – разьба па дрэве, Дзмітрый Аляксеевіч Струк – роспіс па дрэве і жывапіс, Надзея Валянцінаўна Жукавец – аплікацыя саломкай, Ганна Валянцінаўна Туравец – выцінанка. Гэтых творчых людзей аб’яднаў адной справай, мэтай і творчым азартам не менш адораны чалавек, дырэктар раённага Дома рамёстваў Аляксандр Фёдаравіч Кудравец, які ўзначальвае ўстанову з 2000 года.
Калектыў Цэнтра годна прадстаўляе наш раён на абласным, рэспубліканскім узроўні. Не адзін год майстры адзначаны ўзнагародамі і лістамі падзякі за ўдзел у рэспубліканскіх фестывалях фальклорнага майстэрства. “Сожскі карагод”, “Славянскі базар”, “Берагіня”, абласным фестывалі гумару “Аўцюкі”, рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Вясновы букет”.
– План работы нашага Цэнтра размеркаваны на ўвесь каляндарны год, – расказвае дырэктар установы. – Гэта не толькі падрыхтоўка і ўдзел у маштабных святах краіны. Не першы год упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі звяртаецца да нас у час правядзення абласных дажынак. Канечне, рэгіянальнае свята “Кліч Палесся” таксама ў полі нашага зроку. Для папулярызацыі нашай дзейнасці па магчымасці арганізуем выставы, праводзім майстар-класы.
Звяртаю ўвагу на тое, што ў кожнага члена калектыва, каля яго працоўнага месца падрыхтаваны матэрыял для працы. Каб тварэнне было якасным і мела прыгожы выгляд, матэрыял павінен быць апрацаваны згодна з тэхналогіяй. Салому патрэбна вымачыць у вадзе, прасушыць, адпрасаваць, драўніну якасна падрыхтаваць, фарбы падабраць згодна з якасцю матэрыялу, на які будзе яна наносіцца. Работа працаёмкая, карпатлівая, патрабуе навыкаў. Майстры расказваюць, што ўсе падручныя матэрыялы з’яўляюцца шляхам саманарыхтоўкі, бо кожны хвалюецца за свой накірунак працы і толькі ён ведае сакрэты свайго поспеху.
Традыцыйная культура з’яўляецца абліччам Палескага краю. І каб не страціць гэтае аблічча, супрацоўнікі Цэнтра працуюць і з падрастаючым пакаленнем – набіраюць групы дзяцей, якія праяўляюць здольнасці і цікавасць у дадзеным накірунку. Многія навучэнцы пасля заканчэння I ступені навучання вызначаюцца з будучай прафесіяй і выбіраюць калежды народна-мастацкіх промыслаў.
– Стварыць умовы для адра-джэння народных промыслаў – было даручэннем кіраўніка краіны, – гаворыць Аляксандр Фёдаравіч. – У апошні час з’явілася новая тэндэцыя акультурваць тэрыторыі сядзіб, участкаў элементамі этнаграфічнага стылю. Наш Цэнтр актыўна ідзе насустрач гаспадарам у рэалізацыі іх планаў і задум. Можам выслухаць пажаданні і прапанаваць свой праект. Прыдумваем ідэю, робім эскіз, а потым – увасабляем у жыццё. У нашага калектыва ўсё атрымліваецца, бо мы – сям’я аднадумцаў.
Петрыкаўская зямля ўзгадавала нямала таленавітых людзей, творчыя здабыткі якіх натхняюць і радуюць землякоў. Мае суразмоўцы адны з іх. Яны захоўваюць багатыя славянскія традыцыі і перадаюць нам як дар, праз сваё майстэрства.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о