У мінулую суботу прадстаўнікі педагагічнай суполкі Петрыкаўшчыны сустрэліся ў раённым Доме культуры на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня настаўніка.
І хаця з мінулай маштабнай і святочнай сустрэчы — жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі — прайшло не так і многа часу, прадстаўнікам гэтай самай масавай у нашым раёне прафесіі было пра што сказаць. Да таго ж да святкавання далучыліся педагогі сістэмы культуры — настаўнікі Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў.
Са сцэны настаўнікаў і ветэранаў працы вітала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сенька. Разам з віншаваннямі яна перадала ўдзельнікам свята словы ўдзячнасці за іх мудрасць і адкрытыя сэрцы. Затым уручыла ганаровыя граматы райвыканкама.

Свята колеру восеніГанна Урбанчык і Святлана Сенька

Свята колеру восеніДа віншаванняў далучыліся выканаўца абавязкаў начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец і старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі Тамара Басюк. Іх віншаванні тым, хто выбраў нялёгкі шлях педагога, і цёплыя пажаданні перайшлі ў хвалюючыя моманты ўручэння ўзнагарод — грамат і лістоў падзякі міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і галіновага прафсаюза.
Адпавядаючы традыцыі, штогод на свяце настаўнікаў уручаецца адна з самых важных і ганаровых узнагарод у сферы адукацыі — “За адданасць прафесіі”. Сёлета яе атрымала выхавацель Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Ніна Буракевіч.

Свята колеру восеніТамара Басюк, Ніна Буракевіч і Людміла Жукавец

Хвалюючым момантам свята стала ўшанаванне ветэранаў педагагічнай працы. Раптоўна зала напоўнілася мноствам белых бантаў і сукенак — падарункі і букеты былым настаўнікам унеслі сюды і ўручылі школьнікі і гімназісты.

Свята колеру восені

Алена Трухановіч

Педагог — гэта не толькі настаўнік, які ідзе да дзяцей з ведамі, а і творца. У гэты дзень разам з дзіцячымі калектывамі “Аквамарын”, “Экшэн”, “Дзінь-Дон” на сцэну выйшлі з вакальнымі нумарамі Наталля Несцярчук з гімназіі і Алена Тухановіч з Капцэвіцкага сада, з уласным вершам — Надзея Якімава з Капаткевіцкай школы, а таксама вакальны калектыў “Надзея” дзіцячай школы мастацтваў.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о